Мінздароўя забараніла дзвюм прыватным лабараторыям рабіць ПЦР-тэсты на каронавірус


У афіцыйным каментары Міністэрства аховы здароўя тлумачыць забарону недахопамі ў арганізацыі працы лабараторыяў, якія нібыта ўплывалі на якасць і дакладнасць вынікаў тэстаў.

Яшчэ ўлетку Мінздароўя правяло правяранне выканання ПЦР-тэстаў у беларускіх лабараторыях. Падчас працы камісіі ў дзвюх лабараторыях былі выяўленыя істотныя недахопы ў арганізацыі працы. Кіраўнікоў гэтых установаў запрасілі ў Мінздароўя, дзе агучылі недахопы і далі час на выпраўленне. А таксама папярэдзілі, што калі недахопы не будуць выпраўленыя, можа быць спыненая дзейнасць гэтых установаў.

Падчас паўторнага правярання зноў былі знойдзеныя тыя ж самыя недахопы. У сувязі з чым Мінздароўя ўвогуле забараніла гэтым лабараторыям далей праводзіць ПЦР-тэставанне да выканання рэкамендацыяў.

У паведамленні Мінздароўя не ўдакладняецца, якіх лабараторыяў датычыць забарона. Аднак з 17 верасня тры лабараторыі ў Менску – «Гравіта», «Сінэва» і «Аква-Мінск» абвесцілі пра спыненне ПЦР-тэставання на COVID-19. «Сінэва» спыніла тэставанне ў рэгіёнах з 16 верасня.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя, 16 верасня ў Беларусі ад каронавірусу памерла найбольш чалавек за ўвесь час пандэміі – 13. Захварэла – 1967.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў