Ціманоўская зноў бяжыць: атлетка ўзяла ўдзел у першых спаборніцтвах у Польшчы


Беларуская бягуння Крысціна Ціманоўская ўзяла ўдзел у спаборніцтвах у польскім Шчэціне – упершыню з Алімпіяды, адкуль яе супраць волі хацелі вывезці ў Беларусь, а ў выніку эвакуявалі ў Польшчу.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская падчас прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Крысціна Ціманоўская расказала польскаму тэлеканалу TVP Sport, што не трэнавалася тры тыдні, што для спрынтараў вельмі шмат. Аднак 15 жніўня яна прабегла дыстанцыі ў 100 і 200 метраў.

Яна ўзяла ўдзел у спаборніцтвах «Мемарыял Веслава Маніка» ў польскім горадзе Шчэцін. Спонсарства польскай кампаніі «PKN Orlen» дазваляе ёй працягнуць трэнаванні і ўдзельнічаць у спаборніцтвах – яна кажа, гэта выводзіць яе ў новае жыццё і новы спартовы этап.

ВІДЭА
«Я проста хацела бегчы». Крысціна Ціманоўская заклікала беларусаў не баяцца. ВІДЭА, ФОТА
2021.08.05 16:00

Падчас Алімпіяды ў Токіа бягуння Крысціна Ціманоўская абурылася ў Instagram тым, што яе паставілі на эстафету, да якой яна не рыхтавалася, бо чыноўнікі наблыталі з допінг-пробамі эстафетніц, якія не паехалі на Алімпіяду. Атлетка ў аэрапорце звярнулася да паліцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэту: сказала, яе вывозяць з Токіа супраць ейнай волі. Потым з’явіўся аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, спартовыя функцыянеры пагражаюць Ціманоўскай за яе пост. Атлетку абаранілі ад вывазу ў Беларусь, цяпер яна ў Польшчы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў