Лукашэнка пахваліў хлеб з корму для жывёлы


Запомніце гэтае слова: трыцікале. Гэта выведзены ў XIX ст. гібрыдны род траваў, скрыжаваныя жыта і пшаніца, які выкарыстоўваюць збольшага на корм жывёле, але часам дадаюць у сухія сняданкі.

Хлеб з трыцікале.
Фота: БелТА

У час наведвання Навукова-практычнага цэнтру земляробства Нацыянальнай акадэміі навук пад Смалявічамі 16 жніўня Аляксандра Лукашэнку пачаставалі хлебам з трыцікале, піша БелТА. Лукашэнку спадабалася: даволі смачна.

Хлеб з трыцікале выходзіць шэрым. У склад выпечкі дадалі толькі муку і ваду, з 50 грамаў мукі можа атрымацца хлеб аб’ёмам 0,75-0,8 л.

Пакуль хлеб з трыцікале не пастаўляюць на беларускі рынак, але «навукоўцы паставілі перад сабой мэту стварыць такі гатунак, які па сваіх якасцях будзе для гэтага прыдатны». Навошта – не растлумачылі.

У час паездкі пад Смалявічы Лукашэнка прыйшоў да ўзаемавыключальных высноваў:

  • з аднаго боку, звярнуў увагу на тое, што фермеры ставяцца да збожжа як да «свайго», выконваюць тэхналогіі і «ўвесь час у полі», тады як на дзяржаўных гаспадарках «кіраўнік планёрку правёў – і ўсе шчокі надзімаюць»;
  • з другога боку, вырашыў, што сельскай гаспадарцы «патрэбная дыктатура – а яна ў нас ёсць, давайце ўключаць яе», каб «прымушаць рабіць, як трэба» і «па-сапраўднаму працаваць».
Аналітыка
Ці прайграе Беларусь «бітву за ўраджай»? Аналізуем апакаліптычныя заявы Лукашэнкі
2022.07.29 14:00

Трыцікале звычайна не выкарыстоўваюць для пячэння хлебу – часцей пускаюць на корм жывёле, хоць часам прадаюць у крамах «здаровай ежы» або дадаюць у сухія сняданкі.

Трыцікале вывялі ў канцы XIX стагоддзя ў Шатландыі і Нямеччыне, скрыжаваўшы жыта і пшаніцу. Плюс у тым, што ў расліне спалучаюцца ўраджайнасць і ўстойлівасць да навакольных умоваў і якасці глебы, мінус – што гібрыд стэрыльны, то бок яго трэба апрацоўваць, каб расліна дала «нашчадкаў».

Суседняя Польшча – сусветны лідар у вытворчасці трыцікале (палякі яго называюць словам «пшаньжыта»), але там яго вырошчваюць не так і шмат: 5,4 млн тонаў у 2021 годзе пры агульным зборы збожжавых у 34,5 млн тонаў.

Пячы хлеб з трыцікале цяжка нават палякам. Як пісала выданне Polki.pl, у ім «горшы» глютэн, а гэта важна ў выпечцы – трыцікале саступае пшаніцы ў «хлебапякарскай каштоўнасці». Тэхналагічнага метаду, які б дазваляў выпякаць «пшаньжытні» хлеб у вялікіх аб’ёмах, пакуль не знайшлі. Што праўда, смак такога хлебу апісваюць як вельмі добры, называюць яго вельмі карысным для здароўя.

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў