Лукашэнка памілаваў 13 чалавек. Іхныя імёны не вядомыя


Як паведаміў увечары 15 верасня тэлеканал «Беларусь 1», указ аб памілаванні быў падпісаны напярэдадні гэтак званага Дня народнага адзінства.

Імёнаў не называюць.

Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс распавяла ў эфіры «Беларусь 1», што большасць з памілаваных «здзейснілі злачынствы праз інтэрнэт і шчыра раскайваліся». Але былі асуджаныя за «хуліганства» або ўдзел у «масавых беспарадках». У дзевяці з трынаццаці памілаваных ёсць няпоўнагадовыя дзеці.

Нагадаем: у жніўні Юрый Васкрасенскі перадаў у адміністрацыю Лукашэнкі спіс са 100 рэпрэсаваных, якіх ён прапанаваў памілаваць. Вольга Чупрыс распавяла ў інтэрвʼю «Беларусь 1», што ў тым спісе адсутнічалі выразныя крытэры, якія маглі б служыць падставаю для вызвалення ўсіх уключаных туды асобаў.

Паводле чыноўніцы, чвэрць фігурантаў спісу Васкрасенскага не маюць яшчэ прысудаў або выракі ў іхных справах пакуль не набылі законнай моцы, таму камісія іхныя кандыдатуры не разглядала. Яшчэ 17 чалавек – нібыта зацятыя парушальнікі рэжыму адбыцця пакарання, а сведчыць пра гэта тое, што яны «не сталі на шлях выпраўлення».

Чупрыс таксама заявіла, што больш за дзясятак асобаў здзейснілі злачынствы, звязаныя з карупцыяй, незаконным абаротам наркотыкаў ці зброі. 6 чалавек раней былі пад судом.

«Акрамя таго, былі тыя, хто адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні», – дадала яна.

Артыкулы
Васкрасенскі тройчы пісаў палітвязню Пачобуту, абяцаў дамагацца вызвалення. Пачобут супраць
2021.09.10 15:25
  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ўва ўсёй краіне былі распачатыя больш за 4690 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 16 верасня 671 асоба прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 35 000 асобаў былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў