Распрацоўнікі расказалі, як працуе сістэма сачэння «Kipod», якой карыстаюцца беларускія сілавікі


Адсачыць чалавека можна за паўхвіліны, але трэба ўжо мець фота таго, за кім хочуць сачыць.

Інтэрфейс праграмы «Kipod», станцыя метро «Малінаўка». Скрыншот: «Анархисты Беларуси» / Youtube

Два распрацоўнікі сістэмы сачэння «Kipod» кампаніі «Synesis» на ўмовах ананімнасці расказалі выданню Zerkalo.io пра тое, як уладкаваная праграма. Абодва працавалі над ёй каля трох гадоў, да восені 2020 года. Галоўнае:

  • Сістэма стваралася для «разумнага гораду», але на аснове яе стварылі «Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі». Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў вясной 2017 года, аператарам была кампанія-«дачка» «Synesis», але з 25 лютага 2022 года Лукашэнка перадаў сістэму «Белтэлекаму».
  • Звычайныя карыстальнікі сістэмы бачаць толькі «свае» камеры, але дзяржава мае доступ да ўсіх камераў, падключаных да сістэмы. Да камеры трэба падлучыць адмысловы праграмны модуль, каб можна было распазнаваць твары.
  • Каб прасачыць за чалавекам, трэба загрузіць у сістэму адно ці некалькі фота. Пазней сістэма зможа за 10–30 секундаў адсачыць чалавека праз камеры ў рэжыме рэальнага часу – паведамляць пра кожнае з’яўленне чалавека ў кадры адной з камераў. Каля пяці хвілінаў займае пошук звестак пра ўсе перасоўванні чалавека за пэўны перыяд.
  • Тэарэтычна, у сістэму могуць загрузіць усе фота з базы пашпартоў, могуць дадаць і фота з сацсетак. Ці зрабілі гэта, не вядома, але дзеля гэтага, кажуць распрацоўнікі, можна напісаць скрыпт – і працэс унясення фота ўсіх беларусаў зойме 3–4 дні.
  • Ёсць таксама сачэнне за невядомым чалавекам, твар якога зафіксавалі, але фота не залілі.
  • У выніку сілавік атрымлівае паведамленне накшталт «Учора ўвечары на станцыі метро «Якуба Коласа» была асоба, падобная да вашага ўзору запыту з імавернасцю 74 %». Параметры дакладнасці і фільтрацыі рэгулююцца.
  • Калі ў камеры добрая оптыка, то твар чалавека можна распазнаць з адлегласці і 100 метраў, але шмат залежыць ад характарыстык камеры, асвятлення і ракурсу. Шмат якія камеры ў Беларусі старыя, якія не падыходзяць для распазнавання твараў.
  • Падмануць сістэму сачэння можна, калі насіць адначасова маску і акуляры, але толькі маска ці толькі акуляры дадуць алгарытму дастаткова звестак для распазнавання. Алгарытму перашкаджае і ракурс – можна проста не глядзець у камеры, гэта крыху дапаможа.
  • На канец 2020 года да сістэмы было падключана каля 600 камераў у Менску – распрацоўнікі лічаць, што гэта мала для 2-мільённага гораду. Але колькі камераў падключылі з таго часу, невядома.
  • Працуе гэта так, паводле распрацоўніка: «Як толькі модуль уключаюць, усе асобы, якія з’яўляюцца на відэа, будуць фіксавацца. Пасля гэтага ў сістэме з’яўляецца запіс: «Знойдзены твар». Тут важна, што «знойдзены» не значыць ідэнтыфікаваны. Гэта азначае, што кавалачак карцінкі сістэма вызначае як твар чалавека. Затым для кожнай выяўленай асобы ствараецца запіс у базе звестак. Да запісу прымацоўваецца часовая пазнака і да дзесяці кадраў з гэтай асобай. Такая фіксацыя ідзе ў рэжыме рэальнага часу. Пасля выяўлення твар ідэнтыфікуюць – параўноўваюць з эталонам пры дапамозе нейрасеткавых алгарытмаў. Каб гэта стала магчымым, карыстальнік (у нашым выпадку сілавікі) павінен дадаць у сістэму выявы персонаў, месцазнаходжанне якіх трэба адсачыць».
  • Менавіта «Kipod» не наладжвалі для распазнавання твараў пратэстоўцаў на ўжо знятых сілавікамі відэа, але тэарэтычна гэта можна зрабіць – ды прасцей выкарыстоўваць ужо гатовую іншую праграму.
Артыкулы
Прадстаўнікі «ByPol» распавялі, як «Synesis» дапамагае рэжыму ідэнтыфікаваць удзельнікаў акцыяў
2022.02.08 17:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Здымак вокладкі: ElasticComputeFarm / pixabay.com

Стужка навінаў