Новыя выбухі ў Крыме, раскол між «ДНР» і «ЛНР». Што адбываецца ва Украіне ранкам 16 жніўня

Вось што пішуць пра баявыя дзеянні на 174-ы дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, трываюць расейскія ракетныя, авіяцыйныя, артылерыйскія і танкавыя ўдары па цывільных аб’ектах Украіны. Паводле падлікаў ЗСУ, Расея страціла ўжо 43,9 тысячы чалавек, 1880 танкаў, 4152 баявыя браняваныя машыны, 989 артылерыйскіх сістэмаў і 263 сістэмы залпавага агню, 136 сістэмаў супрацьпаветранай абароны, 233 самалёты і 196 верталётаў, 790 беспілотнікаў, 15 караблёў і лодак, 92 адзінкі спецыяльнай тэхнікі і 3049 аўтамабілі і аўтацыстэрны.

ЗСУ зафіксавалі абстрэлы на сіверскім, харкаўскім, славянскім, краматорскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім, паўднёвабужскім напрамках. Ноччу абстралялі пяць з дзевяці раёнаў Харкава.

Расейцы спрабавалі наступаць у напрамках Валадзіміраўка-Бахмуцкае і Страпіўка-Саледар, але былі адкінутыя назад. Баі трываюць на напрамках Пакроўскае-Бахмуцкае і Горлаўка-Залізнае (бахмуцкі напрамак) і Стараміхайлаўка-Невельскае (аўдзееўскі). На напрамку Салодкае-Новаміхайлаўка (запарожскі) расейцы «маюць частковы поспех», але баявыя дзеянні трываюць. Спроба штурму ў напрамку Зялёны Гай-Навагрыгораўка (паўднёвабужскі) завяршылася стратамі расейскага боку і адступленнямі.

На валынскім і палескім напрамках (на мяжы з Беларуссю) ЗСУ не бачыць зменаў: па-ранейшаму бачаць трэнаванні Узброеных сілаў Беларусі і пагрозу ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі. Маніторынгавая група праекту «Беларускі Гаюн» зрабіла вялікі агляд тэхнікі, якую расейцы трымаюць на аэрадроме Зябраўка пад Гомлем – там у ноч з 10 на 11 жніўня бачылі выбухі.

У акупаваным Расеяй Крыме зноў чуваць выбухі. Паведамляюць, што ў Джанкойскім раёне гарыць электрычная падстанцыя. Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка тлумачыць: Джанкой – «вароты ў Крым», там вялікая чыгуначная станцыя, праз якую ідуць войскі, боепрыпасы і тэхніка. А кіраўнік Меджылісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў сцвярджае, што трапілі ў вайсковую частку ў сяле Азоўскае Джанкойскага раёну. Паведамляюць таксама пра пажар у пасёлку Майскае пад Джанкоем, хадзілі чуткі таксама пра выбух у раёне Генічаску.

Але ўкраінскі бок пакуль не пацвярджае і не абвяргае ўдары па Джанкоі ці Генічаску – так, аператыўнае камандаванне «Поўдзень» паведамляе толькі пра паражэнне двух апорных пунктаў расейскіх войскаў у Новапятроўцы і Максімаўцы, пункту пастаўкі боепрыпасаў у Сухім Стаўку – усё далёка ад Крыму.

Абноўлена. У Майскім адбылася «дэтанацыя боепрыпасаў», піша расейскі ТАСС са спасылкай на акупацыйныя ўлады. Пра выбухі на электрычнай падстанцыі не пішуць.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што элементы «міліцыі ЛНР» адмовіліся змагацца за «ДНР» і наракалі на тэмпы наступу за межамі Луганскай вобласці. Канкрэтна гэтае паведамленне даследчыкі не могуць праверыць, але пішуць, што яно адлюстроўвае вялікі трэнд падзення баявога духу ў «ЛНР», што небяспечна для Расеі – тая шукае новых салдатаў для кампенсацыі стратаў. Раней падобныя звароты запісвалі і сілы «ДНР», што сведчыць аб няпоўнай падтрымцы Крамля «проксі-войскамі».

Брытанская выведка заўважае, што расейскія караблі ў Чорным моры займаюць «максімальна абарончую пазіцыю», а патрулі трымаюцца крымскага берагу – гэта кантрастуе з тым, як расейскі флот паводзіць сябе ў іншых марах у такі час года. Але Чарнаморскі флот Расеі працягвае выкарыстоўваць дальнабойныя ракеты, хоць страціў «эфектыўны кантроль над морам» і свой флагман – крэйсер «Масква».

Малая эфектыўнасць Чарнаморскага флоту падрывае расейскую стратэгію ўварвання, а пагроза штурму Адэсы з мора нейтралізаваная, лічыць выведка Аб’яднанага каралеўства.

З украінскага порта выйшаў чарговы карабель са збожжам – зафрахтаваны ААН карабель вязе з порта Паўднёвы збожжа ў якасці гуманітарнай дапамогі краінам Афрыканскага рога. Гэта, як адзначае BBC, першы карабель, які ідзе непасрэдна ў той рэгіён: ён пойдзе наўпрост у Джыбуці, а груз даставяць у суседнюю Эфіопію.

А ва Украіну прыбылі яшчэ шэсць амерыканскіх гаўбіц М109 ад Латвіі, паведаміў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. І яны «ўжо паказваюць вынікі на полі бою».

У ноч на 16 жніўня Міністэрства абароны Расеі заявіла пра парушэнне брытанскім самалётам радыётэхнічнай выведкі дзяржаўнай мяжы Расеі ў раёне Кольскага паўвострава. Брытанскі самалёт, як сцвярджаецца, «выцесніў» расейскі самалёт-знішчальнік.

Колькі мірных жыхароў загінула ва Украіне з пачатку вайны?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны