Лукашэнка памілаваў 13 палітвязняў, ва Украіне СБУ затрымала беларусаў. Галоўнае за чацвер, 16 верасня


«Белсат» традыцыйна падводзіць вынікі дня. Пра самыя важныя падзеі чытайце ў нашым аглядзе.

Лукашэнка памілаваў 13 палітвязняў. Як паведаміў яшчэ ўвечары 15 верасня тэлеканал «Беларусь 1», указ аб памілаванні быў падпісаны напярэдадні гэтак званага Дня народнага адзінства. Імёнаў не называлі. Хто выйшаў на волю, стала вядома 16 верасня.

Артыкулы
Сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 13 памілаваных палітвязняў
2021.09.16 14:05

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», Аляксандр Лукашэнка памілаваў палітычных зняволеных Віктара Каліноўскага з Берасця і Валера Лозу са Светлагорску. Таксама вызвалілі аршанцаў Максіма Шаўлінскага і Аляксея Коршуна, медсястру з Віцебску Юлію Кашавераву, Вадзіма Сычака з Бярозы ды Ігара Быкоўскіх, Яўгена Пашалюка, Яўгена Каральчука, Сяргея Рудзінскага, Аляксандра Баброва, Яўгена Говара, Яўгена Рапіна.

Раніцай 16 верасня ў дом, што здымалі беларускія ўцекачы, прыйшла Служба бяспекі Украіны, затрымалі чацвярых асобаў. Пазней Беларускі дом ва Украіне паведаміў, што затрыманыя былі 12 чалавек.

Сярод затрыманых – валанцёрка Алена Жаркевіч, якая дапамагае рэлакантам з Беларусі. Яна прыехала з сынам сёлета ва Украіну і дапамагла сотням беларусаў, якія аказалася ў краіне без жытла ці дакументаў. Яна займалася легалізацыяй аднаго з уцекачоў, які таксама пакінуў Беларусь.

Hавiны
Праходзіць аперацыя «Мігрант»: афіцыйная заява СБУ наконт затрыманых беларусаў
2021.09.16 17:29

Разам з Аленаю затрымалі яшчэ траіх чалавек. Адзін з іх – былы міліцыянт Ягор Емяльянаў, які звольніўся з МУС 11 жніўня 2020 года.

Спікер СБУ Арцём Дэхцярэнка пазней патлумачыў, што беларусы былі затрыманыя ў рамках аперацыі «Мігрант». К вечару ўсіх затрыманых адпусцілі, ім нічога не пагражае.

Беларуса Уладзіслава Чакалава 16 верасня гвалтам вывезлі з Расеі ў Беларусь.

Уладзіслаў – прадпрымальнік, мае грамадзянства Беларусі і Ізраілю. У Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа за фінансаванне пратэстнай дзейнасці і ўхіленне ад сплаты падаткаў.

У Менску вынеслі чарговы прысуд за мірныя пратэсты: пакараныя чацвёра чалавек.

16 верасня Фрунзенскі суд Менску агучыў вырак чацвярым асобам, якіх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу: Наталлі Астрэйцы, Галіне Заронак ды палітвязням Сяргею Шчыценку і Сяргею Бялевічу.

Наталлі Астрэйцы, Галіне Заронак і Сяргею Шчыценку прысудзілі па 3 гады «хатняй хіміі». Сяргея Бялевіча пакаралі трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Мужчынаў-палітвязняў вызвалілі ў зале суда, жанчыны дасюль былі пад падпіскаю пра нявыезд.

Адвакаты Марыі Калеснікавай і Максіма Знака падалі апеляцыйныя скаргі ў Вярхоўны Суд. Скаргі на прысуд ад адвакатаў былі пададзеныя 16 верасня. Калеснікава і Знак збіраюцца таксама самі падаць скаргі з СІЗА ад свайго імя.

Генпракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі. Фармальная прычына спынення крымінальнай справы – у сувязі з немагчымасцю ўстанавіць асобу, датычную да злачынства.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў