Беларускія падручнікі зрабілі больш «патрыятычнымі»


Перавыдадзены шэраг падручнікаў, у тым ліку «Чалавек і свет» для 5 класа, «Беларуская літаратура» для 6-га.

Намесніца дырэктара Нацыянальнага інстытуту адукацыі Беларусі Людміла Раманоўская расказала дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА аб перавыданні падручнікаў. Паводле яе, з 2015 па 2022 год абноўленыя 217 падручнікаў. З 2016 па 2022 год 109 новых навучальных дапаможнікаў прайшлі «вопытную праверку» практыкуючых настаўнікаў, онлайн-анкетаванне прайшлі 171 тысяча вучняў і 50,5 тысячы настаўнікаў.

Да 2022/23 навучальнага года перавыдалі:

  • «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» (5 клас),
  • «Чалавек і свет» (5 клас),
  • «Геаграфія» (6 клас),
  • «Беларуская літаратура» (6 клас),
  • «Матэматыка» (6 клас),
  • «Алгебра» (7 клас),
  • «Геаметрыя» (7 клас),
  • «Фізіка» (7 клас),
  • «Біялогія» (7 клас),
  • шэраг навучальных дапаможнікаў у замежных мовах.

«Пры падрыхтоўцы навучальных дапаможнікаў да перавыдання асаблівая ўвага надаецца адбору матэрыялу, дыдактычных сродкаў, якія спрыяюць рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу навучальных прадметаў з мэтай фармавання ў вучняў грамадзянскасці, патрыятызму, павагі да гістарычнага мінулага нашай краіны, – заявіла Раманоўская. – Вялікім выхаваўчым патэнцыялам валодаюць тэксты навучальных дапаможнікаў, якія знаёмяць навучэнцаў з выдатнымі суайчыннікамі, расказваюць аб дасягненнях Беларусі і тым самым спрыяюць фармаванню пачуцця гонару за сваю краіну».

Прыкладаў такіх «патрыятычных» матэрыялаў яна не прывяла. Але расказала: у падручніку па «Мастацтве» з’явіліся QR-коды са спасылкамі на дадатковыя ілюстрацыі, музыку і відэа; у «Геаграфіі» скарацілі частку тэксту і дадалі схемы і графіку, скарацілі частку «геаграфічнай наменклатуры», у «Біялогіі» дадалі ў канец глаў раздзел «Падвядзем вынікі».

Аб’ектыў
Вольга Павук: «Сістэма адукацыі ўсё менш нагадвае адукацыю. Гэта цяпер ідэалагічная сістэма»
2022.06.30 23:04

У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка скардзіўся: «Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым класе вывучаюць біялогію: слухайце, паўкурса – чарвякі!». Гэтыя веды яму здаліся непатрэбнымі.

У лютым 2022 года ў Беларусі быў прызначаны новы міністр адукацыі: на замену камуністу Ігару Карпенку прыйшоў былы галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук Андрэй Іванец. Ён назваў прыярытэтам «пытанні, звязаныя з выхаваннем гістарычнай памяці, з патрыятызмам» і «рэалізацыю праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва нашай краіны».

Увесну 2022 года Генпракуратура праверыла школьныя падручнікі – і заявіла аб складанасці падручнікаў, памылках у навучальных матэрыялах і празмерна высокіх нагрузках на школьнікаў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў