Аліна Коўшык: Веру ў магчымасць паспрыяць пераменам у Беларусі з-за мяжы, інакш бы не бралася


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні распавяла карэспандэнту «Белсату», як праходзіла ейнае прызначэнне і што яна будзе рабіць.

Аліна Коўшык упэўненая, што зможа дапамагчы Беларусі з-за мяжы.
Фота: ЯМ / Белсат

Аліна Коўшык паведаміла, што ўжо пачала наладжваць кантакты з рознымі датычнымі ейнай тэмы беларускімі ініцыятывамі і выбудоўваць працу Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні.

«То бок першая праца будзе менш бачная для беларусаў, але яна вельмі важная, бо я ж прыйшла не ў міністэрства, якое мае адбудаваную структуру, штат людзей, месца. Першыя крокі – будаўнічыя, буду ствараць падмурак дзеля нашай працы».

Коўшык расказала, што калі паступіла прапанова, то яна ўзяла пэўны час на роздум, бо добра ўяўляе рызыкі і адказнасць:

«Палітычная сітуацыя развіваецца імкліва, няма часу на доўгія роздумы, але пару дзён у мяне было. Паразважаўшы, я зразумела, што гатовая ўзяцца за гэтую працу, нягледзячы на вялікую адказнасць, рызыкі і змены ў ладзе жыцця, якія з ёй звязаныя».

Кандыдатуру Коўшык, паводле яе, абмяркоўвалі іншыя сябры Кабінету. Пасля таго, як усе падтрымалі, Святлана Ціханоўская павіншавала Аліну і прывітала ў камандзе. Аліна кажа, што верыць у поспех пачатай справы:

«Калі б я не верыла, то не ўзялася б за гэтую працу. Бо я чалавек дзеяння і канкрэтыкі. Я абсалютна веру, што мы можам нешта карыснае зрабіць для Беларусі. І мы ўжо пачалі рабіць крокі дзеля змены сітуацыі. Гэта складаная палітычная праца. Але я перакананая, што нават за мяжой мы можам эфектыўна падтрымоўваць Беларусь».

Пакуль не вядома, хто ўвойдзе ў каманду Коўшык, але яна расказала, што паплечнікі на стадыі збору і фармавання. Вядуцца перамовы, аднак канкрэтных асобаў яна не назвала.

Адзін з галоўных абавязкаў Аліны Коўшык на пасадзе прадстаўніцы ў нацыянальным адраджэнні – распрацоўванне стратэгіі нацыянальнага адраджэння Беларусі. Коўшык паведаміла, што непасрэдная праца на гэтым кірунку яшчэ не пачалася, вядзецца падрыхтоўка.

«Я разумею маштаб і адказнасць, мы падыдзем сурёзна. Стварэнне стратэгіі – агульная справа, будзе абмеркаванне, я адкрытая да ідэяў, да прапановаў».

Раней паведамлялася, што тэлевядоўца Аліна Коўшык стала прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні. Пра гэта паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Hавiны
Аліна Коўшык стала прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні
2022.09.16 12:29

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў