«За месяц працы зарабіла 41 рубель». Як выкарыстоўваюць працу асуджаных у Беларусі


Гомельская жаночая калонія. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Беларусі на дзень 15 верасня прызналі палітычным вязнем 671 чалавека. Частка ўжо адбывае пакаранне ў папраўчых калоніях або на «хіміі», дзе зняволеныя абавязаныя працаваць. Belsat.eu разбіраўся, якія прадпрыемствы і арганізацыі выкарыстоўваюць дэ-факта прымусовую працу асуджаных, на якой вытворчасці вязні задзеяныя і ў якіх умовах вымушаныя працаваць.

На якую вытворчасць накіроўваюць асуджаных

Працу вязняў у Беларусі выкарыстоўваюць на вытворчасці адзення, мэблі, будаўнічых і гаспадарчых тавараў, спартовых трэнажораў і камплектавальных для буйной прамысловасці. На базе папраўчых калоніяў арганізаваныя дзяржаўныя прадпрыемствы (звычайна іх назвы адпавядаюць нумару калоніі), якія падпарадкоўваюцца Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. На афіцыйным сайце ДВП размешчаная інтэрнэт-крама, з поўным каталогам прадукцыі і цэнамі. Існуе нават сістэма дылераў – прыватных інтэрнэт-крамаў, якія на сталай аснове рэалізуюць прадукцыю з калоніяў.

Найбольш вядомыя профілі дзейнасці вязняў у калоніях – гэта вытворчасць форменнага абмундзіравання і мэблі. Швейная вытворчасць ёсць і ў некаторых мужчынскіх калоніях, але галоўны пастаўнік формы беларускім сілавым структурам – РУП № 4 пры Гомельскай жаночай калоніі. Вязні практычна цалкам забяспечваюць адзеннем беларускую міліцыю: яны шыюць мундзіры, кашулі, курткі, фуражкі і берэты.

Аднак зняволеныя жанчыны шыюць форму не толькі міліцыянтам або кадэбэшнікам, але і адзенне медыкам, рабочым, кухарам, а таксама пасцельную і сталовую бялізну. Сярод сталых замоўцаў – МАПІД, Менскі малочны завод № 1, Менскі электратэхнічны завод імя Казлова, абласныя аддзяленні беларуская чыгункі ды іншыя.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Менавіта на швейнай фабрыцы ў гомельскай калоніі цяпер працуюць палітзняволеныя журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Дар’ю «працаўладкавалі» лякальшчыцаю. Кацярына працуе памочніцаю швачкі ў невялікай брыгадзе, што шые элементы формы розным дзяржаўным структурам і прадпрыемствам.

Артыкулы
«Верыць, што пераадолее ўсе гэтыя складанасці». Як Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева жывуць у калоніі
2021.09.14 16:54

На вытворчасці мэблі задзеяныя вязні адразу некалькіх мужчынскіх калоніяў. Пералік мэблевай прадукцыі вельмі шырокі: на сайце ДВП можна знайсці некалькі сотняў таварных пазіцыяў. Прычым гаворка не толькі пра танную прадукцыю. Некаторыя наборы мяккай мэблі каштуюць больш за 1600 рублёў – не кожны беларус можа дазволіць сабе такі набытак.

Мэбля, зробленая вязнямі ідзе нават на экспарт, у тым ліку ў краіны ЕЗ (прынамсі так было да падзеяў 2020–2021 гадоў). Адпаведна і аб’ёмы гэтага бізнесу часам далёка не капеечныя. Некалькі гадоў таму з гэтым быў звязаны даволі незвычайны карупцыйны скандал. Паведамлялі, што дырэктар прадпрыемства на базе івацэвіцкай калоніі Вадзім Харужы зарганізаваў пастаўкі беларускай мэблі за мяжу, за што цягам 4 гадоў атрымліваў «адкаты» ад прадстаўнікоў французскай кампаніі – агульная сума хабараў склала больш за 207 тысяч еўраў. Топ-менеджара сістэмы ДВП пакаралі ў выніку дзевяццю гадамі зняволення.

Тавары для дзяцей, хакей і афрыканская экзотыка

Насамрэч мэбля і адзенне – гэта толькі вяршыня айсбергу. Большасць беларусаў, самі гэтага не ведаючы, так ці інакш сутыкаліся ў сваім жыцці з таварамі, вырабленымі рукамі вязняў. Брук, «разумныя прыпынкі», сметніцы, альтанкі, лаўкі, мангалы, дзіцячыя санкі, арэлі і горкі – уся гэтая разнастайная прадукцыя ў тым ліку вырабляецца ў сістэме ДВП МУС.

Беларускія вязні забяспечваюць экіпаваннем прафесійных хакеістаў і навучэнцаў дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву «Дынама». Выкарыстанне таннай працоўнай сілы для патрэбаў спартовай індустрыі ў свой час прасоўвалася на найвышэйшым узроўні. «Што, для дзетак там формы не сшыюць? Прытым для любога віду спорту. І грошы застануцца ў нас, і капейкі гэта будзе каштаваць», – казаў Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2017 года.

Перамовы прадстаўнікоў ДВП МУС і дэлегацыі з Зімбабвэ, 2018 год.
Фота: mvd-din.by

Сустракаюцца і зусім спецыфічныя замовы. Напрыклад, у 2018 годзе ДВП перамаўляўся пра пастаўкі абмундзіравання сілавікам Зімбабвэ і Мазамбіку. У гомельскай жаночай калоніі нават распрацавалі спецыяльную калекцыю для рэгіёнаў з гарачым і вільготным кліматам – «Пустэльня-2018». Дакладна невядома, чым тыя перамовы скончыліся і ці сапраўды беларускія вязні абшывалі афрыканскіх сілавікоў. Але арыентаванасць на вонкавыя патрэбы прысутнічае і цяпер: напрыклад, у інтэрнэт-краме ДВП можна знайсці калекцыю спецадзення «Афрыка-2020».

Гіганты беларускай прамысловасці таксама карыстаюцца працай асуджаных

Святкаванне Дня Незалежнасці ў парку імя Янкі Купалы Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Партнёры прадпрыемстваў Дэпартаменту выканання пакаранняў – топавыя прамысловыя гіганты Беларусі. Вязні выпускаюць прадукцыю для дзясяткаў беларускіх заводаў, сярод якіх – Менскі аўтамабільны завод, Менскі трактарны завод, БелАЗ, «Амкадор», «Белшына», «Белкамунмаш», «Бабруйскаграмаш», Менскі вагонарамонтны завод, «Керамін» ды іншыя. Напрыклад, у Папраўчай калоніі № 14 робяць глушыльнікі для беларускіх трактароў, а ў Аршанскай калоніі № 12 – металічныя камплектавальныя для чыгункі.

Чыгуначны вакзал. 22 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Белсат

На буйныя прадпрыемствы працуюць не толькі вязні папраўчых калоніяў, але і асуджаныя ў папраўчых установах адкрытага тыпу (ПУАТ). Вядома, што найбольш актыўна працу «хімікаў» выкарыстоўваюць на МАЗе, МТЗ, Менскім заводзе шасцерняў. Таксама ёсць звесткі, што асуджаных накіроўваюць на працу ў «Гомсельмаш» і «Савушкин продукт».

Умовы працы і заробкі

Праваабаронцы заўсёды звярталі ўвагу на тое, што праца зняволеных у Беларусі мае прыкметы прымусовай працы. Паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, вязні абавязаныя працаваць падчас адбыцця пакарання (артыкул 98). У законе адзначаюць, што адміністрацыя калоніі мусіць знаходзіць працу вязням з улікам іхных фізічных магчымасцяў і кваліфікацыі, аднак насамрэч вельмі часта гэты складнік ігнаруецца. Адмова ад працы або самавольнае яе спыненне лічыцца ў калоніі зацятым парушэннем і цягне за сабою спагнанне. Некалькі спагнанняў можа стаць падставаю для распачынання крымінальнай справы паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу («Сістэматычнае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

У гомельскай жаночай калоніі палітзняволеныя Наталля Хершэ і Вольга Класкоўская былі гатовыя працаваць на швейнай вытворчасці, але яны катэгарычна адмовіліся шыць форму сілавікам. За гэта іх пачалі жорстка пераследаваць. Хершэ амаль два месяцы правяла ў штрафным ізалятары, пасля чаго жанчыну перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Больш за месяц правяла ў ШІЗА Вольга Класкоўская, а потым яе змясцілі ў ПКТ на тры месяцы.

Артыкулы
Супраць палітзняволенай Вольгі Класкоўскай распачалі новую крымінальную справу
2021.08.26 19:28

З асуджанымі не заключаюцца працоўныя дамовы. Іхная праца не аплочваецца належным чынам, да таго ж з іхных заробкаў вылічваюць выдаткі на харчаванне, сродкі гігіены, камунальныя паслугі і казённае адзенне. Таму заработныя платы вязняў вельмі часта проста мізэрныя.

Напрыклад, нашая каляжанка Дар’я Чульцова за месяц працы ў гомельскай калоніі зарабіла 41 рубель, але фактычна атрымала каля 10 рублёў, бо 30 вылічылі. Але гэта яшчэ далёка не самы нізкі заробак зняволеных.

Віктар Бабарыка.
Фота: Белсат

Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, які ў жніўні ў наваполацкай калоніі працаваў апальшчыкам, за месяц зарабіў 6 рублёў 41 капейку. А пасля ўсіх выличэннящ ён атрымащ толькі 1 рубель 60 капеек. У верасні яго адправілі укладваць хлебабулачныя вырабы. Умовы працы пры гэтым вельмі цяжкія: цяпер ён мусіць пастаянна быць у пякарні, дзе тэмпература паветра перавышае 30 градусаў цяпла (нават з выключанымі печамі), памяшканне практычна не вентылюецца, а вокны адчыняць не дазваляецца.

Hавiны
«Ад сажы ў носе растуць ракавінкі». Асуджаныя па артыкуле 328 – аб працы на зоне
2019.12.04 12:08
Артыкулы
«Фактычна гэта рабства». Палітвязень распавёў пра ўмовы адбыцця пакарання на «хіміі»
2021.06.14 07:45

На рабскія ўмовы працы скардзяцца і асуджаныя, якія адбываюць пакаранне на «хіміі». Адзін з палітычных вязняў у ліпені сцвярджаў у інтэрв’ю belsat.eu, што «хімікі» працуюць па 12 гадзінаў 6 дзён на тыдзень. Пры гэтым іхныя заробкі ніжэйшыя, чымся ў вольных рабочых, з якімі яны часам перасякаюцца на вытворчасці. Адмовіцца ад працы або перавесціся на іншую немагчыма. «У гэтым стаўленне горшае за бяспраўе. Фактычна гэта рабства», – падкрэсліваў палітзняволены. Праўда, не ўва ўсіх «хімікаў» умовы такія жорсткія. У некаторых ПУАТ асуджаныя ўсё ж маюць два выходныя на тыдзень і толькі адну працоўную суботу на месяц.

«Хімікаў звычайна накіроўваюць на нізкааплатную і цяжкую працу, зноў жа без уліку іхнай прафесійнай спецыялізацыі. Напрыклад, былы валанцёр штабу Бабарыкі, экс-кіраўнік «Ruin Bar Ok16» Лявон Халатран цяпер працуе на ферме ў вёсцы Сушкі Камянецкага раёну Берасцейскай вобласці.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў