Расейскага спевака Юрыя Шаўчука аштрафавалі на 815 долараў за «дыскрэдытацыю арміі»


Ён «дыскрэдытаваў» армію словамі пра тое, што «Радзіма – гэта не дупа прэзідэнта».

Юрый Шаўчук.
Фота: Anton Belitsky/Russian Look

Суд Савецкага раёну Уфы прызнаў спевака Юрыя Шаўчука вінаватым у «дыскрэдытацыі расейскай арміі» і аштрафаваў на 50 тысяч расейскіх рублёў (каля $ 815), паведаміў адвакат Павел Чыкаў. Рашэнне збіраюцца абскардзіць.

Шаўчук не прысутнічаў на працэсе, але перадаў зварот, у якім расказаў, што выступаў супраць войнаў «у любой краіне і ў любы час», параіў паглядзець канцэрт гурта «ДДТ» 2008 года і іншыя выступы, нагадаў пра песню «Не стреляй» 1980 года.

Пратакол, паводле якога судзілі Шаўчука, быў складзены пасля канцэрту «ДДТ» ва Уфе ў траўні. Тады Шаўчук выказаўся супраць вайны ва Украіне (называць «спецыяльную ваенную аперацыю» вайной у Расеі забаронена), сярод іншага казаў:

«Радзіма, сябры, гэта не дупа [азадак] прэзідэнта, якую трэба ўвесь час мусоліць, цалаваць. Радзіма – гэта бабуля-жабрачка на вакзале, якая прадае бульбу. Вось гэта Радзіма».

Раней, адзначыў адвакат, у прамове Шаўчука не знайшлі якой-небудзь дыскрэдытацыі лінгвіст і псіхолаг.

Пасля канцэрту Шаўчука затрымалі, склалі пратакол, але адпусцілі. Цытата разляцелася па сацыяльных сетках.

Затым Шаўчук трапіў у чорны спіс выканаўцаў, чые выступы лічацца «непажаданымі». Але Шаўчук не памяняў пазіцыі – так, выдаў кліп на песню «Не с вами», які расказвае пра мірнае жыццё расейцаў падчас вайны. А пра бабулю-жабрачку спяваў яшчэ за паўтара месяца да пачатку вайны ў песні «В магазине».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў