Ці будзе «Ціханоўская-каралева» і «Чэрчыл-прэм’ер»? Спыталі Офіс Ціханоўскай пра ідэі Пракоп’ева


Памочнік камандзіра палка «Пагоня», колішні вядомы бізнесовец Вадзім Пракоп’еў жорстка раскрытыкаваў працу Офісу Святланы Ціханоўскай і зрабіў шэраг прапановаў. Ці прыслухаюцца да яго на кангрэсе, які мяркуецца правесці ў жніўні?

На пярэднім плане: Вадзім Пракоп’еў, Святлана Ціханоўская, Франак Вячорка. На заднім плане: каралева Элізабэт ІІ і Ўінстан Чэрчыл. Калаж з фота: Белсат, The International Churchill Society

«Белсат» перадаў Вадзіму Пракоп’еву пытанні наконт ягоных ідэяў, але на момант публікацыі ён не адказаў. Прадстаўнік Пракоп’ева паведаміў, што той дамовіўся на гутарку з іншым выданнем. Спыталі пра ідэі Пракоп’ева Франка Вячорку – дарадцу і кіраўніка аддзелу замежнай палітыкі Офісу Святланы Ціханоўскай, якога Пакоп’еў згадваў асабіста.

Што казаў Пракоп’еў

Вадзім Пракоп’еў робіць зварот да афіцэраў Узброеных сілаў Беларусі. 3 ліпеня 2022 года. Кадр з відэа:
Вадим Прокопьев / Youtube

Другі форум дэмакратычных сілаў Беларусі прайшоў у Берліне 11–12 ліпеня. Сярод удзельнікаў не было ні прадстаўнікоў Офісу Ціханоўскай, ні прадстаўнікоў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (на чале якога Павел Латушка).

Адным з галоўных арганізатараў быў экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала, якому беларускія ўлады не далі стаць кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе. На форуме выступалі старшыня разагнанага ў 1996 годзе Вярхоўнага савету XIII склікання Сямён Шарэцкі, кіраўніца цэнтру «Наш дом» Вольга Карач і іншыя.

Пракоп’еў выступаў менш за паўгадзіны. Што ён казаў:

 

  • Прапанаваў удзельнікам форуму адкінуць асабістыя амбіцыі і скласці кааліцыю. Пад выніковай рэзалюцыяй форуму подпісу Пракоп’ева няма.
  • Выказаў спадзеў на новы «экстраны форум» з удзелам Офісу Ціханоўскай. Ціханоўская запрасіла яго на Кангрэс беларусаў 8–9 жніўня ў Вільні (але ходзяць чуткі, што кагосьці з ахвочых не запрасілі).
  • Офісу Ціханоўскай прапанаваў схему: Ціханоўская становіцца аналагам брытанскай каралевы (сімвалам, а не лідаркаю), а справамі кіруе «беларускі Чэрчыл» (імя якога Пракоп’еў не назваў – некаторыя спрабуюць адгадаць, каго ж ён меў на ўвазе).
  • Казаў пра «бяду з лідарствам», адсутнасць у Ціханоўскай плану на змаганне з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі (а Пракоп’еў не бачыць ніякага шляху перамогі акрамя «ваенна-палітычнага»), пра «пасіўнасць і бездапаможнасць» Офісу Ціханоўскай і пра тое, што «Франак Вячорка змагаецца з іншымі апазіцыянерамі», таму яго трэба паслаць амбасадарам як мага далей.
  • Расказаў, як спрабаваў дзеяць асобна ад Офісу Ціханоўскай, каб зрэалізаваць свае ідэі і сказаць «Святлана, мы ўсё зрабілі, дарабіце на міжнароднай арэне», але «ўпёрся ў сцяну» ва Украіне: маўляў, украінскія ўлады збіраюцца размаўляць з рэжымам Лукашэнкі, бо ён кантралюе тэрыторыю Беларусі. Пракоп’еў лічыць, што Беларусі неабходная нацыянальна-вызваленчая армія пры падтрыманні замежных супольнікаў, ды калі ён спрабаваў размаўляць з «прадстаўнікамі Лондану і прадстаўнікамі Варшавы», яго пыталі, «кім вы даводзіцеся Святлане Ціханоўскай».

Што на гэта адказаў Офіс Ціханоўскай

Франак Вячорка, дарадца і кіраўнік аддзелу замежнай палітыкі ў штабе Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 19 кастрычніка 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Спыталі Франка Вячорку пра тое, ці кангрэс у Вільні будзе развязкам для тых, каму не падабаецца праца Офісу Ціханоўскай, і ці ўсіх ахвочых туды запрасілі. Вячорка тлумачыць:

«Гэта кангрэс прапанавала правесці Святлана ў адказ на запыт нашых ініцыятываў. За апошнія два гады мы сапраўды губляем сувязь з беларусамі, якія ўнутры краіны, і адной з галоўных ідэяў кангрэсу было сфакусавацца менавіта на праблемах беларусаў у Беларусі.

Спіс запрошаных на сёння – больш за 300 чалавек. Усе запрашэнні накіроўвае асабіста Святлана, а не Офіс. Сярод запрошаных – палітыкі, праваабаронцы, блогеры, медыяасобы. Запрасілі і каліноўцаў [полк Каліноўскага – беларускія добраахвотнікі, якія ваююць у складзе Збройных сілаў Украіны], і байполаўцаў [BYPOl – аб’яднанне былых сілавікоў Беларусі, якія выступаюць супраць Лукашэнкі], і Пракоп’ева, і Вольгу Карач. Будзе адкрытая рэгістрацыя для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці паводле квоты: 1 прадстаўнік ад арганізацыі ці суполкі дыяспары.

Нікому не адмовілі, таму што яшчэ нават запрашэнняў не рассылалі».

Hавiны
Ціханоўская расказала, чаму дагэтуль не прыехала ў Кіеў
2022.07.15 19:04

Як Офіс адрэагаваў на ідэю з «Ціханоўскай-каралевай» і «Чэрчылам-прэм’ерам»? Такі варыянт можа разглядацца?

«Нармальна адрэагаваў, – кажа Вячорка пра Офіс Ціханоўскай. – Гэта ж адкрытая дыскусія, свабода слова. Увогуле, у Офіс прыходзяць з рознымі ідэямі, многія з ідэяў пайшлі ў работу, часам ідэі нерэлевантныя ці нерэалістычныя.

Вадзім Пракоп’еў таксама быў частым госцем у Офісе, і гэтую ідэю з каралевай і ваенным штабам агучваў раней. Святлана ж лічыць, што палітыка – гэта не пра тытулы і пасады. Гэта найперш дзеянні.

Калі Вадзім прапануе канкрэтны план, канкрэтныя прапановы ў асобах, пагодзіцца працаваць супольна з іншымі – вядома, ягоная энергія патрэбная. Але тытулы і пасады самі сабой нічога не вызначаюць – трэба працаваць. Святлана лічыць, што Кангрэс дасць магчымасць кожнаму выказацца і рэарганізаваць працу дэмакратычных сілаў».

Фота
Ціханоўская распавяла, што замінае стварыць кабінет для транзіту ўлады
2022.07.05 15:44

Офіс Ціханоўскай крытыкуюць за адсутнасць плану нямірнай рэвалюцыі, за адсутнасць фармавання нацыянальна-вызваленчай арміі (пры тым Ціханоўская падтрымлівае байполаўскі план «Перамога» і згадвае рэгулярна пра полк Каліноўскага і полк «Пагоня»). Франак Вячорка кажа, што гэта якраз нядаўна абмяркоўвалі:

«Святлана дала задачу вынесці на Кангрэс тэму сцэнароў змены ўлады, каб была адкрытая дыскусія. Там і абмяркуем. Калі спадар Пракоп’еў пагодзіцца, ён можа стаць адным з панэлістаў у гэтым пытанні».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская на Маршы Свабоды. Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Што адказаць тым, хто кажа, што Офіс нібыта нічога не робіць дзеля барацьбы з рэжымам Лукашэнкі і барацьбы за вызваленне Беларусі?

«Падключайцеся да працы, – адказвае Вячорка. – Рабіце лепш. Рабіце інакш. Работы непачаты край.

Офіс сам ніколі не развяжа ўсіх пытанняў. У нас кадравы і інтэлектуальны голад пастаянна. Хаця мы адкрытыя, і нават спрабавалі адкрываць вакансіі. Але калі людзі даведваліся, што гэта праца ў Офісе, многія адмаўляліся, праз магчымыя наступствы.

У Святланы Ціханоўскай, як беларускага лідара, задачы трошкі шырэйшыя, чым у Офісу. Яна прадстаўляе беларусаў, выступае ад іхнага імя ў свеце. Аб’ядноўвае розныя сілы і ініцыятывы.

Офіс мае больш інструментальную ролю: падтрымліваць працу Святланы, але і развязваць практычныя пытанні беларусаў, як мы цяпер спрабуем развязваць міграцыйныя пытанні беларусаў ва Украіне і Еўразвязе. Робім, што можам, але нашых сілаў недастаткова, таму просім аб дапамозе».

Hавiны
Ціханоўская і Бурэль абмеркавалі прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці за суўдзел у вайне
2022.07.13 20:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў