Марш перамогі над страхам

Ці ведалі людзі, якія ішлі ў той цёплы дзень 16 жніўня вуліцамі і праспектамі Менску ў бок стэлы, што стануць удзельнікамі грандыёзнай акцыі, якая ўвойдзе ў гісторыю Беларусі як Першы нацыянальны марш? Хто мог сабе ўявіць, што збярэцца ледзь не з паўмільёна чалавек, якім не хопіць нават месца на прылеглых вуліцах? Піша калумністка «Белсату» Любоў Лунёва.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». Mенск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Пасля тых насычаных трывожных дзён і начэй, якія з 9 жніўня скалыналі ўсё грамадства, не было ніякай упэўненасці, што абыдзецца без сілавога разгону. Ужо ўвесь свет абляцелі здымкі збітых і знявечаных людзей, траўматалогіі і хірургіі былі перапоўненыя пацярпелымі ад сілавікоў, пад турмамі сваякі затрыманых утварылі чэргі на дзясяткі метраў, а ў пад’ездах стаялі бутэлькі з вадой і аптэчкі для параненых. Рознакаляровыя плямы на асфальце пазначалі месцы, дзе збівалі безабаронных людзей. Выйсці на акцыю, калі ў сталіцу звезлі нябачную дагэтуль колькасць сілавікоў, а на вуліцах у цэнтры стаялі БТРы і вадамёты, было не простым рашэннем для кожнага.

Да таго ж, улады ў той дзень вырашылі правесці праўладны мітынг, на якім мусіў выступіць Лукашэнка. За сотні метраў ад плошчы Незалежнасці спыняліся аўтобусы з таблічкай «Заказной» і з афіцыйнымі сцягамі. Усе падыходы да пляцу былі перакрытыя спецназам і людзьмі ў форме, якія атрымалі мянушку «аліўкі». «Трудзяшчыеся масы» ішлі групамі на месца правядзення мерапрыемства. Здавалася, што іх будзе шмат, але добра, калі сабралася з дзве тысячы чалавек. І гэта пры тым, што людзей везлі з Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны. Большасць, пабачыўшы камеру, хавалі твары.

Разгаварылася з жанчынамі з Магілёва: «Ну, чаму не хочаце распавесці? Вы ж прыйшлі падтрымаць Лукашэнку? Што тут такога?» Адна кажа: «Ай, ну вось мне 53 гады. У нас там і так усё ледзь трымаецца. Заробкі малыя, але хоць якія. Да пенсіі трэба неяк пратрымацца. Не падоўжаць кантракт, і што тады рабіць? Куды мяне возьмуць? Але нас жа бясплатна прывезлі і а 19:00 забяруць назад. Дык во мы з сяброўкамі пойдзем і на другую акцыю. У мяне там і сын будзе. Таму не хачу свяціць тут свой твар. Разумееце?» Былі, праўда, і тыя, хто стаяў з расейскімі сцягамі і сцягам самаабвешчанай «ДНР». Мужчына ў казацкай форме кажа: «Я прыйшоў, каб сказаць, што хачу аднаўлення СССР, і за гэта падзякаваць Лукашэнку. Бо з усіх прэзідэнтаў, якія цяпер ёсць, ён і Пуцін адзіныя, якія выступаюць за гэта». Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму мітынгу нарадзіўся лозунг, які падхапіў народ на ўсе будучыя маршы: «Са-бач-ку!!!»

Плакаты на маршы за Свабоду ў Менску, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Cвета Фар / Белсат

…На падыходах да стэлы з боку вуліцы Заслаўскай – усё ў аўтазаках. Прычым першыя палосы занятыя імі з двух бакоў. На праспекце Пераможцаў – таксама аўтазакі. Каля стэлы яшчэ й нейкая вайсковая машына нібыта з часу Другой сусветнай. З яе пачынае раўці нешта з савецкага рэпертуару. Як толькі паказваюцца першыя людзі, дзверы аўтазакаў адчыняюцца… Але раптам на праспекце Пераможцаў з боку музею з’яўляецца вялікая калона са сцягамі, з плакатамі. Адначасова ідзе калона з праспекту Машэрава, горку з боку Заслаўскай накрывае велічэзны натоўп, маршыруе грамада і з боку Палацу спорту. Яшчэ імгненне – і людзі змогуць атачыць тыя аўтазакі. І тут адзін аўтазак, за ім другі, трэці, чацвёрты… пад свіст натоўпу і скандаванне «Лукашэнку ў аўтазак!» хутка з’язджаюць, а за імі і «музычная пушка».

Людзі адразу выходзяць на скрыжаванне. Яшчэ некалькі імгненняў – і гэта ўжо людское мора. Белы і чырвоны колер, сцягі, плакаты, барабаншчыкі, цэлыя аркестры. «Верым!!! Можам!!! Пе-ра-можам!!!» – гучыць рэхам з усіх бакоў. У натоўпе мабільная сувязь не працуе, па яе даводзіцца ісці не менш за паўтара кіламетра. Побач са стэлаю мужчыны трымаюць банер «Дэсантнікі з народам!». Побач з’яўляюцца ўсё новыя і новыя плакаты. Іх пішуць на ватмане і на шпалерах, дапамагаючы адно аднаму. Стэлу абгортваюць вялізным нацыянальным сцягам і зверху ўсталёўваюць яшчэ адзін сцяг.

Нехта прыносіць бутэлькі з вадой, нехта развешвае мяхі для смецця. Людзі сочаць за парадкам самі. Ніякіх сілавікоў, нікога. Толькі тысячы людзей, якія перамаглі свой страх і захацелі свабоды для сябе і сваіх дзяцей. Сцягоў столькі, што яны зліваюцца ў адзінае жывое бел-чырвона-белае мора. Прадстаўнік штабу Святланы Ціханоўскай і Марыя Калеснікава заяўляюць, што Лукашэнка мусіць сысці ў адстаўку. Заяву сустрэлі воклічамі і перадаюць адно аднаму, каб даведаліся ўсе прысутныя.

Людзі разыходзяцца на праезджай частцы, каб даць дарогу хуткім дапамогам. З машын медыкі паказваюць «вікторыю», і гэта сустракаецца апладысментамі і воклічамі «Жыве Беларусь!». Пануе эйфарыя і адчуванне, што цяпер абавязкова прыйдзе тая самая свабода, якую так захацеў народ. Шмат хто не чакаў, што нас так шмат. Магчыма, гэтае адкрыццё і стала галоўным на той час, у той дзень.

У Менску прайшоў самы масавы за ўсю найноўшую гісторыю мітынг — Агульнаграмадзянскі маршу за Свабоду. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат / Вот Так

Менавіта тады народ паверыў, што сам можа вызначаць, у якой краіне яму жыць. Людзі пабачылі, колькі ў іх аднадумцаў, і адчулі сябе сапраўднаю нацыяй. Тады журналісты заўважылі, што плакаты збольшага напісаныя па-беларуску. Хоць і пісалі іх беларусы, якія размаўлялі ўсё сваё жыццё на расейскай мове. Салідарнасць і культура, якую прадэманстравалі беларусы, засталіся з імі назаўсёды.

І потым сотні тысяч беларусаў выходзілі і выходзілі на вуліцы сваіх гарадоў, каб паказаць, што хочуць жыць у вольнай краіне, у якой будуць дзейнічаць законы. Наперадзе былі жаночыя і студэнцкія маршы, маршы годнасці, разгоны, збіццё, турмы, забойствы, знішчэнне грамадзянскай супольнасці, уцёкі з краіны, расейская акупацыя…

Усё гэта не спынілася. Але людзі, якія перамаглі свой страх тады, могуць перамагаць яго яшчэ і яшчэ. Здавалася б – усё, больш нікога не засталося. Але выходзяць людзі супраць вайны, хоць турмы перапоўненыя, і кожны разумее, што можа туды трапіць. Бо насамрэч кожны выходзіць за свабоду.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў