«Суддзяў, якія выносілі палітычныя прысуды, звольнім». Сяргей Зікрацкі – пра сёння і заўтра беларускіх судоў


Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас пасяджэння над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Як выглядае цяпер беларуская судовая сістэма? Якія яе галоўныя хібы і як яе трэба змяняць? Ці атрымаецца ва ўладаў знішчыць незалежную адвакатуру і як беларусам сёння абараняць сябе? Што будзе далей з судамі і адвакатурай – пры гэтай уладзе і пасля дэмакратычных зменаў? На гэтыя пытанні «Белсат» шукаў адказы разам з пазбаўленым ліцэнзіі адвакатам, цяпер – прадстаўніком Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргеем Зікрацкім.

Хто і як уплывае на судовыя рашэнні і прысуды?

– Спадар Сяргей, як сёння выглядае судовая сістэма ў Беларусі? Ці моцна яна змянілася цягам апошняга года? Якія асноўныя заганы нашых судоў вы можаце назваць?

– Беларуская судовая сістэма не ёсць незалежнай, і гэта яе галоўная хіба і бяда. Найперш гэта праяўляецца ў судовых справах, звязаных з пратэстамі, па якіх выносяцца абсалютна незаконныя прысуды. Суддзі не хочуць бачыць доказаў невінаватасці, парушэнняў падчас следства. Відавочна, што рашэнні і прысуды выносяцца пад уплывам.

Канечне, калі мы адыдзем у бок ад справаў, звязаных з пратэстамі, у звычайных грамадзянскіх працэсах, напрыклад, мы маем шанец пабачыць законныя рашэнні. Але ў палітычных справах прысуд, хутчэй за ўсё, будзе вынесены на карысць дзяржавы.

Гэта было і раней, але не так заўважна. Раней найбольш цяжка было выйграць суд з падаткавай ці мытным камітэтам. Пачынаючы з 2020 года ўсім стала відавочная такая катэгорыя справаў, як палітычныя, прысуды ў якіх не з’яўляюцца незалежнымі рашэннямі суддзяў.

Адвакат Сяргей Зікрацкі. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

– Калі вы кажаце, што рашэнні выносяцца суддзямі пад уплывам, што вы маеце на ўвазе? Суддзям насамрэч дыктуюць, якія прысуды выносіць?

– Гэтае пытанне я заўсёды сабе асабіста задаю: як суддзі выносяць рашэнні? Як ажыццяўляецца ўплыў? Прыходзіць нехта і кажа – рашэнне мусіць быць такім і такім? Ці, можа, суддзя сам разумее, чаго ад яго чакаюць? Бо гэта ўласціва беларускім чыноўнікам – іхныя думкі пабудаваныя такім чынам, што яны прадчуваюць, якое рашэнне ад іх чакаюць. Гэта вядомае «вы ж разумееце». І яны сапраўды разумеюць, нават калі наўпрост ім нічога не сказалі.

У крымінальных справах яшчэ прасцей – там ёсць пракурор, і ён агучвае прысуд, які, паводле яго, мусіць быць вынесены. Названая дзяржабвінаваўцам лічба: два, тры гады, пяць – гэта арыенцір для суддзі.

Ціск можа здзяйсняцца праз старшыню суда, які размяркоўвае справы паміж суддзямі і які можа выклікаць суддзю і запытацца, як ідзе тая ці іншая справа, выказаць сваё меркаванне наконт магчымага прысуду. І тут вельмі цікавае пытанне, ці можам мы казаць, што гэта: умяшанне ў дзейнасць суддзі, ці гэта проста парада, цікаўнасць з боку начальніка?

Суддзі баяцца прымаць самастойныя і незалежныя рашэнні

– А як павінна быць у нармальнай краіне? Як прымаюцца сапраўды незалежныя рашэнні?

– У нармальнай краіне і дэмакратычнай судовай сістэме рашэнне прымаецца выключна суддзёй на падставе дакументаў справы і пазіцыяў двух бакоў. І ні старшыня суда, ні хтосьці іншы не можа ўплываць. Абсалютна недапушчальна, каб нехта выказваў сваю думку адносна рашэння ці прысуду, а таксама, каб суддзя разважаў: а што будзе мне, калі я вынесу такое рашэнне, а не іншае? Гэта самае страшнае, калі суддзя думае пра наступствы для сябе, у той час як яго мусіць хваляваць толькі адно пытанне: якое рашэнне ў гэтай справе будзе справядлівым і законным?

У нашай жа сістэме суддзя будзе думаць: чаго ад мяне чакае маё кіраўніцтва? Ці адлюструецца нейкім чынам гэтае рашэнне на тым, што ў мяне ёсць службовая кватэра, кантракт і г. д. У нашай сістэме матывам для прыняцца рашэння выступаюць не нормы закону, а асцярогі суддзі адносна ўласнай будучыні.

Юрыст Сяргей Зікрацкі. Вільня, Літва. 19 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– У Беларусі суддзяў прызначае прэзідэнт. Ці мусіць так адбывацца ў дэмакратычнай краіне?

– Няправільна, калі суддзяў прызначае і здымае прэзідэнт. Такая практыка робіць іх залежнымі. Гэта мусіць быць нейкім іншым чынам арганізавана. Да таго ж нашыя суддзі фінансава залежныя, а ў нармальнай сітуацыі суддзя не мусіць думаць, як будзе зарабляць на жыццё, калі застанецца без працы.

Трэці складнік залежнасці беларускіх суддзяў – псіхалагічны, агульны для ўсіх нашых чыноўнікаў, якія занадта аглядаюцца на тое, якія для іх асабіста будуць наступствы таго ці іншага рашэння. Страх прыняць самастойнае і незалежнае рашэнне ўбудоўваўся ў нашай дзяржаўнай сістэме ад самага пачатку. Суддзя ж трапляе ў гэтую сістэму задоўга да таго, як становіцца ўласна суддзёй. Яшчэ на ўзроўні працы ў сакратарыяце суда ці недзе яшчэ ў дзяржаўных органах будучыя суддзі ўбіраюць гэтую ўстаноўку: уласнага рашэння ў цябе не можа быць, ты будзеш рабіць толькі тое, што ад цябе чакаюць.

Перш за ўсё – вызваліць незаконна асуджаных і звольніць суддзяў, якія гэтых людзей пасадзілі

– Ці працуе цяпер каманда Святланы Ціханоўскай над рэформай судовай сістэмы Беларусі?

– Мы думаем пра гэта. Але гэта не першасная задача на сёння. Галоўнае цяпер – распрацаваць механізмы, якія дапамогуць змяніць уладу ў Беларусі на дэмакратычна абраную. Пасля гэтага можна будзе змяняць розныя сферы, у тым ліку судовую. Таму пакуль што ў нас няма распрацаванай рэформы судоў. Гэта будзе рабіць дэмакратычна абраны ўрад, і ці будуць гэта супрацоўнікі офісу Святланы Ціханоўскай, ці зусім іншыя людзі, на сённяшні дзень мы не ведаем.

Да таго ж сама па сабе рэформа судовай сістэмы – не тое, што мусіць быць зроблена ў першы год пасля прыходу да ўлады дэмакратычнага кіраўніцтва. Аднак пэўны крок трэба будзе зрабіць адразу: зняць суддзяў, якія ўдзельнічалі ў палітычна матываваных працэсах.

Пазней, калі ўсё «ўстаканіцца», вядома, будзе неабходная рэформа судовай сістэмы, і трэба будзе думаць, хто і як будзе прызначаць суддзяў, і ці заключаць з імі кантракты на пяць, ці дзесяць гадоў, ці пажыццёва. Але гэта ўсё пазней.

Пакуль жа намі падрыхтаваны так званы Акт аб рэабілітацыі, які прадугледжвае механізм, згодна з якім будуць адмененыя палітычна матываваныя судовыя рашэнні і вызваленыя ад адказнасці незаконна асуджаныя людзі. Тут усё проста: калі гэта быў палітычны прысуд, то гэтыя людзі выходзяць на свабоду, і крымінальны пераслед супраць іх спыняецца.

Здымак з адмысловага рэпартажу «Белсату» пра жыццё Святланы Ціханоўскай пасля рэгістрацыі ў ЦВК — «Я перадаю ўвесь боль беларусаў свету». Вільня, Літва. 18 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Акрамя адміністратыўных і крымінальных справаў ёсць безліч іншых, рашэнні ў якіх прымаліся на падставе палітычных матываў. Некага звальнялі за пазіцыю, у кампаніях, якія падтрымлівалі пратэстоўцаў, у іх адбіралі ліцэнзіі, нешта канфіскавалі. Такія рашэнні таксама мусяць быць адмененыя.

Забараніць прафесію ці даць суддзям шанец на рэабілітацыю – будзе вырашаць народ

– Ці трэба суддзям, якія выносілі палітычна матываваныя рашэнні, забараніць працу ў сістэме правасуддзя, ці ўсё ж пакінуць магчымасць рэабілітавацца?

– Вельмі складанае пытанне, на якое мусіць адказаць сам народ. Сёння можна зразумець матывы, паводле якіх суддзі часам выносяць рашэнні. У некага сем’і, і яны баяцца згубіць працу, на некага націснулі іншым чынам. Для мяне гэта абсалютна непрымальна, і я б, калі б быў на пазіцыі суддзі, ніколі б не выносіў такіх рашэнняў. Але я разумею, што не ўсе такія моцныя і здольныя выстаяць. У той жа час гэта не апраўдвае таго, што яны парушылі клятву, якую давалі, калі станавіліся на пазіцыю суддзі.

Прыйдзе новая ўлада, думаю, яны разбяруцца, што з гэтымі суддзямі рабіць: забараніць прафесію ці, можа, дазволіць рэабілітацыю і прадугледзець гарантыю далейшай сумленнай працы.

– А што сёння з магчымасцю для беларусаў абараніць сябе? Яна яшчэ ёсць? Ці мае сэнс звяртацца да адвакатаў?

– Сэнс ёсць не залежна ад таго, якім чынам працуе судовая сістэма і які будзе прысуд. Адвакат – той, хто паказвае не толькі суду, асобе, якую судзяць, ейным родным, але і ўсяму грамадству, чаму той ці іншы прысуд – незаконны. Адвакаты падкрэсліваюць абсурднасць доказаў, якія прыводзіць бок абвінавачвання, што яны сфальсіфікаваныя або іх увогуле не існуе, што тое, што яны лічаць злачынствам, такім не з’яўляецца.

Нягледзячы на адсутнасць незалежнасці ў судовай сістэме адвакаты цяпер патрэбныя хоць бы для таго, каб паказаць гэтую адсутнасць незалежнасці.

І мы ніколі не мусім губляць надзею на перамогу. Калі прысуд яшчэ не вынесены, у нас ёсць шанцы, і мы мусім іх выкарыстоўваць. Мы прыкладаем такія высілкі для абароны, нават загадзя разумеючы, якім будзе рашэнне, каб і нашае ўласнае сумленне было чыстым і каб паказаць незаконнасць прысудаў.

Мама Кацярыны Андрэевай размаўляе з адвакатам Сяргеем Зікрацкім. Судовае пасяджэнне над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

У кароткатэрміновай перспектыве абараніць сябе беларусам будзе ўсё складаней

– Сёлета мы пабачылі актыўны наступ сістэмы і на адвакатуру – былі распрацаваныя адпаведныя змяненні заканадаўства. Як вы думаеце, ці атрымаецца ва ўлады знішчыць незалежную адвакатуру?

– Рэформа адвакатуры, якая пачалася, якраз паказвае, што адвакаты рабілі вельмі добрую справу. Нас пазбаўлялі ліцэнзіі, праводзілі тлумачальныя размовы, але гэта не спрацавала. Таму гэтая рэформа і была задуманая, каб адвакаты страцілі сваю незалежнасць.

Калі глядзець у кароткатэрміновай перспектыве, то рэформа вельмі дрэнна адаб’ецца на беларускай адвакатуры. Шэраг адвакатаў сыдзе, бо яны не пагодзяцца з новай сістэмай. Іншыя стануць менш актыўнымі і будуць адмаўляцца ад удзелу ў палітычных працэсах ці не будуць каментаваць і выносіць у паблік незаконныя прысуды. Таму ў кароткачасовай перспектыве мы можам пабачыць, што абараніць сябе грамадзянам будзе складаней. І эфектыўнасць працы адвакатаў стане меншай. Але гэта на кароткі час, як і ўсё тое дрэннае, што адбываецца цяпер у нашай краіне. Бо ўлады ціснуць не толькі на адвакатуру, а на ўсіх. Прымаюцца змены ў Працоўны кодэкс, каб зрабіць немагчымай актыўнасць працоўных, ускладняюць жыццё медыям. Ціск ідзе па ўсіх кірунках, і па кожным з іх найбліжэйшым часам улады, хутчэй за ўсё, дасягнуць пэўнай перавагі. Але я ўпэўнены, што гэта толькі на нейкі час, а потым усё зменіцца, і ў любым выпадку гэтыя законы будуць адмененыя, і вернецца ўсё добрае, што было, а новае будзе яшчэ лепшым.

– А што гэта добрае, што было, і што будзе зроблена яшчэ лепшым?

– Добрае – тое, што мы маем цяпер. Нормы, прапісаныя ў новым Законе аб адвакатуры, – адназначна дрэнныя. На гэтым фоне тое, як мы жылі апошнія 8–9 гадоў, пачынаючы з рэформы адвакатуры 2012 года, выглядае больш-менш нармальна. Гэта не была ідэальная адвакатура, яе мела б сэнс рэфармаваць. Я і мае калегі неаднаразова казалі, што яна недасканалая, бо ўсё роўна залежная ад Міністэрства юстыцыі.

Шмат пытанняў сёння вырашаюцца дзяржавай, а мусілі б быць у кампетэнцыі саміх адвакатаў: умовы, пры якіх асоба становіцца адвакатам ці губляе гэты статус, напрыклад. Таксама адвакаты самі мусяць вырашаць, у якой форме яны будуць працаваць: прыватна, у складзе юрыдычнай кансультацыі, уласнай фірмы, якім чынам будуць будаваць супрацу з кліентамі.

Адвакаты Аляксандр Хаецкі і Сяргей Зікрацкі. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Трэба, каб з’явілася канкурэнцыя, бо тады будзе якасць. Лепшыя адвакаты будуць мець больш магчымасцяў, а дрэнныя будуць сыходзіць, а на іхныя месцы прыйдуць добрыя. Дзеля гэтага нам патрэбна правесці рэформы і даць больш паўнамоцтваў самім адвакатам, а не Міністэрству юстыцыі.

«Калі большасць людзей жадае зменаў, яны не могуць не адбыцца»

– Ці сумуеце вы па адвакацкай працы?

– Шчыра – вельмі сумую. Праца, якую я выконваю цяпер, вельмі адрозніваецца ад маёй адвакацкай працы. Я разумею, што і цяпер раблю вельмі карысную справу, і мне цікава тое, чым я займаюся, але адвакацкай дзейнасці я аддаў восем гадоў, і іх нельга забыць. Я сумую і па кліентах, і па праектах, у якіх удзельнічаў, па калегах.

Цяпер я – адказны за юрыдычныя кірункі ў офісе Святланы Ціханоўскай. Мы распрацоўваем дакументы, якія могуць быць прынятыя дэмакратычнымі сіламі, калі сітуацыя зменіцца. Акт аб рэабілітацыі – адзін з такіх дакументаў. Іншая частка – правы чалавека. У сітуацыі, калі судовая сістэма Беларусі працуе неэфектыўна, а правы грамадзянаў парушаюцца, мы вывучаем магчымыя інструменты, якія ёсць на міжнародным узроўні, у нацыянальным заканадаўстве іншых краінаў, якія могуць дапамагчы беларусам абараніць іхныя правы, знаходзім гэтыя інструменты і паказваем, якім чынам гэтыя інструменты можна выкарыстоўваць.

У нас ёсць каманда, якая займаецца распрацоўкай праекту Канстытуцыі. Гэта даволі значная частка працы.

Юрыст Сяргей Зікрацкі. Вільня, Літва. 19 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Я часта чую, маўляў, у новай Беларусі Зікрацкі будзе міністрам юстыцыі ці загадчыкам юрыдычнага аддзелу адміністрацыі прэзідэнта. А я ўсім кажу, што не бачу сябе ў будучым на дзяржаўнай пасадзе, і я не хацеў бы быць дзяржаўным службоўцам. І калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, я б хацеў вярнуцца да свайго бізнесу і працаваць, надаючы юрыдычную дапамогу людзям.

– Вы верыце, што змены будуць?

– Я абсалютна ўпэўнены, і я не бачу ніякіх абставінаў, якія б перашкодзілі гэтым зменам раней ці пазней адбыцца. Зменаў проста не можа не быць, калі абсалютная большасць насельніцтва жадае іх. Цяперашнія ўлады могуць пэўны час праз рэпрэсіі стрымліваць людзей ад розных формаў пратэсту. Але калі чалавек не пагаджаецца з нечым, ён не можа ўвесь час сядзець у гэтым сасудзе, куды яго спрабуюць упіхнуць, і калі такіх людзей большасць, меншасць не зможа прымусіць іх маўчаць. Гэта тыя працэсы, якія лагічна абумоўленыя нават фізічнымі, сацыяльнымі законамі, і таму я абсалютна ўпэўнены, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца, і да ўлады прыйдзе дэмакратычны ўрад.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў