У Кіеве затрымалі беларускіх уцекачоў, сярод іх – былы міліцыянт

Валанцёрка Алена Жаркевіч. Фота: sociuminfo.com

Сёння раніцай у дом, што здымалі беларускія ўцекачы, прыйшла Служба бяспекі Украіны, затрымалі чацвярых асобаў. Пра гэта belsat.eu стала вядома ад актывістаў Беларускага дому ў Кіеве.

Сярод затрыманых – валанцёрка Алена Жаркевіч, якая дапамагае рэлакантам з Беларусі. Яна прыехала з сынам сёлета ва Украіну і дапамагла сотням беларусаў, якія аказалася ў краіне без жытла ці дакументаў.

Учора яна займалася легалізацыяй аднаго з уцекачоў, які таксама пакінуў Беларусь. Разам з Аленаю затрымалі яшчэ траіх чалавек. Адзін з іх – былы міліцыянт Ягор Емяльянаў, які звольніўся з МУС 11 жніўня 2020 года.

Ягор Емяльянаў браў удзел у праграме «Белсату» «Шчыра кажучы», прысвечанай беларускім сілавікам. Пасля ўдзелу ў праграме яго затрымалі, больш за месяц мужчына правёў у ІЧУ, а пазней выехаў з Беларусі ва Украіну. Цяпер, паводле папярэдніх звестак, яго затрымала СБУ.

«Мы знайшлі адваката, праваабаронцы таксама паехалі, каб даведацца пра стан затрыманых. Цяпер сядзім і чакаем, а гэта самае складанае», – паведаміў адзін з суседзяў Алены.

14:30. Былому капітану беларускай міліцыі Ягору Емяльянаву і валанцёру Беларускага дому ва Украіне Алене Жаркевіч нічога не пагражае. Пра гэта сказаў «Белсату» ў тэлефоннай размове спікер СБУ Арцём Дэхцярэнка. Іх выклікалі супрацоўнікі СБУ для прафілактычнай гутаркі. Ніякіх артыкулаў ім не інкрымінуюць.

МГМ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны