АДКБ рыхтуецца да вучэнняў на таджыкска-афганскай мяжы. Ці адправяць туды беларусаў, невядома

Неабходнасці ў абароне таджыкскай мяжы ад талібаў няма, кажа Генеральны сакратар АДКБ, але вучэнні там маюць прайсці ў бліжэйшыя месяцы.

Таджыкска-расейска-узбекскія вучэнні. Гарб-Майдон, Таджыкістан. 5 жніўня 2021 года. Фота: mil.ru

Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы, у якую ўваходзяць Беларусь, Расея, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, правядзе вучэнні на таджыкска-афганскай мяжы, нягледзячы на наступ тэрарыстаў «Талібана» ў Афганістане, расказаў БелТА старшыня АДКБ Станіслаў Зась.

Паводле Зася, хоць талібы і кантралююць большую частку Афганістана і яго межы, «неабходнасці ў задзейнічанні механізмаў АДКБ няма», бо Таджыкістан сваю мяжу кантралюе. Пры тым сітуацыя «выклікае занепакоенасць». Пра гэта яму паведаміў міністр абароны Таджыкістана ў тэлефоннай размове 16 жніўня.

«У выпадку абвастрэння становішча і пагрозы бяспекі Рэспубліцы Таджыкістан для аказання дапамогі саюзніку будуць прынятыя ўсе неабходныя калектыўныя захады, прадугледжаныя статутнымі дакументамі», – дадаў Зась.

Беларусь – чалец АДКБ і тэарэтычна можа выслаць туды свае войскі.

На 2021 год у Таджыкістане планавалі вучэнні АДКБ «Кобальт», «Пошук», «Узаемадзеянне» і тылавыя «Эшэлон». У вучэннях, што пачаліся 5 жніўня з удзелам вайскоўцаў Таджыкістану, Расеі і Узбекістану, маюць задзейнічаць звыш 2500 чалавек і каля 500 адзінак тэхнікі.

У мінулыя гады беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі ў вучэннях у Таджыкістане, але ці ўдзельнічаюць сёлета, не паведамляе ні беларускі, ні таджыкскі, ні расейскі бакі.

Што МЗС Беларусі прапануе беларусам, якія засталіся ў Афганістане

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны