Ініцыятыва INeedHelpBy два гады дапамагае прадуктамі сем’ям рэпрэсаваных: «Цяпер час для яднання дабром»


Ініцыятыва INeedHelpBy, якая ўзнікла ў 2020 годзе дзеля адраснай дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў, працягвае працу. Яе арганізатары сцвярджаюць, што яна не страціць актуальнасці нават і пасля перамогі. 

Скрыншот: ineedhelpby.org

Ініцыятыву INeedHelpBy беларусы замежжа арганізавалі, калі Беларусь накрыла хваля рэпрэсіяў і людзей пачалі саджаць у турму і звальняць з працы за тое, што яны ўдзельнічалі ў мірных пратэстах альбо нават проста распаўсюджвалі інфармацыю.

INeedHelpBy – гэта адрасная дапамога сем’ям, якія страцілі фінансавую стабільнасць у выніку рэпрэсіяў.

Ініцыятыва перажыла два гады і не страціла актуальнасці – людзі ў Беларусі працягваюць цярпець ад рэпрэсіяў і маюць вялікую патрэбу ў элементарным – ежы. На 11 жніўня прадуктовая дапамога на агульную суму 1 251 400 долараў была аказаная 13 492 разоў.

Арганізатар INeedHelpBy Піліп Гаўрышаў распавёў нам, з якімі складанасцямі сутыкнуўся ягоны праект, і падзяліўся добрымі гісторыямі.

Hавiны
За месяц ініцыятыва «Ineedhelp» дапамагла 147 сем’ям, што пацярпелі ад уладаў
2020.09.23 19:41

«Мы запусціліся ў жніўні 2020 года. Наш праект быў прыдуманы для аказання неадкладнай дапамогі тым беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. І сёння мы кажам, што нашая мэта – тэрміновая наўпроставая дапамога беларусам, якія цалкам ці часткова страцілі крыніцу даходу праз палітычную актыўнасць. Гэта тыя, хто ўвогуле страціў працу, ці хто быў вымушаны змяніць яе. Таксама гэта сем’і палітвязняў, стачкамаўцы», – тлумачыць заснавальнік праекту.

На 11 жніўня, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у краіне 1259 чалавек несправядліва застаюцца ў турме. Зняволеных, якія адбываюць адно ці некалькі запар адміністратыўных арыштаў, праваабаронцы таксама лічаць вязнямі сумлення, але не заносяць іх у агульны спіс, бо такіх зашмат і валанцёры проста не паспяваюць апрацоўваць іхных звестак.

Ідэя адраснай дапамогі прыйшла Піліпу спантанна, і ён пачаў тэлефанаваць сябрам, каб яны таксама падтрымалі землякоў.

«Было зразумела, што грошы вельмі патрэбныя, але істотна было менавіта цяпер падтрымліваць людзей. Бо пакуль фонды перавядуць грошы – гэта зойме пэўны час. А калі тата ў сям’і арыштаваны, то сям’я страчвае свайго кармільца. Нават калі ў іх ёсць нейкі запас, то дапамога ім патрэбная тэрмінова», – кажа Піліп.

Сябры падтрымалі Піліпа, і ён пачаў шукаць сем’і пацярпелых. Спачатку пошукі былі складаныя, было мала інфармацыі. Прыходзілася распытваць знаёмых і іхных знаёмцаў. Потым людзі самі пачалі звяртацца ў ініцыятыву.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валанцёры рыхтуюць перадачы для тых, хто застаецца ў СІЗА ў Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Сутнасць дапамогі такая: памагаты бярэ шэфства над адной ці некалькімі сем’ямі і набывае для іх прадукты на два тыдні, папярэдне ўдакладняючы, колькі дзяцей у сямʼі, ці ёсць на нешта алергія ды іншыя важныя нюансы. Ён ці яна самастойна аплачвае куплю і афармляе замову на адрас сямʼі.

Праект атрымаў вялікі рэзананс, праз што шмат людзей далучыліся ў якасці памочнікаў, і шмат сем’яў звярнуліся па дапамогу. У першыя тыдні працы праекту Піліп і ягоная каманда сутыкнуліся з тым, што пацярпелым было складана прасіць аб дапамозе:

«Гэта такая тыповая беларуская рыса – лічыць, што я сам патрываю, хоць згубіў працу, грошай не маю, але ў мяне ёсць заначка, то неяк перажыву. Мы намагаліся памяняць гэтае стаўленне, каб яны пакінулі сваю заначку на потым, на нейкія іншыя патрэбы, а цяпер прадуктаў набылі ім мы. І гэта пачало працаваць. Людзі зразумелі, што за тыя грошы, якія б яны выдаткавалі на ежу, яны маглі б сплаціць крэдыты ці набыць адзенне. Хоць дагэтуль ёсць такія, каму дыскамфортна звяртацца да нас ці няёмка, але мы працуем над гэтым».

Памочнікі і тыя, хто атрымаў дапамогу, часцяком пачынаюць сябраваць і падтрымліваюць сувязь нават пасля таго, як у беларускай сям’і сканчаецца крызісны час.

«Яны святкуюць разам святы онлайн, напрыклад. Перадаюць не толькі ежу, але і рэчы. Самая цёплая гісторыя, калі памочніка запрасілі стаць хросным дзіцяці ў сям’і, якой ён дапамагаў. Жанчына была цяжарная, калі ёй на дапамогу прыйшоў беларус з-за мяжы. Калі яна нарадзіла, то запрасіла памагатага прыехаць у Беларусь, калі тое будзе бяспечна, і стаць хросным. Гэта гісторыя кранула нас усіх у камандзе, і мы зразумелі, што дакладна не марна працуем», – згадвае Піліп.

Шмат людзей звярталіся па дапамогу свайму гадаванцу. Маўляў, сам чалавек знойдзе, што паесці, а вось котцы ці сабаку зусім складана. Дапамагалі і з такімі заяўкамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Збіранне ежы для перадачы ў СІЗА.
Фота: Белсат

Калі праект толькі запусціўся, была чарга з людзей, якія прагнулі дапамагчы. Праз год тэндэнцыя змянілася. Цяпер ёсць чарга з тых, каму патрэбная дапамога. Яна рухаецца хутка, але яна ёсць. Піліп кажа, што вялікі чыннік у такой сітуацыі – гэта выгаранне:

«Нашае адрозненне ад фондаў у тым, што наш галоўны рэсурс не грошы, а людзі. І гэта вымагае акуратнасці ў працы. Бо калі чалавек расчараваўся ў платформе, ён проста не вернецца і не акажа дапамогі, а значыць, нехта яе не атрымае. Мы хочам, каб для ўсіх удзельнікаў праект быў максімальна камфортны і каб усе атрымлівалі станоўчыя эмоцыі. У нас аказваюць падтрыманне людзі з усяго свету, каля 2000 чалавек хоць раз набылі прадукты. Але выгаранне адбілася і на камандзе, і на памагатых. Нехта сыходзіць, нехта бярэ перапынак, прыходзяць новыя людзі. Але мы бачым вынік нашай працы. І цяпер дапамога яшчэ больш актуальная, чым яна была нават год таму».

Каманда мелася дапамагаць і беларусам-уцекачам, але гэта аказалася не магчыма з тэхнічнага боку, і складана з псіхалагічнага.

«Памагатыя казалі, што яны хочуць падтрымаць менавіта тых людзей, што засталіся ў краіне, бо яны маюць асабліва вострую патрэбу, каб нехта пра іх паклапаціўся», – патлумачыў стваральнік праекту.

Нешта накшталт Тындэра

«Я пабачыў, што адбываецца ў Беларусі, увесь гэты гвалт, і адразу захацеў хоць неяк дапамагаць. Я звяртаўся ў розныя ўстановы і ініцыятывы. Хутчэй за ўсіх адгукнуліся ІNeedHelpBy, тут і пачаў працаваць», – распавядае валанцёр Сяргей.

Ён апрацоўвае і правярае заяўкі, а потым звязвае сям’ю, якая звярнулася па дапамогу, з тымі, хто можа яе аказаць:

«Гэта нешта накшталт Тындэра, толькі для тых, хто мае патрэбу ў падтрыманні».

Ён прызнаўся, што займаецца не толькі арганізацыйнай працай, але і сам некалькі разоў набываў прадуктовыя кошыкі прыкладна дзесяці сем’ям. З адной з сем’яў усталяваліся сяброўскія дачыненні, і Сяргей плануе, што ў бяспечны час яны змогуць з’ездзіць адзін да аднаго ў госці. За час працы валанцёр сутыкаўся з рознымі сітуацыямі, але больш за ўсё яго кранула адна гісторыя пра памочніцу:

«Нам напісала адна жанчына, яна на пенсіі і з Беларусі. Яна напісала, што не можа набыць прадуктовага кошыка на ўсю сям’ю, але вельмі хоча дапамагчы і мае 20 рублёў, і прасіла падказаць, што ёй рабіць».

Былі і выпадкі, калі атрымаць дапамогу намагаліся махляры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Збіранне ежы для перадачы ў СІЗА.
Фота: Белсат

«Былі такія людзі, якія прапаноўвалі проста «папіліць» бюджэт. Ці адзін чалавек называўся пацярпелым і хацеў, каб мы набылі яму дом. Але калі такі чалавек звяртаецца і нават падрабляе дакументы, то можа атрымаць толькі прадуктаў на два тыдні. То ці варта гэта такіх намаганняў? Спачатку мы працавалі сумбурна, але цяпер у нас ёсць сістэма, якая рэагуе на заяўкі, у якіх можа быць «сюрпрыз». Але гэта не часта сустракаецца», – кажа Сяргей.

Ён таксама сутыкаўся з выгараннем, і даў рады дзякуючы падтрыманню каманды, а таксама праз тое, што зменшыў высокія патрабаванні да сябе:

«Спачатку было вялікае эмацыйнае ўзрушэнне, калі мы бачылі ўсё тое шаленства ў краіне. Я думаў, што замест таго, каб пайсці спаць, лепш яшчэ папрацую. Бо за мае 15–20 хвілінаў часу чалавек на наступны дзень атрымае прадукты. Таму мы працавалі дзень і ноч. Гэта было вельмі складана. Калі каманда стала большай, мне ўдалося зменшыць свой удзел у праекце. Я даў сабе такую ўстаноўку: не істотна, як я сябе адчуваю, я мушу закрыць адну заяўку на дзень. З камандай мы дамовіліся, што ў мяне цяпер спад, і я буду працаваць менш».

Сяргей падкрэсліў, што ў камандзе людзі ставяцца адно да аднаго з вялікай павагай, і нават розныя меркаванні і спрэчкі не прыводзяць да канфліктаў.

Смачнае да гарбаты беларусам ад дзіцяці

Ксенія жыве за межамі Беларусі ўжо даўно, працуе юрысткай і не мела ілюзіяў, што падзеі ў жніўні 2020 года скончацца без супраціву з боку ўладаў:

«Я з’ехала яшчэ студэнткай, але ўжо тады разумела, што прававая сістэма ў краіне не працуе».

Спадарыня далучылася да праекту на самым пачатку, калі INeedHelpBy яшчэ не да канца сфармаваўся:

«Калі з’яўлялася інфармацыя пра нейкую сям’ю, чалавек трыццаць адразу адгукаліся, і за маю першую сям’ю мне яшчэ прыйшлося пазмагацца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Збіранне ежы для перадачы ў СІЗА.
Фота: Белсат

Агулам Ксенія набывала прадукты для чатырох сем’яў доўгі час, і было яшчэ некалькі, каму яна аказвала кароткатэрміновую падтрымку. Ёй таксама ўдалося пасябраваць з некаторымі сем’ямі, якім яна дапамагала:

«Мэты я такой не ставіла, але ўсё атрымалася вельмі арганічна. Мы працягваем камунікаваць нават па-за межамі праекту. Людзям у Беларусі вельмі істотна паказаць, што пра іх не забылі. Мне спачатку было асабліва патрэбна адчуць, што я таксама магу зрабіць своё унёсак, што я магу нешта зрабіць для кагосьці. Бо было невыносна прачынацца, чытаць тыя жахлівыя навіны і нічога не рабіць. Калі я пачала ўдзельнічаць у праекце, адчула нейкую далучанасць, і мне стала лягчэй».

Спадарыня прызналася, што з выгараннем ёй атрымалася даць рады дзякуючы блізкім. Дачка Ксеніі таксама ўзяла ўдзел у справе сваёй матулі. 8-гадовая дзяўчынка аддала спадарыні грошы, якія ашчаджала на ўласныя патрэбы, каб Ксенія набыла «штосьці смачнае да гарбаты для тваіх беларусаў» – пацярпелай сям’і.

Даведка
Дачка адной з удзельніц праекту аддала маме свае кішэнныя грошы, каб тая набыла рэпрэсаваным беларусам штосьці смачнае. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Сёння каманда INeedHelpBy – гэта беларусы з Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Даніі, Ізраілю, Кіпру, ЗША, Літвы, Польшчы і Швецыі. Цікава назіраць за геаграфіяй валанцёраў у ЗША. Чальцы каманды жывуць у васьмі штатах: Вірджынія, Каліфорнія, Калумбія, Мінэсота, Нью-Ёрк, Нью-Джэрзі, Паўночная Караліна і Флорыда.

«Мая мэта агулам – данесці да беларусаў, як істотна яднацца. Я веру, што цяпер час для яднання дабром. У 2020 годзе беларусаў аб’ядналі гвалт, арышты, кроў. Але такія эмоцыі нельга трымаць на піку, надыходзіць спустошанасць. Я спадзяюся, што элементарнае падтрыманне, адказнасць за людзей, простае дабро можа аб’яднаць беларусаў зноў», – мяркуе Піліп.

Ён адзначыў, што праект будзе працаваць не адзін і не два гады і нават будзе патрэбны пасля перамогі.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў