«Чыноўнік у найлепшым выпадку ўмее рабіць сур’ёзны твар». Як «Мотавела» дакацілася да такога жыцця


Аляксандр Лукашэнка ўчыніў дэманстрацыйны разнос дырэктару «Мотавела» і былому топ-чыноўніку Мікалаю Ладуцьку за праваленае імпартазамяшчэнне. Але праблемы ў прадпрыемства, як і ва ўсёй беларускай эканомікі, куды большыя.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Мотавела». Крыніца: wikipedia.org

Уласніка пасадзілі, завод зрабілі банкрутам

Дзяржаўнае прадпрыемства «Мотавела», якое выпускала матацыклы «Мінск» і ровары «Бусел» («Аист»), прыйшло да поўнага заняпаду ў 2007 годзе. Яму не дапамаглі нават бюджэтныя субсідыі на $ 10 млн. Але завод купіла аўстрыйская кампанія АТЭС Holding Gmbh на чале з бізнесоўцам беларускага паходжання Аляксандрам Мураўёвым.

Новы ўласнік правёў рэструктурызацыю прадпрыемства і абнавіў таварную лінейку. Завод пачаў выпускаць новыя ровары і матацыклы з танных кітайскіх дэталяў, павялічыўшы тым самым рэнтабельнасць прадукцыі і аб’ёмы вытворчасці.

Але ў 2017 годзе дырэктара «Мотавела» і ягоных падначаленых затрымаў КДБ. Нагодай стала выплата падаткаў на $ 10 тыс. у бюджэт Аўстрыі, а не Беларусі. Суд прызнаў Мураўёва вінаватым: у махлярстве, завалоданні маёмасцю і крадзяжы з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў групай асобаў у асабліва буйным памеры, а таксама ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Бізнесоўцу прысудзілі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй.

Аляксандр Мураўёў на судзе.
Фота: TUT.by

Мураўёў віны не прызнаў і заявіў пра шмат якія парушэнні. У апошнім слове ён адзначыў, што з 2002 да 2015 года ягоныя кампаніі інвеставалі ў Беларусь $ 100 млн, а таксама рэалізавалі з удзелам банкаў Аўстрыі, Латвіі, Расеі і Беларусі інвестпраектаў яшчэ на $ 200 млн:

«У дзясяткі разоў павялічыліся маштабы вытворчасці. У разы павысілася эфектыўнасць прадпрыемстваў Беларусі: шклозаводу «Ялізава», «РасінтэзГруп», «Мотавела» і іншых. Створаныя новыя эфектыўныя вытворчасці, такія як Гомельскі шклотарны завод. <…>

3 тысячы асобаў 13 гадоў былі забяспечаныя працай. Дзяржава атрымала сотні мільёнаў долараў у выглядзе падаткаў і выгад ад дзелавой інвестыцыйнай актыўнасці, ад сацыяльна-эканамічнага эфекту ва ўсіх яе формах: такіх як заробак, спорт, падтрымка інвалідаў, старых, ветэранаў і г. д.

Больш як $ 1 млрд склаў абʼём вытворчасці і рэалізацыі на названых беларускіх прадпрыемствах з удзелам у якасці інвестараў аўстрыйскіх кампаній у 2002–2015 гадах».

Мураўёў трапіў у няміласць Лукашэнкі

Пасля таго, як Мураўёва пасадзілі, дырэктарам «Мотавела» стаў Мікалай Ладуцька, які паспеў да таго часу пяць гадоў пакіраваць Менскам. У 2017-м, праз два гады, завод абвясцілі банкрутам з доўгам у $ 60 млн. Для кіравання актывамі прадпрыемства-банкрута стварылі ТАА «МотаВелаЗавод» з Ладуцькам на чале. Яно і працягвае працаваць у цэхах «Мотавела».

«Падчас таго, як яно [прадпрыемства. – Рэд. belsat.eu] належала прыватнаму ўласніку, гэты прыватны ўласнік нешта рабіў, каб выйсці са стратаў. Яны пайшлі шляхам камплектацыі ровараў і матацыклаў імпартнымі дэталямі, бо, зразумела, беларускіх не існуе ўвогуле. Тое, што ў Беларусі можна вырабіць, – гэта рама, колы, а ўсё астатняе было імпартным», – адзначыў у каментары «Белсату» Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду».

Hавiны
Лукашэнка ўсклаў на беларусаў даўгі Мёрскага заводу, якіх не было да затрымання кіраўніцтва сілавікамі
2022.08.08 16:43

Такім чынам, падкрэсліў эксперт, прыватны ўласнік «патроху выйшаў са стратаў, але пасля здарылася нацыяналізацыя».

«Гэта было не столькі эканамічнае рашэнне, колькі палітычныя гульні. Наколькі я разумею, уласнік трапіў у няміласць Лукашэнкі, і адным росчыркам гэты роварны завод забралі. Потым туды прызначылі Ладуцьку. А што чыноўнік умее рабіць? Ён нічога не ўмее рабіць. Ён у найлепшым выпадку ўмее рабіць сур’ёзны твар і маўчаць, бо калі рот адкрываецца, робіцца зусім кепска», – заявіў эканаміст.

Адзінае вынаходніцтва – налепка

І вось 15 жніўня 2022 года на завод прыехаў Аляксандр Лукашэнка. І раскрытыкаваў убачанае. Гэтак, яму не спадабалася тое, што амаль усе дэталі купляюцца за мяжой.

«Лакалізацыі тут няма. Заўтра санкцыі ўвялі – зачынілася вытворчасць», – заявіў Лукашэнка, стоячы ля мадэлі матацыклу «Мінск», і запатрабаваў «рабіць сваё».

Ладуцька спрабаваў апраўдацца і пералічыў тое, што ў матацыкле сваё: «Дызайн-праект, дызайн-ідэя, кампаноўка, збор усіх дэталяў ад розных вытворцаў». Але, як выявілася, нават гэта няпраўда – у сацсетках «моцнага гаспадарніка» злавілі на хлусні.

Карыстальнікі пазналі ў «навінцы» французскі матацыкл MASH X-RIDE 650, які вырабляе для французскай кампаніі MASH кітайскі аўтагігант Shineray. Адзінае адрозненне беларускага варыянту ў тым, што замест налепкі MASH на бензабаку размешчаны лагатып менскага заводу. Але і пры гэтым на рухавіку засталася налепка X-RIDE 650. У свеце такі матацыкл каштуе каля $ 6 тыс. Але на сайце «Мотавела» ён у продажы нават не пададзены.

Гэтая сітуацыя нагадала выпадак з яшчэ адным менскім заводам – «Інтэгралам», які ў 2009 годзе пастаўляў «свае» маніторы, проста заклеіўшы лагатып арыгінальнага вытворцы Acer.

Наагул, адзначае Уладзімір Кавалкін, «гэта такая чынавенская беларуская традыцыя», з якой ён сам сутыкнуўся падчас размеркавання на «Гарызонт» у 2006 годзе.

«Трэба было паказаць вынікі працы, а вынікаў асабліва не было, таму яны [«Мотавела». – Рэд. belsat.eu] купілі французскі матацыкл кітайскай вытворчасці і паказалі Лукашэнку як перадавы і свой», – мяркуе эканаміст.

Праблемаў больш, чым здаецца

Пасля дэманстратыўнага разносу Ладуцька запісаў пакаяннае відэа, у якім заявіў, што «крытыка кіраўніка дзяржавы – гэта не крытыка, а бацькоўскае слова. Слова аднаго з бацькоў мацнейшае за любую крытыку. Ты павінен слухаць свайго бацьку і падпарадкоўвацца яго ўказанням. Мы гэта рабілі, робім і будзем рабіць».

Мікалай Ладуцька.
Фота: TUT.by

Таксама Ладуцька паабяцаў супольна з Міністэрствам прамысловасці да канца года падрабязна вывучыць, якія дэталі для ровараў і матацыклаў змогуць вырабляць беларускія і расейскія прадпрыемствы. Паводле яго, ужо распрацаваная праграма мадэрнізацыі заводу, у аснове якой – купля 120 адзінак новага тэхналагічнага абсталявання, у тым ліку для абсталявання цэху металаапрацоўвання, што дазволіць пашырыць асартымент металічных канструкцыяў для вела- і мотатэхнікі ды для фарбавальнага цэху.

Мадэрнізацыю заводу Ладуцька абяцае завяршыць да канца 2023 года. Ён падкрэсліў, што вынікам гэтага павінны стаць добрыя фінансава-эканамічныя паказнікі, рост экспартных паставак і продаж на ўнутраным рынку толькі 30 % ад вырабленага.

Аднак Ладуцька прызнае і іншыя праблемы ў прадпрыемства – «змена канʼюнктуры і зніжэнне спажывецкага попыту як унутры Беларусі, так і на тых тэрыторыях, куды мы прадаём велапрадукцыю».

«У Расейскай Федэрацыі фізічны попыт знізіўся на 30 %, у Беларусі – падобнае зніжэнне фізічных продажаў», – адзначыў кіраўнік заводу.

Змяніць сітуацыю ён плануе з дапамогай звароту да ўраду нават не Беларусі, а Расеі «пра абарону вытворцы».

Беларускі чынавенскі бізнес

Уладзімір Кавалкін лічыць усе гэтыя планы і абяцанні марнымі. Прычым праблема ўласцівая беларускай эканоміцы агулам, а не аднаму прадпрыемству.

Аляксандр Лукашэнка на заводе «Мотавела» ў 2021 годзе. Крыніца: autogrodno.by

«Каб была свая вытворчасць, патрэбна, каб былі ўласныя даследаванні і дызайн, трэба рабіць вынаходніцтвы і распрацоўкі. А на дзяржпрадпрыемствах няма кадраў, якія здольныя гэта рабіць. Тое, што засталося ад савецкага часу, тое засталося.  Потым кваліфікаваны персанал з дзяржпрадпрыемстваў разбегся.  Па інерцыі яны нешта выпускалі ў 1990-х – пачатку 2000-х, але ўжо іх прадукцыя была вельмі адсталая ў тэхнічным і тэхналагічным плане», – кажа эканаміст.

Паводле яго, у Беларусі на сёння няма патэнцыялу навуковых і канструктарскіх працаў, а без гэтага не можа быць сучасных прадуктаў.

«Спачатку трэба мяняць бізнес-падыходы, уводзіць уласныя распрацоўкі, даваць свабоду людзям, свабоду прадпрымальніцтва. Толькі пасля гэтага будуць зробленыя прадукты. Гэта робіцца не за адзін дзень. Гэта робіцца дзесяцігоддзямі. Каб стварыць школу вытворчасці сучасных ровараў, а не тых, што рабіліся 100 гадоў таму, трэба рабіць распрацоўкі, трэба працаваць з атлетамі, якія на іх ездзяць і ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Трэба кожны дзень займацца распрацоўкамі. І так 10–20 гадоў. Тады будуць вынікі. А калі ты нешта імпартуеш і выдаеш за сваё, то атрымліваецца беларускі чынавенскі бізнес», – падкрэсліў Уладзімір Кавалкін.

Апроч таго, дадаў эксперт, каб беларускі мотавелазавод быў прыбытковым, «ён павінен заліць сваёй вытворчасцю ўвесь беларускі рынак і добрую палову расейскага».

«Ты не можаш быць прыбытковым, калі твая вытворчасць ніжэйшая за пэўны паказнік. Калі ёсць шмат танных ровараў з Кітаю, то як ты будзеш канкураваць?» – задаецца пытаннем кіраўнік праекту «Кошт ураду».

«Нічога з гэтага [планаў Лукашэнкі і Ладуцькі. – Рэд. belsat.eu] не атрымаецца», – робіць выснову наш суразмоўца.

Аналітыка
«Як мёртваму паможа». У Мінэканомікі распавялі, як ратуюць эканоміку. У эканаміста іншая выснова
2022.08.08 08:45

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў