У студзені – жніўні ВУП Беларусі ўпаў на 4,9 %. На якіх кірунках відаць падзенне?


Валавы ўнутраны прадукт Беларусі знізіўся на 4,9 % адносна адпаведнага леташняга перыяду і склаў 122,04 млрд рублёў у цяперашніх цэнах, паведамляе Белстат. Аднак цяпер ВУП запаволіў тэмпы падзення – месяцам раней яно было на ўзроўні 5,2 % у гадавым выразе, праз паляпшэнне сітуацыі ў вясковай гаспадарцы на фоне збірання ўраджаю. 

Фота: АЗ / Белсат

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадаркі ў жніўні склала 6,1 млрд рублёў і вырасла на 34,3 % у параўнанні з аналагічным леташнім месяцам.

Паводле вынікаў васьмі месяцаў вытворчасць ва ўсіх катэгорыях гаспадаркі павялічылася на 1,8 %, у аграрных арганізацыях – на 3,2 %. На пачатак верасня намалацілі 7,7 млн тон збожжа, што на 22,2 % больш, чым летась. Аднак за восем месяцаў вытворчасць жывёлы і птушкі ўпала на 3,8 %, а вытворчасць малака павялічылася на 0,5 %.

Вось яшчэ некаторыя паказнікі за сёлетнія восем месяцаў:

  • прадукцыйнасць працы па ВУП скарацілася на 3,7 %;
  • прамысловая вытворчасць скарацілася на 6,6 %; падзенне вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці склала 7,5 %, у энергетыцы – 2,1 %, а ў водазабеспячэнні, збіранні, апрацоўванні і выдаленні адходаў – 1,6 %;
  • складскія запасы ў прамысловасці склалі 7,2 млрд рублёў, ці 65,5 % ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці;
  • прырост на 2,2 % фіксаваўся ў горназдабыўной прамысловасці;
  • інвестыцыі ў асноўны капітал упалі на 18,5 %, да 16,68 млрд рублёў;
  • грузаабарот за восем месяцаў зменшыўся на 24,7 %;
  • пасажырскія перавозкі ўпалі на 3,2 %, да 985,7 млн пасажыраў;
  • будаўніцтва жытла скарацілася на 8 %, да 2,32 млн кв. м, у тым ліку з дзяржаўным падтрыманнем вырасла на 3 %, да 786,3 тыс кв. м;
  • гуртавы тавараабарот за восем месяцаў скараціўся на 16,3 %, да 89,24 млрд рублёў. Абарот раздробнага гандлю скараціўся на 2 %, амаль да 44 млрд рублёў. У арганізацыях гандлю абарот скараціўся на 1,2 %, да 41 млрд рублёў;
  • аднадзённы таваразварот у разліку на душу насельніцтва з пачатку года склаў 19,5 рублёў. За аналагічны леташні перыяд ён складаў 17,1 рублёў;
  • у грамадскім харчаванні адзначаецца рост на 1,1 %, да 2,6 млрд рублёў.

Раней у Міністэрстве эканомікі прагназавалі, што зніжэнне ВУП паводле вынікаў студзеня – жніўня складзе 4,7 %. Аднак у мінулым годзе, да пачатку вайны ва Украіне, беларускія ўлады казалі пра ўзрост беларускага ВУП на 2,9 % адносна 2021-га.

Аналітыка
«Як мёртваму паможа». У Мінэканомікі распавялі, як ратуюць эканоміку. У эканаміста іншая выснова
2022.08.08 08:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў