Закрылі частку суда ў справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады»


Падчас закрытай часткі дае паказанні сведка Іван Жураўскі – сілавік, які прыкідваўся прыхільнікам змены ўлады.

Менскі абласны суд пачаў разгляд «cправы аб дзяржперавароце». Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

У Менскім абласным судзе 16 жніўня працягваецца разгляд справы «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады», у якой фігуруюць зняволеныя Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Як пішуць праваабаронцы «Вясны» са спасылкаю на расейскія медыі, паказанні сведкі Івана Жураўскага вырашылі слухаць без іншых назіральнікаў.

Удзельнікі працэсу падтрымалі хадайніцтва пракурора аб закрыцці працэсу ў час паказанняў Жураўскага. Праваабаронцы нагадваюць, што сілавік Жураўскі быў уведзены ў групу «змоўнікаў».

Так, Юрась Зянковіч сустрэўся з Жураўскім пасля онлайн-сустрэчаў – той пераконваў палітыка, што шмат сілавікоў жадаюць стаць на бок народу, і казаў, каб Зянковіч вёў перамовы пра захоп улады ў Беларусі з прадстаўнікамі амбасады ЗША.

Аналітыка
За тыдзень судовага разгляду справы «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» сапраўднай змовы не выявілася
2022.08.05 18:44

Абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года: Аляксандра Фядуту ўзялі пад варту ў Маскве разам з юрыстам Юрыем Зянковічам. Адначасова ў Шклове быў затрыманы лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Усе яны трапілі ў менскі СІЗА КДБ.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка выступіў з заявай аб тым, што амерыканскія спецслужбы рыхтавалі ў Беларусі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей. Да гэтага нібыта датычныя Фядута, Кастусёў і грамадзянін ЗША і Беларусі Зянковіч.

Затрыманыя асобы на ўказанне ЦРУ або ФБР нібыта планавалі 9 траўня здзейсніць вайсковы пераварот у Беларусі «паводле сцэнару каляровых рэвалюцыяў з прыцягненнем беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў», а таксама фізічна ліквідаваць Аляксандра Лукашэнку, захапіць ягоных дзяцей і пасадзіць іх у склеп у Гомельскай вобласці. Паводле Лукашэнкі, на знішчэнне ягонай загараднай рэзідэнцыі разам з ім нібыта вылучалася $ 10 млн, а на снайпера – $ 1 млн.

За кратамі дактары дыягнаставалі ў Рыгора Кастусёва анкалагічную хваробу. Нягледзячы на дыягназ, меры стрымання яму не змянілі. Таксама палітык перахварэў у зняволенні на COVID. Ад вялікай колькасці лекаў у яго з’явіліся праблемы з ныркамі.

Артыкулы
Пачынаецца суд у «cправе аб дзяржперавароце». Што пра гэта вядома?
2022.07.29 10:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў