Пасля галадавання Мікалай Аўтуховіч пачаў патроху есці кашы, але сілаў усё роўна мала


Зняволены Мікалай Аўтуховіч трымаўся сухога галадавання 22 дні, пасля чаго пачаў патроху есці і піць. Яму перадалі пладовыя і мясныя дзіцячыя пюрэ, мёд, з дапамогай якіх ён плянуе выходзіць з галадавання, паведамілі блізкія Мікалая, перадае радыё «Свабода».

Мікалай Аўтуховіч. Крыніца: palitviazni.info

Аўтуховіч пачаў піць вадкасць 1 жніўня, у той жа дзень яму паставілі кропельніцу, якую працягваюць ставіць штодня. Аднак вязень яшчэ вельмі слабы, у яго нізкі ціск, а моцныя ацёкі могуць сведчыць пра няспраўную функцыю нырак.

З 8 жніўня Мікалая сталі прыводзіць на суд і цяпер судовы працэс пайшоў больш інтэнсіўна: паседжанні сталі больш доўгімі, з меншымі перапынкамі. На судзе яго прымушаюць уставаць, калі трэба адказваць на пытанні, хоць ён кажа, што яму гэта зацяжка. Раней планавалася, што прысуд могуць агучыць сёлета ў кастрычніку.

59-гадовы Мікалай абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня, пратэстуючы супраць таго, што яму не перадаюць лістоў і не дастаўляюць газетаў. Апошнім часам яму перасталі перадаваць нават лісты ад 83-гадовай маці.

Таксама вядома, што зняволены атрымаў некалькі лістоў ад маці і адзін ад дачкі. Аднак адказваць на лісты ён пакуль не можа з-за слабасці.

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі праходзіць у Гарадзенскай турме № 1. Распачаўся працэс 18 траўня. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Інтэрв’ю
Дачка Мікалая Аўтуховіча: Тата заўсёды казаў – калі не я, то хто будзе супрацьстаяць несправядлівасці?
2022.08.01 16:55

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў