Юзаф Станеўскі: Калі б мы па-сапраўднаму адчувалі Ісуса, то не рабілі б такіх справаў

Юзаф Станеўскі расказаў «Белсату», якія выклікі стаяць перад сучасным Касцёлам у Беларусі.

Юзаф Станеўскі падчас індульгенцыі ў 2018 годзе. Фота: Марына Сінкевіч / catholicnews. by

У свята Узвышэння Святога Крыжа, якое Касцёл адзначае 14 верасня, Папа Францішак прызначыў мітрапалітам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юзафа Станеўскага, тытулярнага біскупа Табаікары, дапаможнага біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі.

Юзаф Станеўскі стаў трэцім мітрапалітам Менска-Магілёўскім пасля адраджэння касцельных структураў у Беларусі ў 1991 годзе. Да яго гэтую пасаду 15 гадоў займаў кардынал Казімір Свёнтэк, пасля амаль столькі ж – арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Талковы пастыр, але «іх кандыдат»? Ці здолее новы мітрапаліт сказаць уладзе «не можам»

Да прызначэння біскупа Юзафа Станеўскага архідыяцэзіяй на правах апостальскага адміністратара кіраваў біскуп Казімір Велікаселец, бо ў пачатку студзеня гэтага года Папа Францішак прыняў прашэнне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб адстаўцы ў сувязі з дасягненнем 75 гадоў.

Такое прызначэнне выглядае цалкам лагічным, бо біскуп Юзаф Станеўскі быў найбольш асцярожным у выказваннях пасля жнівеньскіх падзеяў мінулага года. Тым не менш дасюль Станеўскі быў дапаможным біскупам і не меў рэальнай улады, таму пакуль заўчасна рабіць нейкія высновы.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Фота: catholic.by

На пытанне «Белсату», якія выклікі стаяць перад сучасным Касцёлам у Беларусі, біскуп Юзаф Станеўскі адказаў, што яны тыя ж, што былі ў пачатку хрысціянства. Трэба прапаведаваць слова Божае, разумець Евангелле не як гістарычны расповед і паказваць Ісуса сваім жыццём, што мы не заўсёды робім.

«Бо калі б мы гэта па-сапраўднаму адчулі, то не рабілі б тых справаў, якія робім і працягваем рабіць, – адзначыў іерарх і заклікаў вернікаў да супольнай малітвы «Ойча наш». – Калі мы молімся гэтаю першаю хрысціянскаю малітвай, то ўжо не трэба ніякай нашай інтэрпрэтацыі, трэба разумець і паступаць так, як яна вучыць».

Дату кананічнага ўступлення на пасаду Юзафа Станеўскага прызначаць найбліжэйшым часам. Да гэтага моманту фактычным кіраўніком Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі застаецца біскуп Казімір Велікаселец, імя якога будзе згадвацца ў каноне святой імшы да моманту ўступлення на пасаду біскупа Станеўскага.

Пабудаваў чатыры касцёлы, хацеў быць медыкам. Што вядома пра біскупа Казіміра Велікасельца?

Юзаф Станеўскі нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў вёсцы Заневічы непадалёк Горадні ў сям’і Рамуальда і Гэлены Станеўскіх. У 1986 годзе навучаўся ў вайскова-тэхнічнай школе, у 1987–1989 гадах служыў у арміі.

У 1990-м у ліку першых быў залічаны ў заснаваную ў тым жа годзе Вышэйшую духоўную семінарыю ў Горадні. Дыяканскае пасвячэнне прыняў 8 снежня 1994 года, а празбітарскае – 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гарадзенскага Аляксандра Кашкевіча. Атрымаў накіраванне на душпастырскую працу ў парафію святога Вацлава ў Ваўкавыску, дзе ў 1995–1996 гадах выконваў абавязкі вікарыя.

У 1996–1999 гадах Юзаф Станеўскі вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, атрымаў ступень магістра кананічнага права. У 1999-м стаў прэфектам і выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні. З 2000 года быў суддзём біскупскага суда ў Горадні, а з красавіка 2005-га – віцэ-афіцыялам гэтага суда.

Герб арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Крыніца: Вікімедыя

З 2001 года быў чальцом святарскай рады Гарадзенскай дыяцэзіі. З чэрвеня 2005-га ўзначальваў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Горадні. У 2007–2013 гадах быў адказным за душпастырскую фармацыю маладых святароў у Гарадзенскай дыяцэзіі. 12 сакавіка 2012-га Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI прызначыў ксяндзу Юзафу Станеўскаму тытул капелана Ягонай Святасці (прэлатам).

29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам дыяцэзіі Табаікары. Біскупскае пасвячэнне атрымаў 1 лютага 2014 года. 3 чэрвеня 2015-га Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі абрала біскупа Юзафа Станеўскага генеральным сакратаром.

14 верасня 2021 года Папа Францішак прызначыў Юзафа Станеўскага мітрапалітам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

ЗЛ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны