Генпракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі


Фармальная прычына спынення крымінальнай справы – у сувязі з немагчымасцю ўстанавіць асобу, датычную да злачынства, піша «Наша Ніва».

Генпракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі.
Фота: Белсат

Справа была заведзеная па факце нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у выніку якіх мянчук Раман Бандарэнка памёр.

Трагедыя здарылася ў лістападзе 2020 года. Рамана затрымалі на Плошчы Пераменаў пасля канфлікту з людзьмі, якія зразалі стужкі. З Цэнтральнага РУУС хлопец трапіў у рэанімацыю БХМД, дзе памёр.

На пахаванне Бандарэнкі прыйшлі тысячы менчукоў. Адразу ўлады заяўлялі, што Раман быў нецвярозы. Гэта было абвергнута на падставе медыцынскіх дакументаў, за што судзілі журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына была асуджаная на паўгады калоніі, Арцём атрымаў пакаранне з адтэрміноўкай.

Спачатку расследаваннем займаўся Следчы камітэт. Але хутка па загадзе Лукашэнкі справу перадалі Генеральнай пракуратуры. Лукашэнка заяўляў, што бярэ следства пад асабісты кантроль.

Былыя сілавікі, якія выступілі супраць гвалту і беззаконня, апублікавалі запісы размоваў прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і хакейнага функцыянера Дзмітрыя Баскава. З аудыя вынікае, што абое былі ў той вечар на Плошчы Пераменаў. Гэта стала адной з прычынаў, чаму Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала Баскава. Таксама сцвярджалася, што на месцы трагедыі быў спартсмен Дзмітрый Шакута.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў