Чаму з Украіны выправаджваюць палітычных эмігрантаў, і як гэтага пазбегчы


І чаму СБУ так ахвотна супрацоўнічае з калегамі з Беларусі

Ці могуць палітычныя эмігранты з Беларусі адчуваць сябе ў поўнай бяспецы ў суседніх краінах? На жаль, не. Беларускіх актывістаў у выгнанні на запыт КДБ, МУС ці пракуратуры затрымліваюць і часам выправаджваюць з краіны пражывання на радзіму, дзе ім пагражаюць турэмныя тэрміны і катаванні. Найчасцей экстрадуюць з Расеі: там цяпер каля 10 беларускіх палітэмігрантаў застаюцца пад пагрозаю выправаджэння з краіны. Але адбываецца гэта і ва Украіне. Паводле афіцыйнай інфармацыі міграцыйнай службы гэтай краіны, у 2021-м за першае паўгоддзе з Украіны ў Беларусь і трэція краіны выправадзілі 16 грамадзянаў Беларусі. Сёння стала вядома пра затрыманне СБУ 16 верасня чатырох беларускіх уцекачоў.

«Ва Украіне гэта здараецца нячаста, але рэгулярна», – канстатуе каардынатар грамадскай арганізацыі «No Borders Project» («Без межаў») Максім Буткевіч. Адзін з апошніх выпадкаў – спроба выправадзіць з Украіны беларускага анархіста Аляксея Балянкова, якога цудам «удалося адбіць ад СБУ». Пры гэтым, падкрэслівае суразмоўца, справа Балянкова – гэта, хутчэй, выключэнне, а не правіла ў практыцы стасункаў беларускіх палітэмігрантаў з украінскімі судамі і сілавікамі.

«Аляксею проста пашанцавала»

Аляксей Балянкоў, вядомы ва Украіне як Макс Білорус, з’ехаў з Беларусі ў 2017 годзе пасля таго, як яго абвінавацілі ў спробе падпаліць падатковую інспекцыю ў Гомлі. Украінскія СМІ пісалі пра анархіста Балянкова як пра ўдзельніка ўкраінскай Рэвалюцыі годнасці.

Аляксей Балянкоў.
Фота: graty.me

Тым не менш у красавіку 2021 года да Аляксея ўварваліся з ператрусам украінскія сілавікі, а адразу пасля гэтага з’явіліся супрацоўнікі СБУ – з пастановай аб прымусовым выправаджванні актывіста з Украіны. Калі б не сябры і праваабаронцы, Балянкова вывезлі б на мяжу ў той жа дзень. Справа дайшла да суда, але суд першай інстанцыі прызнаў рашэнне аб прымусовым выправаджванні законным. На думку СБУ, Балянкоў «нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту Украіны, а таксама парушае заканадаўства аб прававым статусе замежнікаў і асобаў без грамадзянства». Адвакаты Балянкова падалі апеляцыю, і 21 ліпеня яе задаволілі.

«Аляксею проста пашанцавала. Фактычна адвакаты паспелі прыехаць да таго, як яго выцягнулі з кватэры. І так, гэта былі содні, на працягу якіх была пададзеная скарга ў раённы суд, а пазней апеляцыйны суд стаў на бок беларускага анархіста. Гэта вельмі натхняльны факт, але гэта не правіла – хутчэй, выключэнне. Калі б адвакаты прыехалі на паўгадзіны пазней, яны б ужо нікога на месцы не заспелі», – упэўнены каардынатар «No Borders Project» Максім Буткевіч.

Каардынатар грамадскай арганізацыі «No Borders Project» Максім Буткевіч фота: maksym.butkevych / FB

СБУ дзеіць законна, але…

Паводле Максіма Буткевіча, Служба бяспекі мае права, згодна з украінскімі законамі, прымаць пастанову аб выправаджванні, таму ў гэтым выпадку чыста тэхнічна СБУ дзеяла законна.

«Так, яны сказалі Балянкову, што ён можа абскардзіць гэтае рашэнне, але яны дадуць яму ўсе патрэбныя паперы толькі на мяжы – пры перадачы беларускаму боку. А мы выдатна разумеем, што гэта азначае. На жаль, гэта адбываецца не першы раз, калі чалавек можа абскардзіць, ужо перабываючы ў турме ў іншай дзяржаве. Гэта было ў 2019 годзе, у 2020 годзе, і раней таксама», – кажа Максім Буткевіч.

У якасці прыкладу суразмоўца прыводзіць затрыманне і прымусовае выправаджэнне ў 2019 годзе з Украіны вядомага беларускага анархіста Аляксандра Францкевіча, які цяпер за кратамі СІЗА № 1 у Менску і прызнаны палітычным вязнем.

Артыкулы
«У 2010-м было цяжэй». Маці анархіста Аляксандра Францкевіча не бачыла сына ўжо 13 месяцаў
2021.09.12 14:25

«У дачыненні яго выканалі абсалютна тую ж працэдуру. Яго забралі, вывезлі на мяжу, далі там яму дакументы ў рукі і выштурхнулі на той бок. Усё. Хочаш – абскарджвай, не хочаш – не. Францкевіч – гэта толькі адзін з многіх прыкладаў», – кажа Максім Буткевіч.

На думку Максіма, Служба бяспекі Украіны спрабуе такім чынам абысці законную працэдуру экстрадыцыі, дзеючы таксама згодна з законам, але пры гэтым не даючы магчымасці абараніць сябе тым людзям, якіх выправаджваюць:

«Аляксей Балянкоў – першы чалавек за многія гады, якога ўдалося выцягнуць у апошні момант».

Матэрыял са справы Аляксея Белянкова

Чаму СБУ так ахвотна супрацоўнічае з калегамі з РБ

На пытанне, чаму супрацоўнікі СБУ аддаюць перавагу выправаджванню, пазбягаючы працэдуры экстрадыцыі, калі чалавек мае права на абскарджанне і абарону, Максім Буткевіч адказу не ведае. Загадкаю для яго застаецца і тое, чаму ўкраінская Служба бяспекі так ахвотна ідзе на супрацу з беларускімі сілавікамі.

«Гэтае пытанне трэба задаць ім. Але пры гэтым нават у справе Балянкова фігураваў публічны дакумент паводле лініі Інтэрполу, дадзены СБУ, дзе ўжо ў першых радках гаворыцца пра інфармацыю, атрыманую ад ГУБАЗіК Беларусі. Гэты дакумент публічны, і ён якраз паўстаў у працэсе Балянкова. Калі б яго не было, то мы б пра гэта нават не ведалі. І датаваны ён канцом сакавіка 2021 года. Гэта не вясна мінулага года і не восень. Усе ўжо ўсё выдатна разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. І тым не менш…» – адзначае Максім Буткевіч.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Black cross ukraine / FBL

Нестара Махна паважаюць, а беларускіх анархістаў баяцца?..

Пільную ўвагу СБУ менавіта да беларускіх анархістаў эксперт тлумачыць тым, што прыхільнікі анархізму ў Беларусі, на ягоную думку, нашмат больш актыўныя, арганізаваныя і мэтанакіраваныя, чымся ва Украіне ці Расеі, а таму прыцягваюць да сябе ўвагу нават у эміграцыі.

«Мабыць, не хочацца ўкраінскім уладам, каб у краіне было вельмі шмат вось такіх, ужо гатовых да дзеяння, якія ўжо маюць досвед дзеяння ў Рэспубліцы Беларусь, людзей», – мяркуе суразмоўца.

«Гэта ніякім чынам не адлюстроўвае сітуацыі ва Украіне, дзе анархісцкае мінулае ды сучаснасць берагуць і песцяць, пачынаючы ад Нестара Махна і гэтак далей. Але цікава, што галоўная спецслужба краіны паспрабавала на працэсе Балянкова аргументаваць сваё рашэнне аб выправаджванні ягоным палітычным светапоглядам і поглядамі. Гэта вельмі трывожна. І ў нас такога раней не было ніколі, але вось – прыйшоў час», – кажа Максім Буткевіч.

Між тым, адзначае Максім, прадстаўнікі ультраправых арганізацыяў, выхадцы з Беларусі, ганенняў і пераследу ва Украіне не зазнаюць: «І гэта, вядома, вельмі трывожна».

«Украінскае дзяржава робіць недастаткова, каб дапамагчы беларускім уцекачам»

З назіранняў нашага суразмоўцы, апошнім часам вялікая частка беларускіх актывістаў прыязджае ва Украіну, каб у далейшым пераехаць у іншую краіну. Гэта сумна, прызнаецца ён, бо лічыць, што «працаваць на лепшую будучыню Беларусі нашмат лягчэй і зручней якраз з Украіны».

«Бюракратычныя рагаткі шмат каго адштурхоўваюць, і я іх выдатна разумею. Так, трэба прызнаць, што ўкраінская дзяржава не зрабіла дастаткова, а па вялікім рахунку – не зрабіла нічога, каб дапамагчы беларускім уцекачам. У шырокім сэнсе слова, каб пачаць нешта зноўку альбо працягнуць сваю дзейнасць і адчуваць сябе тут у поўнай бяспецы», – дзеліцца меркаваннем Максім Буткевіч.

«Добры шчыт» ад СБУ. Тры правілы

Тым, хто выехаў з Беларусі ва Украіну і да канца не ўпэўнены, што беларускае КДБ ці МУС не вышле ўкраінскім калегам запыту на затрыманне і выправаджванне, Максім раіць прытрымлівацца прынамсі трох правілаў.

  • Звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі

«Па-першае, калі ласка, звязвайцеся з тымі ініцыятывамі, якія ва Украіне дадуць вам кансультацыі і дапамогу. Гэта наш праект «Без межаў», гэта «Free Belarus Center» і яшчэ цэлы шэраг арганізацыяў. Бо часта людзі карыстаюцца інфармацыяй, атрыманай праз трэція рукі, якая ў працэсе скажаецца».

  • Не парушаць украінскіх законаў

«Другое: не варта рабіць дзеянняў, што не адпавядаюць заканадаўству Украіны. Мы ведаем, што Украіна мае імідж вельмі карумпаванай краіны, і гэта, на жаль, недалёка ад рэчаіснасці. Але не варта спрабаваць «развязваць пытанні», калі хтосьці вам параіў так дзеяць. Калі ласка, звярніцеся спачатку па кваліфікаваную канфідэнцыйную дапамогу ў арганізацыі».

  • Прасіць палітычны прытулак

«Трэцяе і, напэўна, самае важнае. У той дзень, калі прыйшлі па Балянкова, супрацоўнікі СБУ прыйшлі яшчэ па аднаго беларускага анархіста. Але выправаджваць яго нават не спрабавалі, бо ён падаваўся на статус уцекача. Балянкоў – не. Калі чалавек просіць палітычны прытулак, нават калі яшчэ не прынятае рашэнне, усё роўна яго выдаляць нельга. І гэта вельмі важна! Калі вы не ўпэўненыя, што вас не будуць спрабаваць экстрадаваць, падавайцеся на статус уцекача. Гэта не дарога з аднабаковым рухам: вы можаце выйсці з гэтай працэдуры, не праблема. Але галоўнае, што ні часовы, ні сталы від на жыхарства, ні іншыя юрыдычныя статусы, акрамя як зварот па статус уцекача, не абароняць вас ад выправаджвання. Гэта добры шчыт. Галоўнае – берагчы сябе. У першую чаргу».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у 2021-м толькі за першае паўгоддзе Служба бяспекі Украіны выправадзіла з тэрыторыі гэтай дзяржавы і перадала ўладам Беларусі 16 чалавек. Хто гэтыя людзі, чаму іх выправадзілі і ў чым абвінавачвалі ў Беларусі, невядома.

Артыкулы
Каардынатарка Free Belarus Center: Дыяспары ва Украіне не склалася, але гэта і не кепска
2021.09.11 15:30

ДК/МВ belsat.eu

Стужка навінаў