Расейцы змогуць паступаць у беларускія ўніверсітэты па сертыфікатах АДЭ


Міністэрства адукацыі Беларусі плануе змяніць правілы для прыёму ў ВНУ, якія дадуць магчымасць расейскім абітурыентам паступаць на ўсе спецыяльнасці платнай формы навучання без уступных іспытаў пры наяўнасці сертыфікатаў АДЭ (аналаг ЦТ у Расеі). Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты побач з будынкам аўтатрактарнага факультэту БНТУ. Менск, Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

«Мы плануем уносіць змены і карэктаваць падыходы да прыёму, якія дадуць магчымасць паступаць расейскім грамадзянам на ўсе спецыяльнасці платнай формы навучання пры наяўнасці сертыфікатаў АДЭ, каб пашырыць іх адукацыйныя магчымасці і задаволіць патрэбнасць у навучанні ў нашай краіне», – сказаў Сяргей Каспяровіч.

Паводле яго слоў, зараз расейцы маюць некалькі магчымасцяў для паступлення ў беларускія ВНУ, а на запатрабаваных эканамічных спецыяльнасцях навучаецца больш за сотню чалавек у межах трох дзясяткаў спецыяльнасцей.

Канчатковыя звесткі па статыстыцы замежных грамадзян, якія паступілі ў беларускія ВНУ, будуць вывучаны ў кастрычніку.

Аналітыка
Дадатковыя наборы ў ВНУ: чаму беларускім універсітэтам не хапае навучэнцаў
2022.07.29 20:02

Уступная кампанія ва ўніверсітэты ў гэтым годзе праваленая. «У ВНУ прынялі практычна ўсіх ахвочых, і яшчэ засталіся месцы! У большасці ВНУ на большасць спецыяльнасцяў конкурсу не было ці амаль не было», – піша ў сваім акаўнце ў Facebook рэпетытар Яўген Лівянт. Да таго ж, практычна на любую спецыяльнасць можна было паступіць абітурыенту з 250 баламі з 400.

Пры гэтым рэпетытар дадаў, што ў Беларусі вельмі моцна скарацілася колькасць абітурыентаў, якія паступаюць у айчынныя ўніверсітэты. Гэтак, у 2016 годзе колькасць усіх абітурыентаў перавышала колькасць месцаў у ВНУ ў 1,6 разу, а сёлета – 1,14. На думку эксперта, шмат выпускнікоў паступаюць у замежныя ўніверсітэты.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў