Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 16 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Забітыя ў перапоўненых цяжкавіках

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту пачатку вайны ва Украіне страты асабовага складу расейцаў дасягнулі 54 050 чалавек. Адзначаецца, што пасля высокадакладных удараў ЗСУ па месцах дыслакацыі праціўніка ў Херсоне, Васільеўцы, Перавальску і іншых населеных пунктах, праціўнік панёс вялізныя страты ў жывой сіле, пасля чаго быў вымушаны хаваць забітых, вывозячы іхныя целы ў перапоўненых грузавіках.

Цягам апошніх содняў войскі РФ намагаліся стрымаць наступы ЗСУ на асобных участках фронту, а таксама ўтрымлівалі раней занятыя пазіцыі ды спрабавалі ўзяць пад поўны кантроль тэрыторыю Данецкай вобласці. Сіламі абароны Украіны былі адбітыя атакі расейцаў на населеныя пункты Адрадаўка, Зайцава, Бахмут, Вясёлая Даліна, Аўдзееўка і Новаміхайлаўка.

Між тым ад удараў расейскай авіяцыі і ракетных войскаў пацярпелі больш за 30 населеных пунктаў, а варожая артылерыя атакавала пазіцыі ЗСУ па ўсёй лініі сутыкнення ад Сумскай да Мікалаеўскай вобласцяў.

Наступы на Харкаўшчыне і Данеччыне

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны працягваюць наступаць на асобных участках фронту ў Харкаўскай і Данецкай вобласці. Пры гэтым былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін сцвярджае, што ЗСУ перайшлі ў контрнаступ на бахмуцкім кірунку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны.
Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Таксама паступаюць паведамленні пра наступ ўкраінскіх войскаў у Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях. Прарасейскі Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што найбольш інтэнсіўныя баі ідуць у ваколіцах населеных пунктаў Андрэеўка і Вольгіна.

Таксама адзначаецца, што ЗСУ намагаюцца незаўважана выйсці да Берыславу, каб у выніку атачыць расейскія войскі кала Давыдава Броду.

Украінская партызанка ў дзеянні

Разам з тым ЗСУ і ўкраінскія партызаны працягнулі знішчаць калабарантаў на акупаваных тэрыторыях.

Так, 16 верасня ў выніку ракетнага ўдару па Херсоне быў пашкоджаны будынак суду, дзе размяшчаліся прарасейскія чыноўнікі з так званага мясцовага ўраду.

Пратэсты ў Херсоне супраць расейскай акупацыі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: zmina.info

У гэты ж дзень у акупаваным Луганску ў выніку выбуху ў будынку Генпракуратуры «ЛНР» быў забіты так званы генпракурор самаабвешчанай рэспублікі Сяргей Гарэнка, а таксама ягоная намесніца Кацярына Сцягленка.

Таксама ў пятніцу забілі прарасейскага намесніка кіраўніка Бярдзянску Алега Бойку Разам з жонкай Людмілай, якая ў акупаваным горадзе ўзначальвала камісію па правядзенні «рэферэндуму».

Тым часам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн распарадзіўся вылучыць Украіне новы пакет ваеннай дапамогі на суму $ 600 млн. Ён уключае боепрыпасы для ракетных сістэм «Himars», 1000 «дакладных» 155-мм артылерыйскіх снарадаў, 36 тысячаў 105-мм снарадаў, а таксама абсталяванне для размініравання.

Аналітыка
Ці працягваецца ўкраінскае контрнаступленне і чаго чакаць далей?
2022.09.14 20:21

ВК belsat.eu

Стужка навінаў