Чаму Літве забаранілі выправаджваць у Беларусь пяцёх афганцаў. Менск знайшоў у законах дзіру?


Еўрапейскі суд правоў чалавека забавязаў трэція краіны клапаціцца пра мігрантаў, якія ідуць з Беларусі: Літву – не выправаджваць пяцёх афганцаў, Латвію і Польшчу – забяспечваць ежай і адзеннем дзясяткі афганцаў ды іракцаў, якія захраслі на беларускай тэрыторыі мяжы.

Ілюстрацыйнае фота. Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуску «Райгардас», Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Ці знайшлі ўлады Беларусі «баг» у еўрапейскіх законах, які здымае з іх адказнасць за мігрантаў з трэціх краінаў? «Белсат» спытаў праваабаронцу «Human Constanta» Алену Чаховіч.

У выпадку Літвы гаворка была пра тое, што мігранты ўжо прабраліся ў Літву з тэрыторыі Беларусі, у выпадках Латвіі ды Польшчы – пра тое, што мігранты застаюцца ля іх межаў, але як праз гэтыя межы, гэтак і глыбей на беларускую тэрыторыі іх не пускаюць. У абодвух выпадках згадвалася, што Беларусь не падпісала Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека (ЕКПЧ) 1950 года.

Hавiны
Еўрапейскі суд правоў чалавека забараніў Літве выдвараць у Беларусь пяць афганцаў
2021.09.08 22:47

Літва, Латвія і Польшча тую канвенцыю ратыфікавалі (як і ўсе краіны Рады Еўропы), а значыць, пастанавіў Еўрапейскі суд правоў чалавека, абавязаныя гарантаваць права на жыццё (артыкул 2 ЕКПЧ) і права на эфектыўны сродак прававой абароны (артыкул 13), не дапускаць бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжання (артыкул 3) і калектыўнага высылання замежнікаў (артыкул 4 пратаколу 4).

Алена Чаховіч.
Фота: архіў гераіні

Яны абавязаныя, а Беларусь, з якой да іх прыйшлі мігранты з трэціх краінаў, не абавязаная? Праваабаронца Алена Чаховіч тлумачыць: тое, што Беларусь не далучылася да канвенцыі, значыць толькі, што Еўрапейскі суд правоў чалавека не можа разглядаць скаргаў людзей адносна Беларусі. Праз гэта ў міжнародным праве робіцца меней толькі на адзін інструмент уплыву на Беларусь.

«На шчасце, абавязкі дзяржаваў у сферы абароны правоў мігрантаў вызначаныя не толькі ў ЕКПЧ, але таксама ў дакументах ААН і ў нацыянальным заканадаўстве дзяржаваў, беларускім заканадаўстве ў прыватнасці, – тлумачыць Чаховіч. – Беларусь мусіць прымаць мігрантаў на падставе нормаў закону Беларусі аб наданні статусу ўцекача, дадатковай і часовай абароны, а таксама Канвенцыі ААН аб статусе ўцекачоў».

Ці можа якая-небудзь вышэйшая інстанцыя скасаваць пастанову Еўрапейскага суда правоў чалавека адносна Польшчы, Літвы і Латвіі, калі яны заяўляюць пра «гібрыдную агрэсію» з беларускага боку, што зарганізаваў плынь нелегальнай міграцыі? Праваабаронца перакананая: не. Бо суд не інструмент у палітычных гульнях, ён мусіць ацэньваць сітуацыю толькі з гледзішча міжнародных абавязкаў краінаў.

Hавiны
Прэзідэнтка Еўракамісіі: Беларусь чыніць гібрыдную атаку дзеля дэстабілізацыі Еўропы
2021.09.15 13:14

Калі мігранты будуць спрабаваць прасіць прытулак у краіне Еўразвязу, то краіна абавязаная разглядзець такое прашэнне і, адпаведна, пусціць людзей на сваю тэрыторыю. А ўжо ў працэсе разгляду прашэння мусяць вызначыць, ці ёсць падставы даваць абарону, і толькі калі няма, тады высылаць назад.

«Спасылка на гібрыдную атаку – гэта ўжо сфера палітыкі, – дадае Чаховіч. – Тут трэба, каб Беларусь несла адказнасць, а не мігранты за яе дзеянні».

Hавiны
Літва адмовіла ў прытулку 570 мігрантам, якія нелегальна прыйшлі праз Беларусь
2021.09.14 16:32

АА belsat.eu

Стужка навінаў