10 000 грамадзянаў Беларусі атрымалі від на жыхарства на Беласточчыне


Такія звесткі прыводзіць Павел Латушка са спасылкай на адміністрацыю Падляскага ваяводства Польшчы.

Беларускі Беластоку на акцыі салідарнасці. Фота ад чытачоў Белсату

У межах працоўнай паездкі Паўла Латушкі ў Падляскае ваяводства адбыліся сустрэчы з ваяводам падляскім Богданам Ёзэфам Пашкоўскім (Bohdan Józef Paszkowski), віцэ-маршалкам Падляскага ваяводства Сэбаст’янам Лукашэвічам (Sebastian Łukaszewicz), прэзідэнтам Беластоку Тадэўшам Трускаляскім (Tadeusz Truskolaski) і кіраўніком групы для сувязяў з Беларуссю Сейму Польшчы Робэртам Тышкевічам.

Былі дасягнутыя дамоўленасці аб стварэнні Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку для патрэбаў беларускай этнічнай меншасці і беларускай дыяспары ў рэгіёне, аб спрыяльных умовах для навучання беларускай мове ва ўстановах агульнай адукацыі Беластоку, аб дадатковым фінансавым і арганізацыйным падтрыманні навучання беларускай мове і літаратуры ў школах Падляскага ваяводства і аб падтрыманні мясцовымі ўладамі акцыяў, прысвечаных другой гадавіне пратэстаў у Беларусі.

З 9 ліпеня 2022 г. беларусы, якія жывуць у Падляскім ваяводстве, могуць падаваць у аддзел замежнікаў ваяводскай управы хадайніцтвы аб атрыманні часовага віду на жыхарства з гуманітарных прычынаў.

Дзеячы абмеркавалі магчымасць назваць адну з вуліц Беластоку вуліцай Вольнай Беларусі. Асобна адзначылі важнасць падтрымання беларускай этнічнай меншасці, якая жыве ў Падляскім ваяводстве, сродкаў масавай інфармацыі беларусаў у Польшчы (радыё «Рацыя», тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва»), правядзення беларускіх імпрэзаў у ваяводстве (фестываль «Тутака» ды інш.).

Павел Латушка таксама правёў сустрэчу ў сядзібе радыё «Рацыя» з прадстаўнікамі беларускай этнічнай меншасці. У мястэчку Гарадок Падляскага ваяводства ўзяў удзел у акцыі, прысвечанай палітзняволеным у Беларусі.

Дасягнутая дамоўленасць аб камунікацыі прадстаўнікоў этнічнай меншасці, беларускай дыяспары Падляскага ваяводства з камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і мясцовымі ўладамі для развязання праблемаў беларусаў, якія жывуць у рэгіёне.

Паводле ваяводскай управы, каля 10 000 беларусаў пасля жніўня 2020 атрымалі дазвол на часовае перабыванне на тэрыторыі ваяводства.

Парады
Як падаць заяву для гуманітарнага віду на жыхарства ў Польшчы? Ёсць «падводны камень» і шляхі абыходу
2022.07.16 10:00

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў