Як распачаўся рух вольных спартоўцаў Беларусі. Вялікая размова з Аляксандрам Апейкіным


Роўна два гады таму без гучных лозунгаў і залішняга афіцыёзу распачаў сваю дзейнасць Беларускі фонд спартовай салідарнасці. Сёння гэта вялікая ўплывовая структура, якая актыўна дапамагае атлетам вярнуцца на міжнародную арэну і раскрывае антыспартовую дзейнасць афіцыйных уладаў Беларусі. Адзін з заснавальнікаў Фонду і цяперашні ягоны кіраўнік – выканаўчы дырэктар Аляксандр Апейкін – згадвае, як усё пачыналася.

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін дае інтэрв’ю на Кубку Івуліна. У польскай сталіцы адбылася першая гульня аматарскіх камандаў у гонар зняволенага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна. Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Размаўляем з Аляксандрам у незвычайных умовах. Беларускі Фонд спартовай салідарнасці ўпершыню стварыў сваю спартовую каманду, каб, у тым ліку і праз футбол прасоўваць ідэі вольнага беларускага спорту. Каманда здолела выгуляць першы «Кубак Івуліна», які прысвячаўся і ўсім беларускім палітвязням.

– Чаму стартавым пунктам дзейнасці Беларускага фонду спартовай салідарнасці можна лічыць 16 жніўня 2020 года?

– Гэта хутчэй сімвалічная дата. Насамрэч такога адмысловага дня няма. Але менавіта праз тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў быў складзены Адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія выступалі супраць гвалту і беззаконня ў краіне, за новыя выбары. Ліст, які за першы месяц падпісалі больш за 500 асобаў. І ад гэтай ініцыятывы, як мы лічым, распачаўся рух вольных спартоўцаў Беларусі. Хаця ідэя стварэння чагосьці падобнага (фонду, незалежнай асацыяцыі) існавала ўжо даўно. Мы пра яе разважалі з многімі калегамі. Было відавочна, што наспела неабходнасць стварэння такога Беларускага спартовага прафсаюзу, які юрыдычна абараняў бы правы сваіх чальцоў. І, уласна, Фонд ствараўся пасля 16 жніўня, калі пачаўся ціск на атлетаў. Мы, сярод якіх былі дзейныя атлеты, самбіст Сцяпан Папоў, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў і іншыя, адчулі, што стварэнне падобнай арганізацыі як ніколі актуальнае. У выніку адбыўся, па сутнасці, беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі. Такога абʼяднання не было ніколі ні ў воднай краіне. Гэта наш здабытак, які дае шанец годным спартоўцам і цалкам беларускаму спорту ў будучыні на роўных жыць у вялікай алімпійскай сямʼі, дзе нашым людзям не будзе сорамна за мінулае, дзе будзе існаваць сапраўдная ідэалогія спорту, а сам спорт выконваць функцыю адпачынку для вольнага грамадства, калі будуць заўзець усе беларусы, як гэта было раней. Мы рабілі стаўку на кваліфікаваных адмыслоўцаў, якія вельмі добра разбіраюцца ў сучасным спорце, юрыдычных пытаннях, у структуры працы міжнародных спартовых інстытутаў. Некаторых з гэтых людзей я асабіста ведаю шмат гадоў і сам запрашаў у каманду. Мы працавалі і працуем з неверагоднай энергіяй. Было відавочна, што нашая каманда была і застаецца на дзве, на тры галавы вышэйшай і мацнейшай за адміністрацыйны склад Нацыянальнага алімпійскага камітэту ці Міністэрства спорту. Паводле ўзроўню інтэлектуальнасці і ініцыятыўнасці кадраў перш за ўсё. Дарма што саступаем ім у фінансавым плане.

Заўзятары і гледачы складаюць беларускі сцяг падчас Кубку Івуліна.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Вы ж дзейнічалі напачатку яшчэ ў Беларусі, уладу ў якой утрымлівала аўтакратыя. На што спадзяваліся?

– На тыдзень нас яшчэ хапіла. Праца з Адкрытым лістом выклікала вельмі сур’ёзны рэзананс. Я рабіў гэта з ананімных акаўнтаў, але ўлады высветлілі, што і адкуль. Сустрэліся са знаёмым, і ён сказаў: усё, прагучала тваё прозвішча. Літаральна цягам двух-трох дзён трэба было пераносіць нашую дзейнасць у іншую краіну.

– Але ж вы пачыналі без стартавага капіталу. А калі паставілі на мэце дапамагаць спартоўцам, асабліва тым, каго настойліва ціснуць НАК і Міністэрства спорту, пагражаючы не пусціць на Алімпіяду, то без фінансавага рэсурсу тут не будзе эфектыўнасці.

– Ведаеце, можна сапраўды пагадзіцца з Зянонам Пазняком, што першае – гэта ідэя і яе моц, другое – людзі, іх уласная энергія, а грошы – адзін з такіх рэсурсаў, які назапашваецца паступова. Я б сказаў, што ў гэтым рэвалюцыйным працэсе грошы маюць не апошняе значэнне, але і не самае першае. Бо шмат гістарычных рэчаў рабілася без грошай, яны не былі кардынальна важным чыннікам. Наадварот, мы спрабавалі развязаць нейкія пытанні, калі ўкладаліся ў аўтсорсінгавыя або юрыдычныя кампаніі, якія нам дапамагалі, што, вядома, не давала такога хуткага выніку. Але калі кажуць, што без грошай нельга і кроку ступіць, гэта не так. Найважней найперш разумець, што адбываецца, злавіць грамадскую хвалю, каб быў запыт на ініцыятыву ці дзейнасць. А грошы прыкладуцца.

Аналітыка
У Індыі завяршылася шахматная Алімпіяда. Распавядаем, чаму беларускія ўлады адмовіліся ад турніру
2022.08.10 21:11

– Але, як вы казалі раней, у вас няма прагі да партфеляў у новым Міністэрстве спорту Беларусі.

– Мы – грамадская арганізацыя. І нашыя мэты – у тым, каб ужо цяпер змяняць светапогляд спартоўцаў, якія засталіся там, рабіць іх незалежнымі ад рэжыму, даводзіць, што ў гэтай супольнасці мы павінныя ўдасканальвацца ў першую чаргу ментальна. Што датычыцца руху вольных спартоўцаў, то за гэтую дзейнасць нам не сорамна. Мне падаецца, што нам удалося зрабіць нават на 500 адсоткаў больш, чым мы маглі б зрабіць увогуле. А Міністэрства спорту я лічу лішняй структурай у Беларусі проста таму, што яно не выконвае сваіх функцыяў. Такіх, як развіццё дзіцяча-юнацкага або масавага спорту. А вялікім спортам, у які, уласна, прыходзяць з масавага, павінныя займацца федэрацыі відаў спорту.

Аляксандр Хацкевіч забівае пераможны гол падчас пенальці ў фінале Кубку Івуліна.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Шчыра кажучы, здзівіўся, што ў вас няма свайго офісу. Былі думкі, што калі вы распачыналі сваю замежную дзейнасць у Вільні, то працуеце пры Офісе Святланы Ціханоўскай.

– Мы роўнааддаленыя ад усіх палітычных цэнтраў. Відавочна, што мы не маглі не ўзаемадзейнічаць, бо працавалі ў адным полі. І мэты ў нас агульныя. Але мы ўсё ж трымаем нейкую дыстанцыю. Бо ў нашай супольнасці вельмі шмат справаў, якія яшчэ не вырашаныя. І няма проста ні рэсурсу, ні часу займацца яшчэ палітычнымі пытаннямі. Нашая асноўная задача – рэагаваць на запыты спартоўцаў, прыходзіць ім на дапамогу і старацца развязваць іхныя праблемы. А для гэтага зусім не неабходная кабінетная праца. Нашыя менеджары, юрысты, кансультанты, іншыя адмыслоўцы жывуць у розных краінах, і мы даволі эфектыўна даем рады з каардынацыяй супольных дзеянняў. Паглядзіце, колькі годных, разумных, інтэлігентных і ініцыятыўных людзей часова пераехалі за мяжу з Беларусі. Тут ужо зараз можна ствараць розныя арганізацыі. Супольнасць у нас вельмі моцная. І мы ганарымся тым, што за два гады не страцілі людзей, не страцілі энергію, ініцыятыву, працоўную структуру. Усё цалкам захавалася. А галоўнае – мы не страцілі даверу людзей, што ёсць вельмі сур’ёзным капіталам.

– Калі здавалася, што вы будзеце ісці адным фронтам наперад, не азіраючыся і не спатыкаючыся, ажно да самай перамогі, раптам Аляксандра Герасіменя пакінула каманду. Паўплывала жыццё Аляксандры з малым дзіцём у ваеннай Украіне і драматычны выезд з яе ці справа ў іншым?

– Ведаеце, ёсць шмат асабістых рэчаў, якія на ўзроўні рацыянальнага тлумачыць не мае сэнсу. Увогуле мы ўсе дамовіліся не каментаваць гэтага. Але сітуацыя такая, што час непрадказальны. Сёння так, заўтра – па-іншаму. І таму ставіць нейкія кропкі і спальваць масты – не нашая сітуацыя. Нас не так шмат, каб кагосьці выкрэсліваць і ад кагосьці адмаўляцца. Тым больш ад такой знанай спартоўкі. Намінальна абавязкі кіраўніка вярнуліся да выканаўчага дырэктара, але асаблівых паўнамоцтваў у мяне няма. Мы стратэгічна будуем адзін з інстытутаў улады ў новай Беларусі і вельмі добра разумеем, што яго дзейнасць не мусіць залежаць ад аднаго чалавека. Ёсць прынцыповыя правілы, функцыянальныя кірункі, выпрацаваныя інструкцыі. У нас кожная асоба – гэта чалавек-функцыя. Я не бяру на сябе нейкага абсалютнага лідарства, толькі хіба ў выключных выпадках. Усё абмяркоўваецца з іншымі чальцамі каманды. І гэта абсалютна нармальна. Так павінна працаваць арганізацыя, якая заяўляе сябе моцным грамадскім інстытутам. Таму мы не бачым сэнсу кагосьці зноў вылучаць на пасаду старшыні Фонду. Няма неабходнасці маральна натхняць людзей. Усё звялося да збольшага юрыдычнай працы, якой вельмі шмат. Проста бясконца. Ёсць рэчы, звязаныя з фандрэйзінгам, аўкцыёнамі. Гэта тое, што маюць здзяйсняць кваліфікаваныя людзі, прафесійныя менеджары ў юрыспрудэнцыі, фінансах. Мы цалкам падсправаздачныя еўрапейскаму заканадаўству. І там усё празрыста. Парушыць гэтыя нормы проста немагчыма. Ёсць хіба патрабаванні прыватных партнёраў не публікаваць звестак. Каб іх супраца нідзе не афішавалася. Бо яны хвалююцца і за родных у Беларусі, і за свой бізнес, таму ўзровень канфідэнцыйнасці мы мусім захоўваць.

Заўзятары з 30-метровым беларускім сцягам падчас гульняў на Кубку Івуліна.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Што сёння ёсць вашым асноўным кірункам дзейнасці?

– Ва ўмовах, калі «забаненыя» нашыя НАК і спорт агулам, Беларускі фонд спартовай салідарнасці робіцца адзінаю структураю, якая афіцыйна рэпрэзентуе беларускі спорт і беларускіх спартоўцаў. Цяпер ёсць усе ўмовы, каб Фонд стаў такім грамадскім лідарам, які імкнецца да таго, каб вярнуць нам міжнароднае прызнанне. У нас усё для гэтага ёсць, і мы не збіраемся спыняцца. У Польшчы мы амаль легалізавалі нашых спартоўцаў, ва Украіне вядзем актыўныя перамовы на гэты конт. Таму калі распачнецца новы грамадска-палітычны сезон, я думаю, што мы зможам дамовіцца таксама ў краінах Балтыі, іншых дзяржавах у вектары міжнароднага прызнання беларускіх спартоўцаў, якія не падтрымалі ўсё яшчэ дзейны рэжым. Бо, давайце будзем аб’ектыўнымі, ёсць поўная дэлегітымізацыя беларускіх спартовых уладаў, з якімі не жадае супрацоўнічаць ніхто ў цывілізаваным свеце і ніколі ўжо іх не прызнае. Але ў той жа самы час робім акцэнт на працу з людзьмі і ўнутры Беларусі, на камунікацыю з імі. То бок існуе цэлая стратэгія, якая будзе накіраваная на дапамогу тым, хто застаўся з розных прычынаў. Сама арганізацыя будзе пашырацца. Ёсць вельмі моцны касцяк людзей, магутная супольнасць, дзе адно аднаго падтрымліваем, давяраем, і абсалютна кожны з нас цвёрда ўпэўнены ў дасягненні канчатковай мэты.

Каманда Фонду спартыўнай салідарнасці фатаграфуецца пасля перамогі на Кубку Івуліна.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Размаўляў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў