Што глядзець на беларускім YouTube? Вялізны гід па каналах: ад навінаў і гутарак да катоў і гародаў


Глядзіце беларускае! І нас, і не нас. Сабралі больш як дзве сотні каналаў, якія робяць беларусы, і паглядзелі на тэндэнцыі.

Некаторыя папулярныя асобы беларускага сегменту YouTube. Калаж: Белсат

Перадусім: гэты тэкст будзе актуальны летам 2022 года, але YouTube-каналы увесь час з’яўляюцца і знікаюць, часам нават мяняюць тэматыку. Цэлы шэраг каналаў спыніў трансляцыю пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Шэраг беларускіх блогераў цяпер за кратамі з палітычных прычынаў – як то аўтар «Беларуси головного мозга» Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, або аўтар «Страны для жизни» Сяргей Ціханоўскі, асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У няволі і аўтары каналу «Народный репортёр» Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, і аўтар каналу «Radix» анархіст Мікалай Дзядок, і многія іншыя. У час падрыхтоўкі гэтага артыкулу быў затрыманы вайсковы аналітык Ягор Лебядок, які таксама вёў Youtube-канал.

Самыя папулярныя беларусы – тыя, хто не паказвае сваёй беларускасці

У топе беларускіх ютубэраў паводле падпісальнікаў – хлопцы з дзіцячым і моладзевым забаўляльным кантэнтам, арыентаваныя на расейскамоўную аўдыторыю: «A4» (40,6 млн падпісальнікаў), «Глент» (12,6 млн), «Lesha Maisak» (6,7 млн), «telblog.net» (5,3 млн)… Таксама ў топе паводле падпісальнікаў – шмат расейскамоўных каналаў пра відэагульні.

У відэа топавых беларускіх моладзевых блогераў мала беларускасці: яны працуюць пераважна на расейскі рынак і здымаюць «інтэрнацыянальныя» забаўляльныя відэа накшталт «Тыпы людзей у лякарні» ці «Чырвоная ежа супраць сіняй ежы», розныя пранкі, «чэленджы» і гумарыстычныя скетчы (часам відэа бываюць небяспечнымі – накшталт «Пробуем напиться лекарствами из аптеки»).

У некаторых блогераў, якія пазначылі сваёй краінай Беларусь, нават немагчыма знайсці прыкметаў таго, што пазнака не памылковая, у некаторых – хіба пабачыць беларускі нумар машыны, які выпадкова трапіў на фота ў «Інстаграме» аўтара. У некаторых, як у «Perpetuumworld» , прывязка да Беларусі – хіба чырвона-зялёны сцяжок на карцінках, у некаторых, як у «Зараз», «Топовый Пинск» ці «Вова с Могилёва», беларуская хіба назва.

Напрыклад, нядаўна на канале «А4» выйшаў забаўляльны ролік пра турэмную ежу з розных краінаў: хлопцы з радасцю пакаштавалі стравы, якія, як яны лічаць, даюць у розных турмах, назвалі «ў цэлым нармальнай» расейскую і праігнаравалі існаванне беларускіх турмаў (хоць, напрыклад, за тры дні да выпуску роліку ў няволю ў Беларусі трапіў блогер-тыктокер Павел Пагоскі – за тое, што ў адным з відэа надзеў міліцэйскую форму).

Былі нават разважанні пра тое, беларускі ці расейскі блогер Улад Бумага (аўтар каналу «А4»). А менскі блогер Ілля Хабібулін (канал «Приятный Ильдар») хоць асудзіў вайну і падтрымаў Украіну, працягнуў ездзіць у Расею.

Але не ўсе моладзевыя відэаблогеры «русіфікаваліся». Напрыклад, папулярная блогерка Лера Яскевіч (684 тысячы падпісальнікаў – 49-е месца сярод тых, хто пазначыў сваёй краінай Беларусь) яшчэ ў 2018 годзе пачала часам спяваць па-беларуску, а ў 2020 годзе падтрымала беларускі пратэст.

У «Белсату» – самы папулярны беларускамоўны канал і шмат чаго яшчэ

Наш канал «Белсат News» мае амаль паўмільёна падпісальнікаў. Гэта найпапулярнейшы YouTube-канал сярод беларускамоўных. Там мы публікуем поўныя выданні навінаў, невялікія інтэрв’ю, расследаванні ды іншае. Напрыклад, паглядзіце пра нерухомасць:

На яшчэ адзін наш канал, «Вот так», падпісаныя амаль 800 тыс. чалавек. Там у нас выходзяць расейскамоўныя навіны, гутаркі і праграмы.

І яшчэ адзін наш канал, «Белсат Life», мае сотню тысяч падпісальнікаў. Там у нас ток-шоу, рэпартажы і людскія гісторыі, гумар. Або ўсё разам – у шоу «Хай Так ТВ»:

Асобны канал – у нашага «Жэстачайшага мульта» , там за 50 тысяч падпісальнікаў. І яшчэ мы маем «Белсат Now», «Белсат History», «Белсат Music», «Белсат Doc», «Biełsat PL», «Belsat English». Падпісвайцеся.

Дзе яшчэ беларусы глядзяць навіны

YouTube-каналы цяпер мае ці не кожны буйны медыярэсурс. Каго напраўду найбольш глядзяць, нядаўна зноў праверыла «Baltic Internet Policy Initiative». Аказалася, дзяржаўныя медыі на YouTube адчувальна саступаюць незалежным.

Вось якія каналы незалежных выданняў найбольш глядзець беларусы:

  • «Nexta Live» – канал, які заснаваў блогер Сцяпан Пуціла, выдае палітычныя навіны. Яшчэ адзін ягоны канал, «Nexta», спецыялізуецца на доўгіх відэа: расследаваннях і тлумачэннях. Многія каналы, пададзеныя ніжэй, улады Беларусі называюць «экстрэмісцкімі», але Пуцілу выпаў асаблівы статус: ён яшчэ і «тэрарыст».
  • «Реальная Беларусь» – канал гомельскага блогера Арцёма Шапарава, які расказвае палітычныя навіны.
  • «Onliner» – канал найбуйнейшага «неэкстрэмісцкага» выдання Беларусі. Мае нават больш падпісальнкаў, чым «Nexta Live». Амаль без палітыкі – збольшага там гісторыі незвычайных беларусаў.
  • Максим Шабуцкий – менскі блогер, які расказвае навіны Беларусі і Расеі, найчасцей звязаныя з сілавікамі.
  • «Маланка Медиа» – грамадска-палітычнае выданне, якое стварылі летам 2020 года адразу за межамі Беларусі. Мае асобны канал «Маланка Live» для доўгіх відэа. Адзін з твараў каналу – вядомая тэлевядоўца Каця Пытлева.
  • Светлана Тихановская – канал лідаркі дэмакратычнай Беларусі і ейнага штабу.
  • «BalaganOFF» – канал украінскага блогера Аляксандра Рыкава, які амаль выпадкова «зачапіў» беларускую аўдыторыю і стаў рабіць відэа амаль выключна пра беларускую палітыку.
  • «Euroradio Live» – канал «Еўрапейскага радыё».
  • «Minski» – блогер Раман Абрамоўскі расказвае пра беларускую і сусветную палітыку.
  • «Страна для жизни» – канал, які заснаваў Сяргей Ціханоўскі, працягнуў працаваць пасля зняволення аўтара.
  • «НАУ Беларусь» – канал Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.
  • «By_Pol» – расследаванні і «злівы» ад каманды былых сілавікоў.
  • Павел Латушко – асабісты канал лідара НАУ.
  • «Зеркало» – канал каманды былых тутбаеўцаў. Апошнім часам галоўная зорка каналу – палітолаг Арцём Шрайбман (стары канал TUT.by цяпер завецца «Мара», яго вядуць іншыя былыя тутбаеўцы – раней расказвалі гісторыі незвычайных людзей, цяпер шукаюць новы фармат).
  • «Экономика здравого смысла» – канал эканаміста і кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах-2010 Яраслава Раманчука.
  • «Это Avby» – канал «Аўтамалінаўкі». Ніякай палітыкі, толькі машыны.
  • Sergey_Ян_Storchevoy – блогер з Латвіі, які пачынаў канал з відэа пра ежу і парадаў пра стасункі, а цяпер каментуе падзеі ў Беларусі.

З папулярных медыяў у згаданы топ не трапіла радыё «Свабода». Яны падзялілі свае відэа на два каналы: асноўны з навінамі ды кароткімі інтэрв’ю і «Premium» з доўгімі гутаркамі (ён бясплатны, не пужайцеся). Не трапіў туды і канал «Нямецкай хвалі» – «DW Беларусь». Таксама ў тым топе няма «Нашай нівы»: свой стары навіновы канал яны пераназвалі ў «Ток» і публікуюць там доўгія гутаркі, а для навінаў завялі новы канал.

Незалежнае інфармагенцтва БелаПАН і звязаны з ім сайт Naviny.by не перажылі рэпрэсіяў 2021 года, але частка каманды запусціла новае медыя «Позірк» – і мае ўжо даволі цікавы канал. Актыўна выдаюць інтэрв’ю і тлумачэнні каналы эканамічнага выдання «Белорусы и рынок» і грамадска-палітычная «Кропка» ад «ePramova». З траўня незалежныя беларускія журналісты публікуюць рэпартажы «пра вайну і мір, надзею і выжыванне» на канале «Рэпарцёры».

Як правільна чытаць навіны і каму верыць, вучыць «Media IQ». А для тых, каму цікава, як робяцца навіны і каго слухаюць самі журналісты, ёсць канал «Press Club Belarus».

Размовы з беларусамі

Самы папулярны беларускі інтэрв’юэр Мікіта Мелказёраў нядаўна якраз распачаў новы сезон доўгіх гутарак з вядомымі беларусамі на канале «Жизнь-малина».

Ён таксама мае асобны канал для падкастаў – «Slodky Stony». Мелказёраў завёў і праект з больш кароткімі гутаркамі «Malina LIGHT» – яго вядзе Ілля Маліноўскі (і не, яго так звалі і раней, да працы ў «Жыцці-маліне»).

Інтэрв’ю
«Беларусь перадусім». Вось што зразумеў Мікіта Мелказёраў пасля 77 вялікіх гутарак з беларусамі
2022.07.08 12:13

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін вядзе доўгія размовы з беларусамі на канале «Тэлебудка». Настасся Роўда грунтоўна гутарыць на ўжо згаданым нашаніўскім «Току». Жэня Сугак з «The Village Беларусь» на канале «Мне тоже не нравится» размаўляе на цяжкія тэмы адразу з некалькімі людзьмі.

Размовы пра палітыку, эканоміку і гісторыю вядзе «6TV Biełaruś». Канал «Sens» спалучае размовы з вядомымі беларусамі, агляд падзеяў у лёгкай форме і шоу Лявона Вольскага «Слова тыдня», а кароткія каментары аб актуальных падзеях публікуе асабісты канал блогера «Daroha» Валерыя Руселіка. Гутаркі з незвычайнымі беларусамі пачаў рабіць журналіст Ваня Прус на канале «Этот Прус». Людзей з рознымі поглядамі зводзіць «Дамова». Размовы з менчукамі вядзе CityDog.by. А Максім Паршута прысвяціў канал «Максимально» размовам з «класнымі беларускамі».

Вядомы гарадзенскі журналіст Руслан Кулевіч вядзе праект «Мы вернемся» – як кажа, «будуе мост» між Беларуссю і беларусамі за мяжой. Таксама з беларусамі, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму, вядзе размовы Наташа Копацева на канале «Гэта мы!».

Раней пра «белорусов на удалёнке» вёў падкасты канал студыі дакументальных спецпраектаў «Vozera» – але цяпер пачаў выдаваць і відэа. А «Placoüka» як выдавала, так і выдае размовы з цікавымі беларусамі ў форме аўдыя без відэа. «Добры канал» публікуе кароткія размовы з беларусамі і пры тым дае былым супрацоўнікам СМІ паспрабаваць новыя фарматы.

Артыкулы
«Збудуем мост і вернемся». Як самы хуткі журналіст Горадні заснаваў новае выданне ў Беластоку
2022.06.11 14:14

Музыка – у кожнага свой канал

У згаданым топе самых прагляданых каналаў між эканамістам Раманчуком і «Аўтамалінаўкай» – канал «Margarita Levchuk. Soprano». Вядомая оперная спявачка Маргарыта Ляўчук публікуе там як цалкам сур’ёзныя спевы па-беларуску, так і парадыйныя песні, спявае адна і дуэтам з блогерам Андрэем Павуком. Павук жа мае канал «Рудабельская паказуха» – там і песні, і тэлефонныя размовы з беларускімі чыноўнікамі і прыхільнікамі Лукашэнкі (другое гучыць як пранкі, толькі ўсё сур’ёзна) Таксама Павук вядзе «Шухер-шоў» на «Белсаце».

Што да чыста музычных, то свой уласны канал цяпер мае ці не кожны выканаўца. Найбольш падпісальнікаў – у рэпера Макса Каржа, следам ужо згаданая Лера Яскевіч, за імі – «пацанскі рэп» «Homie» і пост-панкі «Molchat Doma».

Беларуская музыка на YouTube – на любы густ: містычна-сімфанічная «Dzivia», лірычная Palina, кранальны «Naviband», сярэднявечны «Стары Ольса», эпічны «Вольны хор», панкі «Дай дарогу!», заўсёды розны Lavon Volski, танцавальная музыка ад Папы Бо на «Bopromo», канцэрты фестывалю «Sprava» ў «Неноев ковчег», беларускамоўныя песні і вершы розных выканаўцаў на «Youbel TV»… Ёсць нават відэаблог славутага металіста Lesley Knife, які не столькі пра музыку, колькі пра асабістае жыццё.

Hавiны
«Беларусам няёмка, што яны беларусы». Чаму мы не ганарымся сваймі артыстамі? Разважае Сяргей Будкін
2022.02.06 07:30

Прасцей сказаць, якой беларускай музыкі на YouTube няма. Напрыклад, там няма першага і адзінага альбому рок-гурту «Indiga». Затое ёсць канал новага праекту колішняй вакалісткі «Indiga» Русі – этна-электроннага гурта «Shuma» . Руся таксама дае ўрокі вакалу на канале мабільнай праграмы «Vocal Image». А паглядзець на тое, як здымаюцца музычныя кліпы, можна на канале студыі «DVA cine».

Але адзінага «гіда па беларускай музыцы» няма: сайты накшталт «Тузіна гітоў» і «Ultra-music» прыпынілі дзейнасць і не «вяшчаюць» на YouTube, а відэаблогаў выключна пра беларускую музыку на момант публікацыі не стварылі. Ёсць хіба канал «Longplay», дзе беларус Аляксандр Табольскі расказвае пра замежную музыку (па-расейску, але тонам, як у Сяргея Філімонава); канал «TuzinFM» са старымі запісамі і «Белсат Music», дзе мы публікуем відэа з нашых праграмаў. Беларуская рада культуры раней ладзіла музычныя онлайн-фэсты, але апошнім часам публікуе толькі кароткія заявы беларускіх культурніцкіх дзеячаў.

Культура, гісторыя, падарожжы

Культурная кампанія «Будзьма беларусамі!» актыўна вядзе свой канал і публікуе там самыя розныя відэа: пра мову, гісторыю, культуру, нават сучасныя тэхналогіі і кулінарныя рэцэпты. Там жа можна знайсці і крыху музыкі, і крыху дзіцячых казак. Падобныя каналы «пра ўсё беларускае» маюць кампанія «Годна» і разгромленая ўладамі крама «Symbal.by» (другія працягнулі выдаваць відэа нават пасля зняволення заснавальніка крамы Паўла Белавуса, але большасць відэа схаваная і бачная толькі ў плэйлістах). Таксама канал «пра ўсё беларускае» мае «Арт-сядзіба», але яна перастала выдаваць відэа мінулай восенню.

Былыя акторы Купалаўскага тэатру, які фактычна распаўся ў 2020 годзе, зладзілі новую тэатральную групу «Купалаўцы» і публікуюць на аднайменным канале запісы некаторых спектакляў. Іншыя тэатры так не робяць, але часам прадаюць відэаверсіі спектакляў на онлайн-сэрвісах. Старыя беларускія фільмы можна бясплатна паглядзець на канале «Киностудия Беларусьфильм».

Пра гісторыю простай мовай расказвае «Тутэйшы шляхціч» – блогер Усяслаў Пашкевіч , а больш «прафесійным» тонам пра гісторыю, філасофію і іншыя тэмы кажуць госці каналу «Лятучы ўніверсітэт». Кароткія відэа і доўгія лекцыі пра гісторыю і культуру публікуе «Открытый лекторий». Гісторык Ігар Мельнікаў вядзе свой канал «Гісторыя побач», суполка аматараў гісторыі з Ваўкавыску робіць канал «Live Belarusian» (але падкрэслівае, што яны не прафесіяналы»). Пра развіццё ваеннай справы на беларускіх землях расказвае Віталь Чырвінскі.

Шмат цікавага пра беларускую культуру і мастацтва расказвае вядомы экскурсавод Мікіта Моніч на канеле «Около культуры», пра беларускую літаратуру і культуру – паэт Андрэй Хадановіч, пра замежнае кіно па-расейску – ананімны беларускі канал «ЧБУ». Культуролаг Макс Жбанкоў неўзабаве мае распачаць новы сезон перадачы «Шокінг культ». Пісьменнік Кірыл Стаселька на сваім канале публікуе літаратурныя падкасты, агучаныя «купалаўцамі». Пра японскую анімацыю і звязаныя з ёй тэмы расказвае па-беларуску канал «AniBel» – там і агляды анімэ, і трэйлеры, і ролікі пра відэагульні, і пераклады песень.

Старыя ўрокі беларускай мовы захавалася на канале «Мова Нанова», але ён ужо год як не абнаўляецца. Старыя выданні адукацыйнай праграмы «Мова нанова» на Белсаце захаваліся тут. Старыя адукацыйныя відэа пра беларускую мову таксама можна паглядзець у праграме «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» на радыё «Свабода».

Пра падарожжы ў экзатычныя краіны і незвычайныя мясціны расказвае Леанід Пашкоўскі на канале «Хочу домой», а Артем Рындевич, нягледзячы на беларускамоўны падзагаловак «Едзем», катаецца па Расеі. Пра беларускую сучаснасць для замежных турыстаў расказвае па-ангельску экскурсавод Андрэй Бурдзянкоў на канале «Minsk Guide». Пра жыццё ў Японіі па-беларуску распавядае «Vanya in Japan», пра жыццё ў Штатах шмат расказваў канал «Переезд в США» былой журналісткі «Белсату» Вольгі Чайчыц, але паўгода таму відэа перасталі выходзіць. Таксама спыніў публікацыю відэа канал пра падарожжы «MagaShow» – пасля таго, як брата аўтара каналу затрымалі паводле палітычнага артыкулу (асудзілі на тры гады «хіміі» за «грубае парушэнне парадку».

Старыя выданні «Падарожжаў дылетанта» Юрыя Жыгамонта сабраныя на канале «Zyhamont». Пра гісторыю, культуру і беларускую кухню публікуе відэа «Маёнтак Падароск» – ён пэўны час публікаваў і новыя падарожжы Жыгамонта. Пра архітэктурныя помнікі Беларусі шмат відэа на канале «Vedaj.by».

Раней даволі актыўна расказваў пра беларускія строі і песні канал «Tradycyja», але ён не абнаўляўся ўжо чатыры месяцы.

Для дзяцей

Асобных каналаў з відэа для беларускіх дзяцей няшмат, але такія відэа з’яўляюцца на «неспецыялізаваных» каналах. Сярод спецыялізаваных каналаў – «Baybus» з мультфільмамі, вершамі і казкамі таго самага Маляваныча з «Калыханкі» (ягоныя казкі ёсць таксама ў Беларускай рады культуры, сезоны 1 і 2, і на канале «Добры»). Таксама асобны канал з мультфільмамі па-беларуску мае студыя перакладаў «Гаварун» (на іх асноўным канале – фрагменты перакладаў фільмаў). Дзіцячыя аўдыякнігі збірае канал «Чытанка». Свой асобны канал мае мультсерыял «Блізняты-важаняты» (пакуль ёсць толькі тры выданні, на наступны збіраюць грошы). Пра кнігі для дзяцей расказвае «Беларуская Дзіцячая Літаратура». А калісьці папулярны дзіцячы канал «Семейка Z» цяпер выдалены з невядомых прычынаў.

Сотня беларускіх мультфільмаў ёсць у плэйлісце на канале «Беларусьфільму». Казкі для дзяцей чытае «Свабодны тэатр», казкі па-беларуску сабралі каналы «Будзьма беларусамі!» і @audbook, а студыя «Кінаконг» агучвае па-беларуску «Свінку Пэпу». Для аматараў рэтра на канале «Старое Белорусское Телевидение и Радио» захаваліся старыя выданні «Мультклубу» з Паца-Вацам.

Відэа з трактарамі для самых маленькіх публікуе канал «Малыши-Крепыши». А відэа з заданнямі цэнтралізаванага тэставання для старэйшых публікуе «Адукар».

Беларусы ў любой нішы: эканоміка, спорт, секс, вязанне, агарод…

Размовы пра беларускі спорт з ухілам у палітыку публікуе канал «ЧестнОК», які заснаваў цяпер зняволены журналіст «Трыбуны» Аляксандр Івулін – справу працягваюць калегі. Пра беларускі футбол (ці тое, што ад яго засталося) расказваюць Мікалай Хадасевіч на канале «Hodasevich-Live» і канал «Родны футбол». Ёгай вучыць займацца мянчанка Вераніка Васілевіч на «VVProFitness», бодзібілдарствам – пажарнік з Бабруйску Яўгеній Лось на канале «Wild Moose».

Пра відэагульні па-беларуску расказваюць «Рудзі» і «Малаток» – хоць маюць значна менш падпісальнікаў за расейскамоўных беларускіх блогераў-геймераў, якія сваёй сувязі з Беларуссю звычайна не паказваюць. А самая вядомая відэагульня з Беларусі – «World of Tanks».

Пра «трэшовыя» міфы і забабоны з жартамі расказвае Валянцін Конан на канале «TrashSmash» Ён мае таксама беларускамоўны канал «Конан Ў!» і персанальны канал «Smash» – на апошнім у тым ліку закранае тэмы сексу і гамафобіі.

Табуяваную тэму сексу абмяркоўваюць на канале «Полчаса кардио» (там новыя выданні, архіў старых тут).

Гумарыстычныя каналы вядуць беларускія стэндаперы Слава Комиссаренко (гэта ён прыдумаў «Чык-чырыка») і Ідрак Мерзалізадэ – у другога «Общий канал – экс Идрак». Канал «Все свои» публікуе «актуальную сучасную камедыю з самага сэрца Беларусі». Іранічны канал «Martin Kram» расказвае навіны весела, але з абыякавым тварам. На «ЧинЧинЧенэл» жартуюць з чыноўнікаў купалаўцы (гэта адтуль пайшла «Шчучыншчына»). Ёсць гумар праграмістаў на «Crazy Prog» . Ёсць «Пан Усялян» з песнямі і скетчамі на трасянцы. І ёсць дуэт «Красная зелень», песні якога публікуе згаданы канал Маргарыты Ляўчук. Чорным гумарам і сарказмам напоўненыя палітычныя мультфільмы каналу «Жопа с усами», а вясёлыя мультфільмы пра краіны-мячыкі выдае «Art’s Animations». Вясёлыя пераагучкі фрагментаў фільмаў робіць «Biełaruski Šał».

Папулярныя каналы пра рэлігію вядуць праваслаўны святар Аляксандр Кухта«Batushka ответит» – і каталіцкі Ксёндз Барок. Таксама пра хрысціянства расказваюць хрысціянскае «Радыё Марыя» і «Портал христианин», а трансляцыі хрысціянскіх імпрэзаў вядзе Catholic.by. Трансляцыі і блогерскія відэа публікуе грэка-каталіцкі святар Андрэй Буйніч. Пра юдаізм расказвае «Бейт Симха Центр», пра іслам – «Религиозная община мусульман г. Гомеля».

Палітычную сітуацыю ў Беларусі каментуюць (акрамя згаданых у топе) шмат хто з блогераў і актывістаў: лідар фонду BYSOL Андрэй Стрыжак на канале «Свои / Чужие», журналіст Серж Харытонаў на канале «Прогноз утешительный», кінапрадзюсар Андрей Курейчик, палітолаг Дмитрий Болкунец, ананімныя «Ник и Майк», лідчане «Гордые Беларусы», блогерка Danuta… На YouTube актыўныя таксама некаторыя палітыкі і партыі, як то каналы «Виктор Бабарико» (яго вядзе штаб зняволенага палітыка), «Валерий Цепкало» (там выступаюць сам палітык і ягоныя паплечнікі), ініцыятыва «Честные люди», партыі АГП і БСДП, рух «За свабоду», лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Пра эканоміку доўга і падрабязна расказвае Сяргей Чалы на канале «Чалый Live» (але не толькі там, а і ў эфіры іншых каналаў), карацей – ужо згаданы Раманчук, а таксама бізнесовец і экс-палітвязень Кнырович.

Вялікія і малыя аповеды пра палітыку і эканоміку публікуе «Цэнтр новых ідэй». Пра карупцыйны складнік эканомікі – «Беларусский расследовательский центр» (выданні навінаў на ім чытае Чалы). Парады ў бізнесе дае «Про бизнес».

Пра вайну ва Украіне і ўдзел у ёй беларусаў расказваюць Полк Каліноўскага на канале «BelWarriors» і чалец палка, стваральнік сеткі каналаў «Мая краіна Беларусь» Сергей Беспалов, колішні рэстаратар і цяперашні лідар палка «Пагоня» Вадим Прокопьев, журналіст Ігар Тышкевіч ды іншыя.

Большасць беларускіх «тэхнароў» не паказвае сваёй прывязкі да Беларусі, як і моладзевыя блогеры. Але сярод паспяховых блогераў ёсць нямала беларусаў. Пра лічбавую тэхніку і ў прыватнасці смартфоны здымаюць відэа «Всё о смартфонах» (аўтар мае аж чатыры каналы) , «ProTech», «Михалыч ПК», «NewtonLabs», Pavel Khmurchyk, «Первый обзор» і іншыя. Пра рамонт тэлефонаў расказвае «Усатый Бородач». Пра настольныя камп’ютары – «StoneGrass». Пра фотатэхніку – «SlyLama TV».

Пра праграмаванне расказваюць каналы «АйТиБорода» і «IT-Kamasutra». Пра SMM і маркетынг у IT – Андрей Гусаров. А стартап-хаб «Imaguru» цяпер часцей за ўсё расказвае пра рэлакацыю.

Хакеры «Cyber-partisans» па-ранейшаму публікуюць здабытыя дзяржаўныя таямніцы і паралельна спрабуюць дапамагчы Украіне ў барацьбе з расейскім нападам. Таксама пра выкрытае хакерамі расказваюць сябры кіберпартызанаў «Дзікае паляванне». А перахопленыя перамовы, звязаныя з вайной, публікуе праект Антона Матолькі «Беларускі гаюн».

Відэа дзікай прыроды часта публікуе гомельскі фатограф Дзмітрый Якубовіч на канале «Wildlife World», а «Дзікая прырода побач» публікуе як відэа прыроды, так і лекцыі пра яе. Пра жывёлу з розных канцоў свету расказвае «Животный мир».

Самыя вядомыя коцікі беларускага YouTube – Пусік з Гатава і бяздомныя каты, якіх ратуе бабруйскае «Sanishiow».

Сельскае жыццё апісваюць каналы «Лядовичи фазенда», «Черничный Хутор», «Одна на хуторе», «Антоха», «Пасека Вадима Якимчука», «Vitali Ustinovich» і іншыя. Збіранню грыбоў прысвечаны канал «Gribnik_by», рыбнай лоўлі – «Контрольная рыбалка», кветкам – «Цветочная терапия с Натальей». Пра ягады расказвае Светлана Татур, пра ўсё ў гародзе – «Иванова наука». Пра гарод, рамонт і будаўніцтва – «Песни Яши Косяка» (і там даўно не спяваюць), пра дачныя справы – «Батина усадьба». Раней пра будаўніцтва і сельскае жыццё на канале «Berasnevy» часта выходзіла шоу «Хата з краю», але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне канал змоўк.

Нямала каналаў беларусы робяць пра самаробстваDIY («do it yourself», «зрабі сам»). Пра шыццё, вязанне і дэкор з паперы – «ЭмиФэмили». Пра вязанне – Марина Курцова і «Soft Decor». Пра маляванне – «ИЗО на изи». Пра бытавыя дробязі – «Lovisovet». Пра DIY усіх маштабаў – «DIY Yari».

Пра будаўніцтва і рамонт сваймі рукамі – каналы «Стройхак» і «Строй со мной», пра рамонт і аздабленне – Павел Сидорик, пра рамонт старых рэчаў – «Bubenitta», пра самаробства ў радыёэлектроніцы – «Do It Yourself», пра самаробства з дрэва – «Лихой ТопорЪ» , пра самаробныя інструменты – «SteelWood», пра будаўнічыя інструменты – «Techno Garden» і «Александр М. Брест», пра інструменты і аўтамабільныя дэталі – «1000 Самоделок и Советов», пра электрыку і энергетыку – Александр Мальков.

А пра сучасную архітэктуру канал вядзе студыя «Zrobim Architects».

На аўтамабільную і аўтарамонтную тэму папулярныя беларускія каналы «Texas TV», «ОНБ», «АвтоСтронгМ», Антон Маляр, «Mazay Daily», «Minimehanik» і іншыя. А пра пераробку савецкіх матацыклаў расказвае «MotoGO». Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне шмат аўтамабільных відэа здымаў Andrei Krutsko, але 24 лютага ён запісаў антываеннае відэа і знік з эфіру.

Пра ежу і пахудзенне публікуе відэа «ПП еда», пра звычайную ежу – Екатерина Климова.

Пра моладзевую моду расказвае «Max пояснит». Паказваць фокусы вучыць ілюзіяніст Александр Напорко, а спраўляцца з трывогай і неўрозам«Жизнь Без Паники».

Відэаагляды расейскамоўных YouTube-каналаў з розных краінаў робіць беларускі канал «iBlogger» (такая вось YouTube-рэкурсія).

P.S.

  • Гэты спіс, вядома, няпоўны. Калі бачыце, што тут няма годнага беларускага YouTube-каналу, раскажыце нам пра гэта ў сацсетках або праз Telegram-бота @belsatBot.
  • Калі не хочацца прапускаць цікавае на беларускім YouTube, а часу мала, можа дапамагчы Telegram-канал «YouTube Беларусі», які выбірае найцікавейшае са свежых відэа і дае кароткія ўрыўкі відэа са спасылкамі на поўныя.
  • І памятайце: некаторыя каналы ўлады Беларусі называюць «экстрэмісцкімі» – за распаўсюд відэа гэтых рэсурсаў могуць пакараць. Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ёсць тут, ён увесь час абнаўляецца.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў