Ці знікне Беларусь з фокусу сусветнай увагі праз Афганістан?


Афганскі жаўнер на базе Баграм пасля таго, як яе пакінула NATO. 2 ліпеня 2021. Крыніца: ZAKERIA HASHIMI, AFP VIA GETTY IMAGES / TNS

Захоп талібамі кантролю над Афганістанам спрычыніўся да думак, што цяпер Беларусь можа знікнуць з фокусу сусветнай увагі. Але ці сапраўды гэта так, і ці не з’явяцца, наадварот, новыя магчымасці для нашай краіны?

Вашынгтону зноў будзе не да Беларусі?

Публіцыст, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык мяркуе, што «галоўным для нас вынікам змены ўлады ў Кабуле будзе – істотнае змяншэнне інтарэсу Захаду да Беларусі».

«Лукашэнку зноў шанцуе – як 11 верасня 2001 года, калі тэракты ў ЗША спынілі абурэнне фальсіфікацыямі на беларускіх прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі днём раней», – заявіў ён.

На ягоную думку, «Вашынгтону зноў будзе не да Беларусі – краіны, якая на пачатку 1990-х вырашыла аддаць ядравую зброю ў спадзяванні на дапамогу вялікіх краінаў. Але альтруізм рэдка калі цэніцца ў палітыцы».

Hавiны
«Талібан» перамог: баевікі атачылі Кабул, урад Афганістана рыхтуецца да перадачы ўлады
2021.08.15 16:41

Беларусь як кампенсацыя

З такім падыходам не згодны аўтар тэлеграм-каналу «Письма к дочери». Ён адзначае, што «калі Байдэн сустракаўся з Ціханоўскай, амерыканскія войскі ўжо не вялі вайсковых дзеянняў супраць талібаў», і прынамсі «здагадваўся, што ў агляднай будучыні талібы зоймуць прэзідэнцкі палац у Кабуле».

Наадварот, мяркуе аўтар «Писем к дочери», «пасля канчатковага вываду войскаў усе афганскія клопаты для Захаду зводзяцца да выказвання заклапочанасцяў», бо «без войскаў займацца справамі ў Афганістане цяжка».

Hавiны
Што МЗС Беларусі прапануе беларусам, якія засталіся ў Афганістане
2021.08.16 09:30

«Затое амерыканскія медыі ўжо які месяц дружна пішуць, што ЗША павінны вярнуць сабе ролю сусветнага змагара за дэмакратыю і супраць дыктатуры. І пасля таго, як у Афганістане з барацьбою за дэмакратыю не склалася, трэба шукаць новую кропку прыкладання намаганняў. І шмат хто там зусім не саромеецца называць Беларусь кропкай, дзе гэтае прыкладанне намаганняў можа даць хуткі і ўражвальны эфект. Бо, дзеля выпраўлення рэпутацыі, паразу ў Афганістане трэба кампенсаваць перамогай у якім-небудзь іншым месцы. І, што характэрна, пажадана з гэтай справаю занадта доўга не цягнуць. Так што, атрымліваецца, што з аднаго боку ў Афганістане рабіць усё роўна ўжо няма чаго, а з другога, ёсць абʼект бліжэйшы і перспектыўнейшы», – мяркуе аўтар тэлеграм-каналу.

«Для Расеі гэта непрыемна»

Палітолаг Валер Карбалевіч прызнаў, што афганская тэма сапраўды выціснула беларускую з увагі сусветных медыяў, як і ўсе іншыя тэмы. Разам з тым, на ягоную думку, «калі казаць пра ЗША, то бюракратычная машына запушчаная, і там ужо будуць адпрацоўваць новыя санкцыі на аўтамаце».

Больш за тое, палітолаг не выключае іншага ўплыву Афганістану на беларускую сітуацыю. Ён падкрэсліў, што захоп талібамі Кабулу стварае пагрозу для ўсёй Сярэдняй Азіі, краіны якой – «саюзнікі Расеі ў АДКБ, Еўразійскім саюзе».

«І калі там пачне ўсіх трэсці, калі талібы пачнуць неяк уплываць на Цэнтральную Азію, калі там з’явяцца ісламісты, то гэта дэстабілізацыя ўсяго рэгіёну. Для Расеі гэта непрыемна. Таму я тут бачу магчымасці нейкай супрацы ў развязанні праблемы талібаў паміж Расеяй і ЗША. А калі пачнецца нейкая рэальная супраца, узровень канфрантацыі будзе зніжацца», – адзначыў Валер Карбалевіч.

Ён падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка «вельмі добра ўпісаўся ў геапалітычны канфлікт паміж Расеяй і ЗША, і менавіта дзякуючы гэтаму Расея яго радасна падтрымала». Пачатак жа супрацы паміж Вашынгтонам і Масквой, на думку палітолага, прывядзе да зніжэння эскалацыі канфлікту паміж РФ і Захадам.

Гэта, мяркуе Валер Карбалевіч, не вельмі добра для Аляксандра Лукашэнкі, які «фактычна зрабіў стаўку на канфлікт». У гэтым сэнсе, не выключае палітолаг, афганская сітуацыя можа паўплываць на развязанне беларускага крызісу.

Hавiны
Талібы ўвайшлі ў Кабул, прэзідэнт Афганістану пакінуў краіну
2021.08.15 19:53

МГ belsat.eu

Стужка навінаў