Правілы дыктуюць «палітычныя». Распавядаем пра СІЗА № 1, дзе з 1825 года трымаюць палітвязняў


СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску ў сённяшняй Беларусі – адно з найбольш славутых месцаў зняволення. З пачатку палітычнага крызісу ў краіне пасля выбараў 2020 года праз Валадарку прайшлі тысячы палітычных вязняў. Што з сябе ўяўляе сталічнае СІЗА на Валадарскага, якія там умовы ўтрымання і парадкі? Пра гэта «Белсату» распавялі былы начальнік гэтай установы Алег Алкаеў (мы размаўлялі за тыдзень да яго смерці) і палітвязні, якіх змясцілі сюды сілавікі.

Турма на вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: Белсат

Пішчалаўскі, або Менскі турэмны замак – вядомы гістарычны будынак у цэнтры сталіцы. Цяпер гэтая ўстанова – следчы ізалятар № 1, або Валадарка. Каменны астрог на месцы старога будынку стварылі ў 1825 годзе. І менавіта тут адбывалі пакаранне такія палітычныя вязні, як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, паэты-адраджэнцы Карусь Каганец, Алесь Гарун і Якуб Колас. У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў склепе супрацоўнікі НКВД расстралялі 36 беларускіх дзеячаў культуры, навукі і мастацтва. З 1953-га СІЗА № 1 – адзіная ўстанова ў БССР, дзе прыводзілі ў выкананне смяротныя прысуды.

Даведка
Зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх трымаюць палітычных вязняў. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць ссярэдзіны, як выглядае побыт за кратамі. Але дзякуючы былым вязням можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Цяпер у СІЗА на Валадарскага трымаюць і тых, хто чакае суда, і асуджаных да смяротнага пакарання.

Былы начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў распавядае «Белсату», што пачаў службу ў гэтай установе 25 жніўня 1991 года:

«У першы ж дзень я абышоў увесь СІЗА. Мне паказалі ўсе пасты, якіх там было 21, усе камеры. Тады ўтрымлівалася 4,5 тысячы асобаў пры ліміце напаўнення 2018 месцаў. Асуджаных да смяротнага пакарання было ў той момант 30–40 асобаў. І гэтая лічба захоўвалася прыкладна да 1997 года. У 1996-м я прыйшоў туды начальнікам, і ўжо было каля 50 асобаў, асуджаных да расстрэлу. А колькасць арыштаваных у СІЗА стала меншаю. Праўда, варта адзначыць, што ўжо працаваў СІЗА ў Жодзіне. Колькасць арыштаваных асабліва не залежала ад палітыкі. Бо насамрэч больш за 90 % затрыманых – рэальныя злачынцы, крымінальнікі».

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Спецкалідор на Валадарскага

«Асуджаныя да смяротнага пакарання раней, ды і цяпер, утрымліваюцца асобна. Было 17 камераў у напалову склепавым памяшканні. Існуе асобны спецкалідор, куды ніхто не меў права ўваходзіць. Там нават у прапаршчыка-кантралёра не было ключоў. Ён мог адчыніць толькі так званыя кармушкі – невялічкія акенцы, праз якія раздавалі ежу. Там сапраўды строгая ізаляцыя. Нават калі б мне трэба было туды трапіць, мог гэта зрабіць толькі з дзяжурным.

Увогуле калідор зачынены на тры замкі. Адзін з іх – электрычны, другі – вялізны жалезны замок, яшчэ адзін – унутраны. Уцячы адтуль проста нерэальна. Электразамок можна адамкнуць толькі з пульта, па рацыі падаецца сігнал, каб адамкнуць камеру, і толькі пасля гэтага існуе магчымасць адчыніць дзверы. Сапраўды камбінаваная сістэма.

Там утрымліваюцца асобы, якім губляць проста няма чаго. Секунда прамаруджання – і ёю адразу ж скарыстаюцца. Былі такія выпадкі, яшчэ да мяне, калі фіксаваліся спробы напасці на ахоўнікаў з боку асуджаных на смяротнае пакаранне. Кожны дзень ладзіцца так званы тэхнічны агляд. Цягам гадзіны правяраюць зняволеных, выводзяць іх, праглядаюць камеру, прастукваюць сцены. Нават калі за ноч нехта зрабіў падкоп, то не паспееш адтуль уцячы», – зазначае былы начальнік СІЗА № 1 .

Даведка
Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА № 1 у Менску.
Фота: Белсат

Гісторыі ўцёкаў з СІЗА

«Спробы ўцёкаў, вядома, былі. І нават паспяховыя. У 1992 годзе вязень, я нават прозвішча памятаю, Коўзун, учыніў уцёк. Прычым зрабіў усё акрабатычна, прадумаў усё да дробязяў. Нікому нічога не распавёў. Ні з кім не падзяліўся, а ў камеры ж заўсёды ёсць асобы, якія могуць распавесці аператыўнікам.

Дык вось, ён маўчаў. Абрэзаў у шахматах донца, з яго вытачыў корак. А ў турме – замкі, якія маюць шырокі ўваход, ключ туды ўстаўляюць, і ён там чапляецца ўнутры. І вось зняволены зрабіў нават два коркі, адзін з хлеба. І калі са шпацыру іх вялі, ён спецыяльна ішоў апошні. І калі прапаршчык хацеў зачыніць дзверы, той адштурхнуў яго, запіхнуў у замок корак, а дзверы зачыніў. У выніку прапаршчык з іншымі вязнямі застаўся з аднаго боку, а ён – з другога, звонку.

Прапаршчык спрабаваў адчыніць дзверы ключом, але там была заглушка вязня. Яе прыбраць ужо нельга. Потым ён заглушыў такім жа чынам яшчэ адныя дзверы. А ў двары аператыўнікі ў той час трымалі такія даўжэзныя тычкі драўляныя, якімі яны абрывалі ніткі, што вязні пракладалі з адной камеры ў іншую, каб ліставацца. І гэтымі тычкамі на 4 метры кантралёры знішчалі ніткі. А вязень з дапамогаю гэтай тычкі, як спартовец, заскочыў на дах корпусу. Новы корпус меў два паверхі, а стары – чатыры. А ў адным месцы быў і адзін паверх.

І вось вязень пабег па даху і выскачыў на дах адміністрацыйнага будынку. Там плошча з вежы прастрэльвалася. Але ў той час, калі з адной вежы страляць, можна было трапіць у гатэль «Менск», а з іншай вежы можна было трапіць у Драмтэатр або ў будынак МУС. Таму ўсе баяліся страляць. А вязень за секунду перакрочыў гэты дах, саскочыў з вышыні каля 4,5 метра і апынуўся на вуліцы. Гэта быў паспяховы ўцёк. Лавілі яго два месяцы прыкладна, але ў выніку злавілі», – згадвае Алкаеў.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

«Пры мне таксама была спроба ўцёкаў, але там ужо прапаршчык ужываў зброю. Аднаго з вязняў паранілі, куля прайшла навылет, а два іншыя здаліся. Гэта было, напэўна, у 1999 годзе, у канцы кастрычніка. Прапаршчык трапіў ва ўцекача з першага стрэлу з адлегласці 150 метраў. У выніку вязня праз чатыры дні выпісалі са шпіталю. Ягоная мянушка была Баксёр. Разам са змоўнікамі яны напалі на прапаршчыка, забралі ў яго ключы, выскачылі на дах.

Пасля таго як я пераехаў у Нямеччыну, таксама два чалавекі спрабавалі ўцячы з СІЗА. Яны залезлі на агароджу. Вартавы пабачыў іх і ўжыў зброю. Прычым страляў з адлегласці каля 15 метраў. У выніку адзін загінуў, а другі здолеў саскочыць на вуліцу. Але таксама няўдала, бо менавіта ў гэты момант у тым месцы праязджала патрульная машына з міліцыянтамі. Яны пабачылі, што чалавек саскочыў з агароджы. Вядома, яго імгненна затрымалі і вярнулі адбываць пакаранне», – згадвае былы начальнік Валадаркі.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Побытавыя ўмовы

Што да побытавых умоваў, то раней гэтае пытанне найменш турбавала вязняў у СІЗА на Валадарскага. Алег Алкаеў кажа, што асуджаныя больш клапаціліся пра тое, каб атрымаць як мага меншы тэрмін:

«Вязні ў большай ступені разумеюць, што яны вінаватыя. Іншая рэч – палітычныя вязні. Для іх, ні ў чым не вінаватых, сам факт арышту даволі хваравіты. А крымінальнікі ж думаюць пра тое, каб як больш мякка з суддзём дамовіцца. Просты прыклад: крымінальнікі ніколі не карысталіся паслугамі праваабаронцаў. Ніколі.

У мяне былі добрыя стасункі з Гары Паганяйлам. Ён ледзь не штодня прыходзіў, мы разам заходзілі ў камеры. Праваабаронца прапаноўваў вязням сваю дапамогу ў юрыдычным плане. Але вязні ніколі не адгукаліся на гэта. Яны лічылі, што атрымаюць дадатковы тэрмін».

Каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
Фота: Белсат

Зброя для выканання смяротных прысудаў

Гэтую зброю Алег Алкаеў захоўваў у асабістым сейфе. Паколькі час выканання прысуду ніхто не павінен быў ведаць, то захоўваць расстрэльны пісталет у агульным пакоі для зброі было нельга. Пра час выканання прысуду будзе ведаць дзяжурны. Таму пісталет увесь час быў у начальніка СІЗА. Гэтага не забараняў закон.

«Быў пісталет Макарава, потым наган таксама быў. Агулам былі тры пісталеты, – кажа Алкаеў. – А выдаваў я зброю першы раз паводле пісьмовага загаду міністра. А вось другі раз – паводле вуснага загаду, хоць прыбыў ад’ютант. Але ўсё роўна я зафіксаваў у журнале выдавання зброі. Магчыма, міністр не думаў пра пісьмовае фіксаванне, спадзяваўся на простае выкананне загаду. Я за зброю адказваў, таму не было розніцы, ці прэзідэнт, ці міністр аддае загад: фіксаваў усё».

Журнал захаваны, ён цяпер у бяспечным месцы. Дзякуючы журналу Алкаеву ўдалося давесці, што ў момант знікнення палітыкаў у яго не было пісталета.

Валадарка цяпер – месца палітычных вязняў

З 2020 года СІЗА на Валадарскага стала месцам, куды сілавікі змяшчаюць палітычных вязняў. Галоўная рэдактарка выдання «Новы час» Аксана Колб сёлета з 20 красавіка і да 15 чэрвеня заставалася на Валадарцы ў чаканні суда. Журналістка кажа, што сітуацыя ў гэтым месцы можна змяніцца імкліва, але ў той час, калі яна была ў СІЗА, 60–70 % вязняў былі палітычныя:

«Камера была запоўненая цалкам, але не перапоўненая. Праўда, адзін чалавек быў увесь час на падлозе на матрацы, бо не ставала месца. Тое ж было і ў мужчынскіх камерах. Людзі спалі на падлозе, бо ўсе камеры былі запоўненыя, і, магчыма, таму вельмі актывізаваліся працы дзеля ўвядзення новага будынку турмы ў Калодзішчах. Там, як кажуць, будзе каля 10 тысяч месцаў. Агулам большая частка палітычных – гэта тэндэнцыя з канца зімы гэтага года. І, гледзячы на тое, колькі цяпер хапаюць людзей, гэтая тэндэнцыя не толькі захавалася, але і колькасць палітычных у камерах будзе павялічвацца.

Даведка
Галоўная рэдактарка газеты «Новы час» Аксана Колб.
Фота: Дзмітрый Дзмітрыеў / Новы час

Акрамя палітычных, цяпер на Валадарцы шмат затрыманых за так званыя эканамічныя злачынствы. Ледзь не цэлымі фірмамі хапаюць людзей і патрабуюць кампенсаваць страты дзяржавы. Яшчэ адна група, і даволі вялікая, – гэта тыя асобы, якіх затрымалі паводле арт. 328 («наркатычныя артыкулы»). Сярод іх і няпоўнагадовыя, моладзь. У камеры Аксаны Колб была 17-гадовая дзяўчына, якую ўзялі пры закладцы. Мінімальны тэрмін для яе – 8 гадоў.

«У камеры, дзе я была, з васьмі асобаў шасцёра былі палітычныя, а дзве асобы затрыманыя паводле наркатычнага артыкулу, – кажа журналістка. – Таму вядома, што ўмовы існавання ў камеры дыктавалі якраз палітычныя. Больш за тое, звычайна бываюць выключэнні, але тыя, хто сядзяць не першы раз, не сядзяць з «першаходамі», як кажуць. Наколькі я ведаю, вядуць рэй у СІЗА на Валадарскага палітычныя, менавіта таму, што іх там большасць. А ў калоніях, вядома, большасць складаюць крымінальнікі».

Распарадак дня ў камерах вызначаюць «старэйшыя»

Іншы палітвязень распавёў «Белсату», што сёлета ў СІЗА на Валадарскага быў некалькі тыдняў. За гэты час вязня пераводзілі з камеры ў камеру, агулам ён быў у 4-х розных. Палітвязень кажа, што сярод затрыманых былі не толькі палітычныя.

У камерах збольшага ёсць нармальныя прыбіральні, можна памыцца таксама. Вядома, калі ў камеры 24 асобы, то ўсё вельмі падрабязна распісана. Калі празяваеш свой час на санітарныя патрэбы, то потым зрабіць гэта практычна немагчыма.

Перадачы прымалі і перадавалі. З гэтым не было ніякіх праблемаў. Таксама ёсць і крама, дзе можна набываць прадукты.

Час за кратамі ідзе даволі марудна, яго вельмі шмат. Але на Валадарскага існуе даволі добрая бібліятэка. Хапае кніг, якія можна атрымаць і чытаць. Бадай у кожнай камеры ёсць шахматы, нарты, тэлевізар. Таму час мінае даволі цікава нават.

«Распарадак дня ў кожнай камеры вызначае «старэйшы». Гэта асоба, якая больш за ўсіх сядзіць і мае досвед не толькі турэмны, але і поспехі жыццёвыя. Часцей за ўсё гэта старэйшага ўзросту асобы з жыццёвым досведам. Калі чалавек сядзіць больш за 6 месяцаў у камеры, а ў мінулым ён прадпрымальнік, ці нейкі кіраўнік, то высокая верагоднасць, што ён будзе «старэйшым». Але гэта негалосная такая пасада. Гэта асоба, якая размаўляе таксама з тымі, хто за «бранёй». Так кажуць на дзверы ў камеры і адпаведна маюць на ўвазе ахоўнікаў і кантралёраў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Што да харчавання, то ў асноўным ежу можна ўжываць. Ранкам кашы, прычым даволі добрыя, смачныя. А вось астатняе мае пытанні. Супы ж можна есці, але ўжо вячэра складаней. Увогуле на Валадарскага харчуюцца ў асноўным з перадачаў.

У залежнасці ад надвор’я кожны дзень гадзіна адведзеная на шпацыр у дворыку. Вядома, калі дождж, то падыхаць свежым паветрам і паглядзець на неба няма магчымасці.

Палітычных абмяжоўваюць даволі істотна. Кожны крок, ініцыятыва, каб аблегчыць сабе жыццё за кратамі, успрымаецца адміністрацыяй варожа. Па гаспадарцы працуюць збольшага крымінальнікі. А за кошт таго, што практычна ўсе затрыманыя за палітыку стаяць на прафуліку. Таму яны могуць прапанаваць нешта, але адміністрацыя адназначна адмовіць кожнаму.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў