«Чорныя лебедзі» могуць вылецець зноў. Беларускія ЗВР застылі на месцы ў чаканні няпэўнай будучыні


Нацбанк Беларусі. Фота з архіву «Белсат»

Золатавалютныя рэзервы Беларусі пасля рэзкага росту ў жніўні, трошкі знізіліся ў верасні. Але зусім неістотна. Што думаюць пра гэта эканамісты?

Што адбылося?

Міжнародныя рэзервовыя актывы на 1 кастрычніка, паводле звестак Нацбанку, склалі $ 8 459,9 млрд. За верасень яны знізіліся на $ 36,8 млн (на 0,4 %) пасля росту ў жніўні на $ 1 054,3 млн (на 14,2 %).

Зніжэнне ўзроўню актываў у верасня ў Нацбанку патлумачылі планавым пагашэннем урадам абавязкаў у валюце на суму каля $ 240 млн, а таксама памяншэннем кошту манетарнага золата. Пры гэтым падтрыманню ўзроўню ЗВР спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, а таксама купля Нацыянальным банкам валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года павінен скласці не менш як $ 6 млрд.

Hавiны
Латушка звінаваціў Нацбанк у хлусні і назваў неафіцыйныя лічбы інфляцыі і ЗВР
2021.06.19 16:44

Нацбанк стаіўся?

Такім чынам, паводле Нацбанку, за верасень сітуацыя з ЗВР у Беларусі амаль не змянілася. Але, адзначаюць аўтары праекту «Нашы грошы», адсутнасць змен «таксама можа быць красамоўнай».

Яны адзначылі, што за верасень атрыманыя ад МВФ адмысловыя правы пазыкі (SDR) амаль не змяніліся, бо «на заводзе ў выглядзе SDR заробак не выдасі, нават даўгі не заўсёды аддасі».

Аб’ектыў
Мільярд ад МВФ: ці скарыстаецца ім Лукашэнка?
2021.08.23 23:35

«Ён [амаль $ 1 млрд ад МВФ. – рэд. Belsat.eu] нікуды не быў прададзены, даўгі ім не загасілі, зарплату ім не раздалі. Аказалася, што рэальна прыгожая лічба пакуль – проста лічба. Яна ляжыць на рахунку, але не відаць, каб яе спяшаліся неяк выкарыстаць», – гаворыцца ў паведамленні праекту.

Змены адносна манетарнага золата «хутчэй падобныя на ваганні сусветных коштаў на золата». Валюты таксама засталося практычна столькі ж, нягледзячы на выплаты ў $ 240 млн.

«Значыць, былі і валютныя паступлення ў ЗВР. І паступілі гэтыя грошы, хутчэй за ўсё, у выглядзе валюты, якую здае насельніцтва. Атрымліваецца выйгрышная сітуацыя – курс долара трымаецца стабільна нізкім, насельніцтва, у якога падаюць даходы, вымушана несці ў абменнікі свае зберажэнні, гэтая валюта трапляе ў рэзервы дзяржавы і пасля ідзе на аплату даўгоў. Адначасова з гэтым такая сітуацыя дазваляе Нацбанку набываць валюту па нізкай цане. Элегантна, дуплетам, забітыя адразу два зайцы», – гавораць аўтары праекту.

Hавiны
Спальваць ЗВР доўга не атрымаецца. Куды пойдзе расейскі крэдыт?
2020.09.16 22:33

На іх думку, пацярпелымі тут з’яўляюцца беларусы, якія вымушаныя распрадаваць свае заначкі. Нацбанк жа, які «скупляе танную валюту, не можа падабрацца да SDR і прытрымлівае золата», «стаіўся, і вельмі асцярожна чакае развіцця падзей».

Падушка фінансавай бяспекі

Як адзначыў у каментары «Белсату» эканаміст Яраслаў Раманчук, стан вонкавага гандлю вельмі моцна спрыяе сёлета беларускай эканоміцы і стварае «падушку фінансавай бяспекі для беларускіх уладаў».

«Калі такое адбываецца, калі Нацыянальны банк не друкуе як шалёны грошы – гэта і ёсць тая макраэканамічная тэхнакратычная стабільнасць, якая сёння назіраецца», – падкрэсліў эканаміст.

Таму, на думку Яраслава Раманчука, «Нацыянальны банк мяркуе, што нейкія валютныя грашовыя інтэрвенцыі рабіць няма патрэбы. І ён мае стабільны добры запас для таго, каб гэтыя грошы выкарыстаць, калі прыйдуць іншыя часы».

Hавiны
Гадавая інфляцыя перавысіла 10 %
2021.10.11 17:23

Гэтыя часы, лічыць эканаміст, могуць прыйсці напачатку 2022 года, калі ў выніку заходніх санкцыяў могуць быць парушаныя дзейныя камерцыйныя сувязі. Другім жа чыннікам можа стаць падзенне попыту ў сусветнай эканоміцы на сыравіну, металы і сельскагаспадарчую прадукцыю. Сёння ж ва ўмовах «шалёнага попыту на нафту», Беларусь як краіна, якая экспартуе нафтапрадукты, атрымлівае істотную валютную выручку.

Але і тады Яраслаў Раманчук не выключае, што расейцы могуць «дапамагчы беларускім партнёрам па бізнесе».

«Шмат чаго можна прадаваць»

Што датычыць амаль $ 1,5 млрд SDR – то гэта, на думку эканаміста, вельмі ліквідны інструмент, які ў выпадку неабходнасці можна будзе прадаць расейскаму, кітайскаму ці якому іншаму цэнтрабанку.

Але да гэтага «яшчэ шмат чаго можна прадаваць».

«На 2021 год ніякіх буйных негатыўных трэндаў не будзе, калі чорныя лебедзі не вылецяць зноў і не накрыюць беларускі экспарт», – заключыў Яраслаў Раманчук.

Пакуль жа падушка бяспекі да запланаваных на канец 2021 года $ 6 млрд ЗВР складае амаль $ 2,5 млрд, падкрэсліў аналітык.

Hавiны
Санкцыі Еўразвязу крыху адкладаюцца? Журналіст «Свабоды»: «Пяты пакет можа быць гатовы ў лістападзе»
2021.10.15 12:31

МГ belsat.eu

Стужка навінаў