Рэальныя даходы насельніцтва Беларусі за 6 месяцаў знізіліся на 2,7%. ВУП упаў на 5,2%


Зніжэнне рэальных даходаў беларусаў паскараецца разам з падзеннем ВУП. Прычым спад паскараецца на фоне росту гадавой інфляцыі, зарплаты і пенсіі не паспяваюць за коштамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле звестак «Белстату», па выніках перыяду за студзень-чэрвень 2022 года рэальныя грашовыя даходы беларусаў скараціліся на 2,7%. За студзень-красавік яны знізіліся на 1,2%, а цяпер гэтая лічба вырасла больш як у два разы. Даходы насельніцтва не паспяваюць за інфляцыяй.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы ў студзені-чэрвені займала 65%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, – 8,1%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) – 22,1%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы – 4,8%.

ВУП Беларусі за 6 месяцаў гэтага года ўпаў на 5,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У цяперашніх цэнах валавы ўнутраны прадукт склаў 104,6 млрд рублёў.

За паўгоддзе падзенне ВУП складала яшчэ 4,2% – гэта значыць, што спад беларускай эканомікі паскараецца. Аднак па прагнозах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны павінен быў быць рост на 2,9 працэнта.

Міжнародныя арганізацыі ацэньваюць падзенне валавога ўнутранага прадукту Беларусі па выніках года на 6,4-6,5 працэнта.

Вытворчасць сельгаспрадукцыі па выніках сямі месяцаў упала на 10,4% да 12,2 млрд рублёў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак. Прамысловая вытворчасць за сем месяцаў скарацілася на 6,2% да 95,2 млрд рублёў. Яна знізілася ва ўсіх галінах, за выключэннем горназдабываючай прамысловасці, дзе адзначаецца прырост 2,2%. Апрацоўчая прамысловасць таксама скараціла аб’ёмы вытворчасці на 7,1%.

Рознічны тавараабарот за сем месяцаў скараціўся на 1,5% да 37,9 млрд рублёў. Аптовы гандаль скараціўся на 15,7% да 77 млрд рублёў, а абарот грамадскага харчавання вырас на 1,4% да 2,2 млрд рублёў.

Hавiны
40 % беларусаў не маюць грашовых ашчаджэнняў. Банкаўскім укладам давяраюць менш, чым «заначкам»
2022.08.16 12:50

Рэальныя даходы насельніцтва – гэта сума даходаў з вылікам абавязковых плацяжоў, такіх як падаткі, зборы, працэнты па крэдытах і г.д.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў