Андрэй Ажароўскі: «Адпрацаванае паліва з БелАЭС можа быць выкарыстанае для расейскай ядравай зброі»


Першы энергаблок БелАЭС у Астраўцы запусцілі ў лістападзе 2020 года. З таго часу яго некалькі разоў выключалі і зноў уключалі. Апошні раз энергаблок не працаваў з красавіка да жніўня бягучага года – планавы рамонт скончыўся толькі 22 жніўня. Што цяпер адбываецца на БелАЭС? Наколькі проста атрымаць інфармацыю аб працы станцыі? Чаму першы энергаблок пастаянна адключаюць, і ці бяспечна гэта? Ці вытрымае АЭС абстрэлы ў выпадку вайны? Пра гэта мы паразмаўлялі з расейскім фізікам-ядравікам, эколагам Андрэем Ажароўскім.

БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Падчас прастояў могуць выпраўляць недапрацоўкі на АЭС»

–  Спадар Андрэй, наколькі цяпер проста атрымліваць інфармацыю аб працы БелАЭС? Адкуль можна даведацца, што там адбываецца?

–  У Беларусі ядравая энергетыка – адна з самых закрытых галінаў. Сітуацыя з доступам да інфармацыі нават горшая, чым у Расеі. Мы вымушаныя абапірацца на афіцыйныя паведамленні, якія вельмі часта не  ўтрымліваюць важных для разумення сітуацыі рэчаў. Напрыклад, доўгі час стаяла пытанне пра недапрацоўкі на першым блоку. Да яго якасці было каля 18 тысяч пытанняў, у тым ліку сур’ёзныя – пра няшчыльнасць герметычных аб’ёмаў, адсутнасць сістэмаў пажаратушэння, выдалення дыму. Гэтую інфармацыю мы атрымалі неафіцыйна, і яна не датычыла самога рэактару. Ёсць падазрэнні, што там таксама хапае недапрацовак. Аднак з-за павышанага ўзроўню сакрэтнасці звестак мы атрымаць не змаглі.

Пра сітуацыю на станцыі мы робім высновы па выніках працы першага энергаблоку і бачым, што ён атрымаўся крывенькі, значную частку часу не працаваў, не вырабляў электраэнергіі.

–  Сапраўды, за амаль два гады з моманту запуску станцыі энергаблок спыняўся некалькі разоў. З чым гэта можа быць звязана? Ці нармальна гэта для АЭС? Ці бяспечныя такія пастаянныя выключэнні-ўключэнні?

–  З чым звязаныя перапынкі ў працы, застаецца толькі гадаць. У мяне тут два меркаванні. Першае – падчас гэтых працяглых прастояў энергаблок спрабуюць давесці да ладу, ліквідаваць тыя дзясяткі тысячаў недапрацовак, якія былі адзначаныя.

Другая прычына можа быць у тым, што электраэнергія, якую вырабляе гэтая АЭС, нікому не патрэбная. Росту прамысловай вытворчасці ў Беларусі не назіраецца, адпаведна, няма і павелічэння попыту на электраэнергію. Беларусь цалкам добра жыла і без атамнай энергетыкі. Таму чым даўжэй энергаблок прастойвае, тым усім лепш. Калі энергаблок выключаны, ён не вырабляе радыеактыўных адкідаў, і ніжэйшая верагоднасць таго, што на ім адбудзецца аварыя. Таму працяглыя прастоі зніжаюць радыяцыйную небяспеку.

Калі энергаблок адключаецца ў штатным рэжыме, гэта звычайны працэс – любы энергаблок адключаецца раз на паўтара-два гады дзеля перазагрузкі паліва. Але катастрофа на ЧАЭС адбылася пры спробе выключыць энергаблок, які працаваў. Кропкай невяртання быў націск кнопкі спынення. Таму, калі ўсё праходзіць штатна, то ўключэнне-выключэнне – гэта нармальна. Калі ёсць недапрацоўкі, калі ёсць неразуменне аперацыйным персаналам стану рэактару, то можна атрымаць аварыю. Ацаніць якасці супрацоўнікаў АЭС у Астраўцы, стану рэактару і гатовасці да адключэнняў-уключэнняў мы не можам. Але мне здаецца, што лепш, каб ён як мага даўжэй не працаваў.

Hавiны
Беларусь вывучае мэтазгоднасць будаўніцтва дадатковых энергаблокаў БелАЭС
2022.08.30 13:48

«Другі энергаблок таксама можа быць з недапрацоўкамі, таму яго яшчэ не запусцілі»

–  Сёлета мусілі запусціць другі энергаблок, але пакуль што гэтага не адбылося. Якія, на ваш погляд, могуць быць прычыны?

–  Другі энергаблок збіраліся запускаць летам, аднак не атрымалася. Цяпер абяцаюць на восень. Чаму так – зноў жа – можна толькі гадаць. Тут могуць працаваць тыя самыя тлумачэнні – што і другі блок таксама з недапрацоўкамі, і яго нельга запускаць. Магчыма, улады Беларусі пачулі тое, што мы кажам, убачылі гэты росатамаўскі сорам і сказалі, што з недапрацоўкамі не запусцяць і цяпер чакаюць, пакуль «Росатам» выправіць іх. Але больш верагодная прычына, на мой погляд – непатрэбнасць і незапатрабаванасць дадатковай крыніцы электраэнергіі ў такім аб’ёме.

Бо паўтаруся – куды Беларусі траціць гэтую электраэнергію? Памятаем, як людзей змушалі пераходзіць на электрычныя пліты і ацяпленне, прадпрыемствы – прымаць планы павышэння спажывання электраэнергіі. Гэта якраз і кажа пра тое, што блок пабудаваны, а новых прадпрыемстваў і спажыўцоў электраэнергіі, якую ён выпрацуе, няма. Цалкам магчыма, што калі яго ўсё ж уключаць, блокі будуць працаваць пазменна – паўгода адзін, паўгода другі.

Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся, што рабіць з ядравымі адкідамі і адпрацаваным палівам

–  9 верасня на нарадзе з кіраўніцтвам Савету Міністраў Аляксандр Лукашэнка падняў пытанне ядравых адкідаў. Ён казаў, што неўзабаве прыйдзецца вырашаць пытанне ўтылізацыі адкідаў. Так выглядае, што і амаль праз два гады гэтая праблема не вырашаная, і Беларусь не ведае, што рабіць з адкідамі. Як вырашаецца гэта пытанне ў свеце, і ці не пазнавата ўлады задумаліся аб утылізацыі?

–  Радыеактыўныя адкіды з’яўляюцца з першай секунды працы энергаблоку. Яны бываюць у выглядзе газу, вадкія і цвёрдыя. Тыя, што ў выглядзе газу, да нейкай ступені ачышчаюць, і потым выкідаюць у паветра праз вентыляцыйныя трубы. Вадкія ўпарваюць да стану цвёрдых. Цвёрдыя назапашваюцца. Нейкі час яны будуць захоўвацца на прамысловай пляцоўцы. Што будзе потым, пакуль нікому не вядома.

БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Асобны від адкідаў – адпрацаванае ядравае паліва. Надоечы адбылася першая перагрузка на першым блоку, значыць, з’явіліся кілаграмы, а магчыма, тоны гэтага небяспечнага рэчыва, якое ўтрымлівае плутоній. Цяпер з ім нічога нельга рабіць. Не менш за тры гады, а можа і да дзесяці гадоў яно будзе захоўвацца ў прырэактарных басейнах выцяжкі. Доўгатэрміновага рашэння, што рабіць з гэтымі адкідамі, няма. У Фінляндыі, Швецыі хочуць закопваць іх метраў на 400–500. Але не атрымліваецца, бо гарантыяў, што гэтыя адкіды не выйдуць на паверхню, няма. Акрамя таго, такія праекты вельмі дарагія. Для будаўніцтва аднаго магільніка патрэбныя € 6–9 мільярдаў.

У Расеі ёсць ядравая зброя. І з паліва, якое адпрацавала, выцягваецца плутоній для яе. Гэта называюць перапрацоўваннем, але насамрэч там нічога не перапрацоўваецца. Перапрацоўванне – гэта калі з небяспечнага робяць нешта больш бяспечнае. А пры выцягванні плутонію колькасць ядравых адкідаў павялічваецца, і радыеактыўнасць нікуды не знікае. Таму фіны і шведы не выцягваюць плутоній. Ён ім не патрэбны, а Расеі патрэбны. Таму цалкам магчыма, што адпрацаванае паліва з БелАЭС паедзе ў Расею, дзе з яго будзе выцягвацца плутоній для ядравай зброі РФ, а рэшткі будуць вернутыя назад у Беларусь, згодна з дзейным расейскім заканадаўствам. У Расеі забаронены ўвоз чужых радыеактыўных адкідаў, а адпрацаванае паліва можна ўвезці толькі з мэтай выцягвання плутонію. Гэта не пазбавіць Беларусь ад радыеактыўных адкідаў. Да таго ж гэта не бясплатна. Беларусь будзе плаціць Расеі за так званае «перапрацоўванне». Яшчэ ў 2011 годзе ў міжурадавым пагадненні аб будаўніцтве АЭС гаварылася, што адпрацаванае паліва будзе адпраўляцца ў Расею, і гэта прадмет асобнага пагаднення. Дагэтуль ідуць перамовы, і ні да чаго не могуць дамовіцца. Думаць, што рабіць з адкідамі, Лукашэнку трэба было раней. Наўрад ці Беларусь нешта прыдумае, у той час як увесь свет не ведае, што з імі рабіць.

Hавiны
У контур энергаблоку трапіла тона смалы: што цяпер адбываецца на БелАЭС і чаму там пастаянна нешта ламаецца
2022.03.10 19:35

«Ахоўная абалонка БелАЭС не вытрымае абстрэлаў з буйнакалібернай артылерыі»

–  Наколькі БелАЭС можа быць бяспечнай у выпадку баявых дзеянняў? Ці вытрымала б яна сітуацыю, падобную да той, што адбываецца на Запарожскай АЭС?

–  Ну, па-першае, я не вельмі ўяўляю сабе, хто можа абстрэльваць БелАЭС, але нават калі ўявіць гэта, то можна сцвярджаць, што будзе такі ж жах, як на ЗАЭС. Пры траплянні буйнакалібернай артылерыі ахоўная абалонка энергаблоку не вытрымае. Мы памятаем скандал з абалонкай трэцяга гатунку, якая можа вытрымаць толькі падзенне маленькага самалёціка масай 5,7 тоны, у той час як былі праекты будаўніцтва больш трывалай абалонкі, і з нейкіх прычынаў Беларусь адмовілася ад гэтага.

Абалонка пабудаваная паводле стандартаў 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Яна хоць і двухслойная, але вельмі нетрывалая. У выпадку абстрэлаў можа быць пашкоджаны рэактар, першы контур, трубаправоды, парагенератары, і назапашаная ўнутры першага контуру радыеактыўнасць можа трапіць у наваколле. Радыенукліды могуць разляцецца на сотні кіламетраў. Куды менавіта – залежыць ад кірунку ветру: на Менск, на Варшаву ці ў Літву, Латвію.

Ля БелАЭС размяшчаецца вайсковы аддзел з ракетнымі сістэмамі – на выпадак пагрозы. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

–  Літва летась і сёлета праводзіла даволі сур’ёзныя адмысловыя вучэнні грамадзянскай абароны на прадмет гатовасці да аварыі на БелАЭС. На ваш погляд, такія вучэнні – залішняя перастрахоўка ці цалкам апраўданыя дзеянні і БелАЭС можа рэальна пагражаць суседнім краінам?

–  Я лічу, што вучэнні ў Літве – абсалютна цвярозая ацэнка небяспекі, бо Вільня вельмі блізка да БелАЭС. Таму цалкам правільна, цяпер, калі нічога не адбываецца, раздаваць ёдныя таблеткі, правяраць гатовасць сховішчаў, планаў эвакуацыі. Усё гэта лепш мець загадзя, бо эвакуацыя эфектыўная толькі тады, калі своечасова праведзеная. На жаль, трэба канстатаваць, што ў свеце не было ніводнай правільна праведзенай эвакуацыі пры радыяцыйных аварыях. Нават Японія, калі здарылася аварыя на Фукусіме, была не гатовая.

Кожная АЭС небяспечная, і не мае значэння, літоўская яна, ці расейская, ці французская. Любая АЭС прадстаўляе сабой ядрава небяспечны аб’ект і радыяцыйна небяспечны аб’ект. Таму такія вучэнні ў мясцовасцях каля станцыі неабходныя. Людзям, якія жывуць побач з АЭС, улады абавязаныя распавесці, што рабіць у выпадку аварыі. Бо асноўная небяспека, што людзі могуць выбягаць у радыеактыўнае воблака. Трэба сядзець удома і чакаць, пакуль гэтае воблака пройдзе.  Сядзець і чакаць чалавек будзе, калі ўпэўнены, што яго ўратуюць, што яму не трэба самаму сябе ратаваць. Калі вучэнняў не ладзяць, краіна будзе не гатовая да падобных сітуацыяў.

Hавiны
Літва плануе мадэрнізаваць грамадзянскую абарону. Сярод сцэнароў – катастрофа на БелАЭС
2022.09.13 12:10

Будаўніцтва БелАЭС распачалося пад Астраўцом у Гарадзенскай вобласці ў 2011 годзе расейскай кампаніяй «Росатам». Расея прадставіла Беларусі крэдыт на будаўніцтва на суму $ 10 мільярдаў на тэрмін 25 гадоў.

7 лістапада 2020 года адбыўся афіцыйны запуск першага энергаблоку.  Ужо 8 лістапада адбылася паломка італьянскіх вымяральных трансфарматараў, у выніку чаго энергаблок быў адключаны і зноў запушчаны толькі 19 лістапада. Далей адключэнні і ўключэнні адбываліся перыядычна.

Да энергасістэмы Беларусі першы энергаблок АЭС падключылі 3 лістапада 2020 года.

У прамысловую эксплуатацыю першы энергаблок быў уведзены 10 лістапада 2021 года.

З моманту ўключэння ў сетку і да першага планавага рамонту першы энергаблок вырабіў больш за 9,3 млрд кВт/г электраэнергіі.

25 красавіка 2022 года энергаблок быў выведзены ў першы планава-папераджальны рамонт, які завяршыўся 22 жніўня.

Запуск другога энергаблоку быў запланаваны на лета 2022 года, але ён так і не адбыўся. Улады абяцаюць, што да канца 2022 года энергаблок пачне працу.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў