«Сцежкамі і палямі прабірайцеся ў Таджыкістан». Былыя дыпламаты пракаментавалі парады МЗС беларусам у Афганістане


Прыхільнік ісламісцкага руху «Талібан».
Фота: EPA-EFE

Міністэрства замежных справаў Беларусі раіць беларускім грамадзянам у Афганістане шукаць дапамогі ў суседнім Таджыкістане. А ў гэты час украінскі МЗС Украіны паведамляе пра эвакуацыю часткі беларускіх грамадзянаў украінскім самалётам. Што думаюць пра гэта дыпламаты?

Што кажуць улады

«Безумоўна, Міністэрства замежных справаў сочыць за развіццём сітуацыі ў Афганістане. Фізічна там няма нашай амбасады, але па сумяшчальніцтве гэтую краіну куруе амбасада Рэспублікі Беларусь у Таджыкістане. Таму грамадзяне нашай краіны ў консульскіх пытаннях альбо па аказанне іншага магчымага спрыяння ў межах Міністэрства замежных справаў могуць звяртацца ў нашую амбасаду ў Таджыкістане», – заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Hавiны
Што МЗС Беларусі прапануе беларусам, якія засталіся ў Афганістане
2021.08.16 09:30

І хоць у Міністэрстве ўнутраных справаў заяўляюць, што «нашыя грамадзяне ў Афганістан не выязджаюць на працу, у гэтай краіне практычна няма беларускіх грамадзянаў», беларускія жанчыны, якія бяруць шлюб з грамадзянамі Афганістану, жывуць, як правіла, у Беларусі, – беларусы ў Афганістане ўсё ж былі, а магчыма, што і ёсць і цяпер.

Як адзначыў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба, «79 грамадзянаў Украіны, Афганістану, Беларусі, Нідэрландаў, Харватыі, Таджыкістану вырваліся з небяспекі і хаосу ўкраінскім бортам».

«Сцежкамі і палямі прабірайцеся ў Таджыкістан»

З рэзкаю крытыкай такога падыходу ўладаў Беларусі выступіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы, Францыі ды Іспаніі Павел Латушка.

«Калі ў цяжкай сітуацыі аказаліся беларусы, хто прыйшоў на дапамогу – Украіна і ўкраінцы? Колькі б бруду ні выліваў дыктатар на гэтую краіну і на ўкраінскі народ, колькі б прапагандысцкія каналы ні лілі бруду на ўкраінцаў, менавіта Украіна аказала дапамогу. А што дыктатар? Грошы ёсць падымаць у неба ВПС Беларусі, каб саджаць грамадзянскі самалёт «Ryanair», а грошай накіраваць самалёт у Афганістан – няма? Цудоўная праца беларускай дыпламатыі. Самы лепш спосаб – сцежкамі і палямі прабірайцеся ў Таджыкістан, беларускія грамадзяне», – заявіў палітык.

Hавiны
Ці знікне Беларусь з фокусу сусветнай увагі праз Афганістан?
2021.08.16 14:54

«Бяда не залежыць ад стану міждзяржаўнага дыялогу»

Між тым старэйшы аналітык Цэнтру новых ідэяў, былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч у каментары «Белсату» быў больш стрыманы ў сваіх ацэнках.

«З тэхнічнага гледзішча МЗС дзейнічае як у любы крызіс, якіх было шмат. Дзеля арганізацыі дапамогі трэба разумець маштабы бедства. У дадзеным выпадку – якая колькасць грамадзянаў Беларусі застаецца ў Афганістане. МЗС праз нашае пасольства ў Душанбе, акрэдытаванае і на Афганістан, збірае гэтую інфармацыю. На яе падставе будзе прымацца рашэнне, каму і як дапамагаць – накіроўваць самалёт па грамадзянаў або звяртацца па спрыянне да іншых краінаў, якія маюць магчымасці для эвакуацыі. Звычайна ў тых краінах, дзе ў нас няма пасольстваў, грамадзяне Беларусі яшчэ маюць магчымасць звяртацца ў расейскія дыпламатычныя ўстановы па дапамогу», – адзначыў былы дыпламат.

Але, падкрэсліў ён, «той факт, што Беларусь з-за Лукашэнкі трапіла ў шэрагі міжнародных ізгояў, вядома, не гуляе на карысць нашым магчымасцям у арганізацыі эвакуацыі сваіх грамадзянаў з дапамогаю іншых краін, той жа Украіны».

«Аднак нішто не замінае Украіне, калі яна мае магчымасці, праявіць добрую волю – эвакуяваць беларусаў, якія маюць у гэтым неабходнасць. Бяда не залежыць ад стану міждзяржаўнага дыялогу, і дапамога не павінна ад яго залежаць», – заявіў Павел Мацукевіч.

Hавiны
АДКБ рыхтуецца да вучэнняў на таджыкска-афганскай мяжы. Ці адправяць туды беларусаў, невядома
2021.08.16 15:04

МГ belsat.eu

Стужка навінаў