«Аб’ядналі ў магілах і дэпартацыі». Топ-10 беларускіх дзеячаў – ахвяраў паходу 17 верасня


17 верасня ў Беларусі ўпершыню будуць святкаваць Дзень народнага адзінства. Прызначэнню свята на гэты дзень не перашкодзіла ні тое, што аб’яднанне Заходняй Беларусі адбылося толькі 14 лістапада 1939 года, ні шматлікія ахвяры тых падзеяў.

«Не можам нават арыентавана сказаць»

Колькі людзей з 17 верасня 1939 года да 22 чэрвеня 1941 года «аб’ядналі ў магілах і падчас дэпартацыі», у каментары «Белсату» распавёў беларускі гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузняцоў.

Адмысловец нагадаў, што ўслед за часткамі Чырвонай арміі, якія 17 верасня мінулі савецка-польскую мяжу, ішлі 92 аператыўна-чэкісцкія групы. У іх функцыі ўваходзіла складанне спісаў нядобранадзейных элементаў, першапачатковыя арышты і збор адпаведнага кампрамату. Гэтыя групы дзеялі ў верасні – лістападзе 1939 года. У снежні ўжо ў Маскве пастанавілі, што з тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі ўвесь нядобранадзейны элемент трэба дэпартаваць у аддаленыя раёны СССР.

«Польскія войскі ў асноўным без бою здаваліся Чырвонай арміі, бо была адмысловая каманда на гэты конт. І вядомыя факты расстрэлу ўжо вайсковапалонных жаўнераў і афіцэраў, напрыклад, у Кобрыне. Над імі чыніліся акты беззаконня, расстрэльвалі без суда і следства. Гэта яшчэ не беларускі Катынскі спіс. Яны нідзе не зафіксаваныя, толькі асобныя рапарты і зводкі НКВД. Але гэтая інфармацыя закрытая, таму мы не можам нават арыентавана сказаць, колькі было забіта пасля ўзяцця ў палон», – падкрэсліў Ігар Кузняцоў.

Што датычыць беларускага Катынскага спісу, то, паводле афіцыйных звестак, на тэрыторыі Беларусі ў 1939–1940 гадах расстралялі 3870 афіцэраў польскага войска. Але, як адзначыў гісторык, у гэтую лічбу не ўваходзяць чыноўнікі польскай адміністрацыі ды іншыя цывільныя, хто з гледзішча савецкай улады лічыўся нядобранадзейным.

«Агулам можна сцвярджаць, што каля 9–10 тысячаў чалавек былі расстраляныя на пастанову Палітбюро за 5 сакавіка 1940 года», – мяркуе даследчык.

Каля 100 тысячаў дэпартаваных

Найбольшая катэгорыя пацярпелых – жыхары Заходняй Беларусі, якіх дэпартавалі ў аддаленыя раёны СССР. У 1940 годзе, паводле звестак НКВД, правялі тры дэпартацыі: у лютым – 5732 чалавекі, у красавіку – 26 777, 29 чэрвеня – 22 879. Але, паводле Ігара Кузняцова, колькасць можа быць заніжаная прыблізна на 30–40 %.

Апошняя перадваенная дэпартацыя пачалася 20 чэрвеня 1941 года. Другі яе этап запланавалі на 28 чэрвеня, але з прычыны пачатку вайны ён не адбыўся. Тым не менш з 20 да 22 чэрвеня паспелі дэпартаваць 24 412 асобаў.

«Гэта кошт вызвалення. Гэтыя лічбы яшчэ далёка не поўныя. Але яны ўжо кажуць, што дзень яднання ў гэты дзень не проста не да месца. Гэта проста здзек з памяці тых, хто загінуў і быў рэпрэсаваны ў наступны перыяд», – адзначыў Ігар Кузняцоў.

Топ-10 ахвяраў

Сярод ахвяраў гэтак званага Дня народнага адзінства, былі і выбітныя беларускія дзеячы, якія стаялі ля вытокаў беларускага нацыянальнага руху ды аднаўлення дзяржаўнасці. У гэтым артыкуле згадайма топ-10 тых выбітных беларусаў, якія або загінулі ад камуністычнага рэжыму ў 1939–1941 гадах, або былі зняволеныя ў гэты час і памерлі затым у зняволенні ці ссылцы.

Прэм’ер-міністры Беларускай Народнай Рэспублікі

Раман Скірмунт.
Фота: wikimedia.org

Адною з першых ахвяраў сталінскага ўз’яднання стаў былы кіраўнік ураду і сакратар міжнародных справаў БНР Раман Скірмунт (1868–1939). Прадстаўнік кансерватыўнага крыла беларускага нацыянальнага руху стаяў ля вытокаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі ў 1905–1907 гадах, абіраўся дэпутатам расейскай Дзяржаўнай думы і чальцом Дзяржаўнага савету Расейскай імперыі. З пачатку 1917-га браў актыўны ўдзел у дзейнасці беларускіх нацыянальных арганізацыяў, узначальваў у Менску Беларускі нацыянальны камітэт і Менскае беларускае прадстаўніцтва. Увесну 1918-га нават узначаліў урад Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля адстаўкі працаваў у міжнароднай місіі БНР, імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі ў 1920 годзе. Апынуўшыся на тэрыторыі міжваеннай Польшчы, далучыўся да дзейнасці «віленскіх кансерватараў», быў польскім сенатарам у 1930–1935 гадах. Яго забілі 5 кастрычніка 1939-га ў ягоным жа маёнтку Парэчча: паводле ўспамінаў, на загад савецкага камісара Холадава.

Антон Луцкевіч.
Фота: wikimedia.org

Яшчэ адным беларускім прэм’ерам, які загінуў у выніку прыходу савецкіх войскаў, стаўся бацька беларускага адраджэння Антон Луцкевіч (1884–1942). У 1902 годзе ён стаяў ля вытокаў Беларускай рэвалюцыйнай партыі, а затым – і Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Быў сярод заснавальнікаў газетаў «Наша доля» і «Наша ніва», Беларускага выдавецкага таварыства і гэтак далей. У часе Першай сусветнай вайны ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Беларускі народны камітэт у Вільні, выкладаў на беларускіх курсах і адраджаў партыйнае жыццё. Менавіта Луцкевіч ініцыяваў і падрыхтаваў Трэцюю ўстаўную грамату, якою 25 сакавіка 1918 года абвесцілі незалежнасць БНР. Узначальваў урад рэспублікі з лістапада 1918 года да лютага 1920-га. Вёў перамовы аб прызнанні БНР ва Украіне, Польшчы і Францыі. У 1920-ыя гады былы прэм’ер стаяў ля вытокаў Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускага музею, узначальваў Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт і Беларускае выдавецкае таварыства, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Браў актыўны ўдзел у дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і Цэнтрсаюзу.

Антон Луцкевіч пераследаваўся расейскімі і польскімі ўладамі. Але гэта ніяк не параўняецца з тым, што ён зазнаў ад савецкага ладу. Яго арыштавалі 30 верасня 1939 года ў Вільні. 14 чэрвеня 1941-га яму прысудзілі 8 гадоў лагераў. Памёр адзін з айцоў беларускай незалежнасці 23 сакавіка 1942 года на перасыльным пункце ў Свярдлоўскай вобласці Расеі.

Беларускія сенатары і дэпутаты ў Польшчы

Аляксандр Уласаў.
Фота: wikimedia.org

Сярод ахвяраў паходу 17 верасня 1939 года быў і Аляксандр Уласаў (1874–1941). Як і Луцкевіч, ён быў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады, у 1906–1914 гадах выдаваў «Нашу долю» і «Нашу ніву». А ў 1918-м увайшоў у Менскае беларускае прадстаўніцтва Скірмунта. 14 снежня 1919 года ўвайшоў у прэзідыум Найвышэйшай Рады БНР. У міжваеннай Польшчы браў удзел у працы БСРГ і ТБШ, апекаваўся Радашковіцкаю беларускаю гімназіяй. А ў 1922–1927 гадах абараняў правы беларусаў у Сенаце Польшчы. Аляксандра Уласава арыштавалі 16 кастрычніка 1939-га, налета яму прысудзілі пяць гадоў лагераў. Памёр палітык 11 сакавіка 1941-га ў Кемераўскай вобласці Расеі.

Вячаслаў Багдановіч.
Фота: sppsobor.by

Адначасова з Уласавым беларускім сенатарам у Польшчы ў 1922 годзе стаў і багаслоў Вячаслаў Багдановіч (1878–1939). Да беларускага руху ён далучыўся ў 1917 годзе. У Заходняй Беларусі браў удзел у дзейнасці ТБШ, Беларускага нацыянальнага камітэту, а ў 1927–1930-х узначальваў Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, супрацоўнічаў з каталіцкаю Беларускай хрысціянскаю дэмакратыяй (БХД). У 1922–1930 гадах двойчы абіраўся ў Сенат Польшчы. У 1939-м польскія ўлады змясцілі яго ў лагер у Бярозе-Картузскай, адкуль вызвалілі з прыходам савецкіх войскаў. Але неўзабаве праваслаўнага дзеяча арыштавалі ўжо камуністычныя ўлады. 23 кастрычніка 1939 года яго перавезлі з Вільні ў Вялейку, дзе, паводле сведчанняў, яго ў хуткім часе і расстралялі.

Базыль Куц з сям’ёй.
Фота: plus.gazetalubuska.pl

Адным з апошніх беларускіх дэпутатаў у Польшчы быў Базыль Куц (1897–1944). Браў удзел у Першай сусветнай вайне, ваяваў у расейскай Белай гвардыі. У 1921 годзе Куц асеў каля Валожына, дзе займаўся гаспадаркай і ахвяраваў грошы на стыпендыі беднай беларускай моладзі. У 1930–1935 гадах стаў дэпутатам ад лідскай акругі польскага Сейму. Палітыка арыштавалі ў 1939-м і саслалі ў сібірскія лагеры. Памёр 17 лістапада 1944 года ў сённяшнім Казахстане.

Ад святара да вайскоўца

Фабіян Абрантовіч.
Фота: marianie.pl

Сярод ахвяраў савецкага аб’яднання былі не толькі палітыкі, а, напрыклад, каталіцкі святар Фабіян Абрантовіч (1884–1946). У 1917 годзе ён браў удзел у заснаванні Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці – будучай партыі БХД. Абрантовіч быў рэктарам Менскай каталіцкай духоўнай семінарыі, а 6 верасня 1918-га справіў у Менску першую каталіцкую імшу з казаннем па-беларуску. Быў абраны ў склад Рады БНР і Часовага беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. У 1928 годзе Ватыкан скіраваў святара ў Кітай, дзе ён узначаліў каталіцкую місію для расейскай дыяспары. У 1939-м Абрантовіч прыехаў на радзіму. Менавіта ў гэты час і пачаўся савецкі паход. Святар паспрабаваў выехаць, але быў затрыманы на мяжы. Яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Ватыкану і пасля катаванняў перавезлі ў Маскву. Там у 1942-м яму прысудзілі 10 гадоў лагераў. Памёр Фабіян Абрантовіч 2 студзеня 1946-га ў маскоўскай турме «Бутырка».

Ксёндз Адам Станкевіч (злева) і Янка Пазняк (справа).
Фота: kamunikat.org

Яшчэ адным лідарам БХД, які не перажыў савецкага ўварвання, стаўся Янка Пазняк (1887–1939) – дзядуля Зянона Пазняка. Яшчэ ў 1913–1915 гадах браў удзел у выданні беларускай каталіцкай газеты «Biełarus», у 1928–1936 гадах рэдагаваў газету «Biełaruskaja krynica», а пасля – часопіс «Хрысціянская думка». Да БХД далучыўся з моманту яе заснавання ў 1917-м, а ў 1928-м стаў сябрам ЦК. У 1936 годзе Янка Пазняк узначаліў прэзідыум Беларускага народнага аб’яднаня – так пасля перайменавання называлася партыя хрысціянскіх дэмакратаў. Яго затрымалі ў кастрычніку 1939 года ў Вільні, адкуль перавезлі ў 1940-м у Менск. Там ягоныя сляды губляюцца.

Памятная табліца ў гонар Францішка Умястоўскага ў Катыні.
Фота: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – Рада БНР / Facebook

Пісьменнік і вайсковец Францішак Умястоўскі (1882–1940) далучыўся да беларускай дзейнасці яшчэ ў 1902 годзе ў час навучання ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Свой першы твор на роднай мове апублікаваў у 1903-м. Як удзельнік Першай сусветнай вайны быў сярод галоўных стваральнікаў беларускіх вайсковых фармаванняў, у верасні 1920-га ўзначаліў Беларускую вайсковую камісію. Быў прадстаўніком Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні, выдаваў газету «Беларускі дзень» і часопіс «Беларуская культура». У 1939-м быў мабілізаваны ў польскае войска. 18 верасня Умястоўскі трапіў у савецкі палон. Загінуў у 1940 годзе ў Катыні.

Антон Неканда-Трэпка з жонкай.
Фота: archives.gov.by

Антон Неканда-Трэпка (1877–1942) таксама далучыўся да беларускага руху ў Санкт-Пецярбурзе. Быў сярод стваральнікаў БСГ, уваходзіў у склад выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1918 годзе ўвайшоў у ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, а ўзімку 1919-га стаў чальцом калегіі Наркамасветы БССР. З 1 сакавіка 1920-га – намеснік дырэктара Менскага беларускага педагагічнага інстытуту, а ў 1922–1923 і 1928–1930 гадах быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Стаяў ля вытокаў ТБШ, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Яго арыштавалі ў кастрычніку 1939-га і саслалі на 10 гадоў у Сібір. Неканда-Трэпка здолеў дамовіцца, каб яго пусцілі ў польскую армію генерала Уладзіслава Андэрса, але 12 лютага 1942 года ён памёр у Казахстане дарогаю на волю.

Уладзімір Самойла.
Фота: budzma.by

Апошні ў нашым спісе закатаваных і забітых беларусаў – філосаф і літаратурны крытык Уладзімір Самойла (1878–1941). Яшчэ ў 1906 годзе ён быў адным з заснавальнікаў кніжнага выдавецтва «Мянчук», дзе выдаў сваю «Жалейку» Янка Купала. Быў чальцом Менскай гарадской думы. Актыўна публікаваўся ў беларускім друку на тэму культуры, гісторыі, станаўлення і развіцця беларускага руху. У Заходняй Беларусі быў прыхільнікам БСРГ, працаваў бібліятэкарам у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Яго арыштавалі таксама ў кастрычніку 1939-га, пасля чаго перавезлі спачатку ў турму Беластоку, а затым – у Менску ці Вялейку. Там, верагодна, яго і расстралялі.

Агулам колькасць заходнебеларускіх дзеячаў, якія зазналі рэпрэсіі пасля 1939 года, значна большая, але шмат хто ўсё ж здолеў выжыць. Некаторыя з іх зрабіліся ахвярамі пераследу ўжо ў паваенны час. Таксама шмат якія заходнебеларускія дзеячы загінулі ў СССР яшчэ ў 1930-ыя гады, калі пераехалі ў БССР, паверыўшы савецкай прапагандзе. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў