Упруцца ў плот ці зоймуць нішу? Беларусь хоча рабіць у сябе кубінскія і кітайскія лекі. Зноў


Дзейныя ўлады Беларусі плануюць нарасціць вытворчасць у краіне замежнай медычнай прадукцыі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра кубінскія лекі і кітайскія вітаміны. Але будучая эфектыўнасць гэтых планаў застаецца невідавочнай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Lev Fedoseyev / TASS / Forum

Улады Беларусі і Кубы – два ізаляваныя рэжымы – пастанавілі ўзмацняць паміж сабой супрацу ў фармацэўтыцы. У канцы ліпеня Беларусь наведала кубінская дэлегацыя. Па выніках візітаў было дамоўлена запусціць супольную вытворчасць медпрэпаратаў і атрыманне ліцэнзіяў на беларускія сродкі для продажу ў Лацінскай Амерыцы.

Кіраўнік працоўнай групы Нацыянальнага сходу Беларусі ў справе супрацы з парламентам Кубы Сяргей Клішэвіч адзначыў адносна супольнай вытворчасці кубінскіх прэпаратаў, што «дамоўленасці тут пэўныя ёсць, і работа вядзецца не з сённяшняга дня». Гэтак, паводле яго, Куба мае вялікія поспехі ў распрацоўванні лекаў для барацьбы з ракам.

«Цяпер вядзецца пра тое, каб падзяліцца з намі тэхналогіямі вытворчасці. І ўжо не проста, так скажам, атрыманне гэтых прэпаратаў і выкарыстанне ў нашай медычнай галіне, але і супольную вытворчасць», – сказаў Клішэвіч.

Што робяць на Кубе

У якасці першых крокаў беларускае Міністэрства аховы здароўя ўжо зарэгістравала кубінскую бустарную вакцыну супраць COVID-19 «Soberana Plus». Дырэктар Інстытуту Фінлэя, што займаецца вытворчасцю вакцыны, выказаў гатовасць даць беларускаму боку свае вакцыны задарма. Нядаўна прапановы «прышчапіцца назальна кубінскай вакцынай» з’явіліся і на беларускім радыё.

Вакцыну «Soberana», што з іспанскай перакладаецца як «суверэнная», дазволілі для ўжывання таксама ў Венесуэле, Нікарагуа і Іране. А вось у Еўропе ўжываць яе пакуль будуць толькі ў Беларусі. Магчыма, таму, што кубінская вакцына, як і расейскі «Спутник V», не мае ўхвалення Сусветнай арганізацыі здароўя. Дый эфектыўнасць яе ніжэйшая – 91,2 %. Гэтак, у «Спутника» паказнік складае 91,6 %, а ў «Pfizer-BioNTech» – 95 %. Апошнюю ў Беларусь не пускаюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вытворчасць вітамінаў. Мурманск, Расея.
Фота: Lev Fedoseyev / TASS / Forum

Што датычыць лекаў ад раку, то Куба ўжо некалькі гадоў займаецца іх вытворчасцю. Гэтак, з 2008 года на Кубе вырабляюць і тэрапеўтычную вакцыну ад раку лёгкіх «Cimavax EGF» як дадатковы сродак да радыетэрапіі ды хіміятэрапіі. Яна дапамагае кантраляваць хаду хваробы, што паляпшае якасць жыцця пацыента, асабліва на развітых стадыях раку. Крыху пазней таксама была зарэгістраваная вакцына «ProVaс», прызначаная для лячэння на позніх стадыях раку прастаты.

У 2016 годзе кубінскія навукоўцы зарэгістравалі «Heberferon» для лячэння раку скуры. Як заяўляецца, яго ін’екцыі змяншаюць памеры ўсіх пухлінаў на скуры, акрамя меланомаў, і даюць магчымасць пазбегчы хірургічных умяшанняў на твары чалавека.

Праўда, Беларусь не адзіная краіна ў рэгіёне, якая плануе займацца вытворчасцю кубінскіх лекаў. Сярод тых, хто планаваў ці плануе іх вырабляць у сябе, ёсць Турцыя, Расея ды Кітай. Уласныя даследаванні кубінскіх вакцынаў праводзіліся ў ЗША, Еўразвязе, Японіі ды Сербіі.

Кубінская медыцына – міф?

Як перадае Бі-Бі-Сі, у пытанні стану здароўя нацыі кубінская ахова здароўя апярэджвае іншыя краіны з нізкім і сярэднім узроўнем даходу на душу насельніцтва, а ў некаторых выпадках нават і значна багацейшыя дзяржавы. Станам на 2014 год кубінскія лекі набывалі больш як 50 краінаў свету. На Кубе моцна развіты аздараўленчы турызм, які прыносіць у бюджэт краіны каля $ 40 млн штогод.  Самыя кубінскія лекары часта працуюць у місіях за мяжой.

«Вядомыя кубінскія прэпараты: «Відатокс», «Heberprot P», «Мелагенін», «Карыядэрмін», «Пілатрафін», вакцына ад гепатыту В «Heber Nasvac», вакцына для лячэння раку скуры «Heberferon» – не маюць аналагаў у свеце, эфектыўныя і бяспечныя», – піша ўкраінскі сайт, што рэкламуе лячэнне на Кубе.

Курс лячэння каштуе $ 4600 без уліку выдаткаў на дарогу, кансультацыі дактароў і пражыццё.

Сярод тых, хто карыстаўся паслугамі кубінскіх медыкаў у лячэнні ад раку, быў, напрыклад, і былы прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс. Аднак у ягоным выпадку цуду не адбылося, і праз менш як два гады лячэння венесуэльскі лідар усё ж адправіўся на той свет.

Тым не менш ёсць і тыя, хто сумняецца ў эфектыўнасці кубінскай медыцыны. Гэтак, лекары, якія ўцяклі з Кубы, заяўляюць, што «сістэма аховы здароўя на Кубе разбураная», а «людзі паміраюць у калідорах». Адзначаецца, што ў медычных установах бракуе самых неабходных лекаў, а самыя лякарні «антысанітарныя і занядбаныя». Апроч гэтага Куба пасылае медыкаў за мяжу, як кажуць некаторыя даследаванні, часта супраць іхнай волі і без належнага фінансавага забеспячэння.

Другім наваратам

Беларусь і Куба супрацоўнічаюць у фармацэўтычнай сферы ўжо не першы год. Яшчэ дзевяць гадоў таму, у ліпені 2013 года, ужо былы беларускі амбасадар у Гаване Уладзімір Астапенка, які цяпер ёсць намеснікам кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, анансаваў вытворчасць у Беларусі лекаў супраць раку паводле кубінскіх тэхналогіяў.

У каментары «Белсату» Уладзімір Астапенка адзначыў, што ў кубінцаў тады былі «цікавыя напрацоўкі, якія яны спрабавалі ўкараніць у нашае жыццё». Але беларуская медычная прамысловасць «вельмі насцярожана гэта ўсё ўспрыняла і вялікага энтузіязму не адчула», нават, наадварот, лабіявала пераход ад кубінскіх лекаў да еўрапейскіх. Дыпламат не выключае, што прычынаю былі больш «адкатна выгадныя» схемы атрымання лекаў з Еўропы.

Пры гэтым кубінскі бок хацеў пастаўляць у Беларусь лекі, а ўзамен атрымліваць з Беларусі сельскагаспадарчую тэхніку. Вялося прынамсі пра дзясяткі мільёнаў долараў.

«Гаворка вялася патэнцыйна пра бартар, калі мы маглі б нарошчваць свой экспарт тэхнікі на Кубу, а ў адказ атрымлівалі б патрэбныя нам лекі. Але да пытання патрэбных нам лекаў мы так і не дайшлі, адпаведна і тэхніку ў масавай колькасці пастаўляць на Кубу паводле гэтай схемы не пачалі», – распавёў Уладзімір Астапенка.

Цяпер, на ягоную думку, гэтую схему спрабуюць вярнуць. Толькі ўжо, магчыма, кубінцы прапануюць свае паслугі ў прасоўванні беларускіх лекаў на рынак Лацінскай Амерыкі. Але ў перспектыву гэтага дыпламат не верыць.

«Такая самая будзе схема: упруцца ў плот, як кубінцы ўперліся ў наш плот. Гэта вельмі закрытая супольнасць, мае свае лабісцкія каналы, сваіх імпарцёраў, адпрацаваныя схемы адкатаў і закупаў. І ў гэтыя ланцужкі вельмі складана прарвацца», – мяркуе Уладзімір Астапенка.

Аналітыка
«Я ж памру без яго!» Якіх лекаў бракуе ў беларускіх аптэках, і наколькі падаражэлі імпартныя прэпараты
2022.05.02 09:00

Што цікава, у Беларусі лекі з Кубы дагэтуль не прадаюцца. На сайце Tabletka.by згадваюцца тры кубінскія прэпараты (вакцына для прафілактыкі віруснага гепатыту В «ЭБЕРБИОВАК НВ», мазь «ЭБЕРМИН» і «ЭБЕРОН АЛЬФА Р»), але ўсе яны адсутнічаюць у продажы.

Не толькі лекі, але і вітаміны

Асобную вытворчасць вітамінаў плануюць стварыць разам з кітайскімі партнёрамі на базе Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), якую ўзначальвае былы прэм’ер Кыргызстану Даніяр Усенаў, які змяніў імя на Данііл Урыцкі.

«Нашая краіна не вырабляе вітамінаў, дый у свеце гэта лічаныя прадпрыемствы. Беларусь будзе мець той прадукт, які раней імпартаваўся, а значыць – умацоўваць пазіцыі на постсавецкай прасторы, у свеце», – заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц.

У прыватнасці, з дапамогаю Кітаю плануецца вырабляць вітаміны В2, В12 і С.

«Мы ставімся да вітамінаў як да лекаў, але ў некаторых краінах яны спажываюцца разам з ежай і зрабіліся часткай штодзённага рацыёну людзей», – падкрэсліў Урыцкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вытворчасць кампаніі «Northeast Pharmaceutical Group» у Кітаі.
Фота: Zhang Wenkui/Sipa Asia / Zuma Press / Forum

А вось ананімны фармацэўт у размове з карэспандэнтамі «Белсату» скептычна ставіцца да перспектываў будучай вытворчасці вітамінаў.

«Вітаміны вырабляць вельмі проста і нядорага, таму Беларусь цалкам можа гэта рабіць, але такіх вытворцаў мільён, тая ж Індыя, з непараўнальна больш магутнай прамысловасцю, таму я не вельмі веру, што гэта дасць істотны даход РБ. Акрамя таго, звычайна аптэчныя вітаміны танныя, а значыць, на іх асабліва не зарабіць у прынцыпе», – адзначыў эксперт.

Якою будзе якасць?

Кандыдат фармацэўтычных навук з Расеі Віктар Сіраценка, да якога па каментар звярнуліся карэспандэнты «Белсату», адзначыў, што кітайская сыравіна цяпер актыўна выкарыстоўваецца ў вытворчасці вітамінаў і біялагічна актыўных дадаткаў (БАД).

«Таму ніякіх праблемаў [з вытворчасцю быць не павінна. – Рэд. Belsat.eu]. Тэхналагічных магутнасцяў у Беларусі больш чым дастаткова. Павінна хапіць», – мяркуе кандыдат фармацэўтычных навук.

Пры гэтым незразумела, што меў на ўвазе віцэ-прэм’ер Леанід Заяц, кажучы, што вітаміны ў свеце вырабляюць толькі лічаныя прадпрыемствы, бо нават на тэрыторыі СНД ёсць як уласныя прадпрыемствы, гэтак і філіялы буйных замежных кампаніяў. Тым не менш эксперт мяркуе, што з вытворчасцю вітамінаў Беларусь усё ж здолее заняць сваю нішу.

«Попыт на гэтыя прэпараты расце з кожным годам. У людзей уваходзіць у моду і здаровае харчаванне, і здаровы лад жыцця. Таму цалкам магчыма», – заявіў Віктар Сіраценка.

Якасць будучай прадукцыі будзе залежаць як ад якасці кітайскай сыравіны, бо «экспарцёраў там вельмі шмат», гэтак і ад стану тэхналогіяў вытворчасці.

«Калі гэта звычайная вытворчасць, якая нармуецца ўнутрыдзяржаўнымі актамі (напрыклад, ДАСТамі), то гэта адно пытанне. Калі вытворчасць атрымае акрэдытацыю GMP – належную вытворчую практыку, то тут ніякіх пытанняў, абсалютна», – падкрэсліў навуковец.

Праўда, праект уладаў Беларусі яшчэ мусіць падтрымаць кітайскі бок, які гэтага пакуль не зрабіў. Дый нават калі гэта адбудзецца, будаўніцтва новага аб’екту пачнецца не раней за лета 2023 года. Наколькі Беларусь здолее выйсці на замежныя рынкі і атрымаць належную акрэдытацыю ва ўмовах санкцыяў і сусветнай ізаляцыі, застаецца адкрытым пытаннем. Напрыклад, у суседняй Украіне беларускія лекі забаранілі яшчэ ў сакавіку.

Hавiны
Мінздароўя Украіны забараніла беларускія лекі
2022.03.20 14:37

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў