Кіраўнік НАУ: ЕЗ зрабіў вялікую памылку


Віцэ-дырэктар Купалаўскага тэатру, віцэ-міністр культуры Беларусі, кіраўнік і заснавальнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення (НАУ) Павел Латушка.
Фота: Афіцыйны канал Паўла Латушкі / Telegram

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага камітэту Павел Латушка ў жывым эфіры «Белсату» назваў сёння – чарговым чорным днём для беларускай журналістыкі. Так ён адрэагаваў на ператрусы і затрыманні журналістаў і актывістаў па ўсёй краіне.

«Гэта тое, што рэжым агучваў раней – што ён зробіць усё, каб знішчыць грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Мыў Народным антыкрызісным упраўленні выказваем словы салідарнасці з усімі, хто сёння, у гэтыя дні і за ўвесь перыяд церпіць рэпрэсіі. Вядома, гэта не можа пакідаць нас абыякавымі, гэта жахлівыя падзеі, якія адбываюцца ў 21-м стагоддзі ў цэнтры Еўропы», – падкрэсліў Латушка.

На яго думку, рэжым мае тры мэты: падрыхтоўка да рэферэндуму і мажлівай інтэграцыі з Расеяй, знішчэнне інфармацыяй прасторы для правядзення сваёй палітыкі і працягваць пагружаць грамадства ў рэпрэсіі за вальнадумства.

«Сёння таксама жахлівы дзень і таму, што былі вынесеныя прысуды 12-ці беларускім студэнтам, якія паказалі яскравы прыклад барацьбы за дэмакратыю, за волю ў нашай краіне. Усё гэта працягваецца, нарастае, рэжым не спыняецца», – адзначыў кіраўнік НАУ.

НАУ змясціў петыцыю да вну замежных краін, каб тыя перапынілі свае стасункі з беларускімі дзяржаўнымі вузамі.

На думку Латушкі, гаворка ўжо не мае ісці пра прававы дэфолт, ці прававое бязладдзе: «Зараз у краіне ў прынцыпе бязладдзе». Латушка ўпэўнены, што ў такой сітуацыі варта працягваць дапамагаць рэпрэсаваным:

«Мы павінны працягваць дапамагаць журналістам, тым, хто пакутуе ад рэпрэсій, тым, хто знаходзіцца ў турмах. Мы таксама мусім ажыццяўляць байкот усім масавым дзяржаўным мерапрыемствам. Мяне па-сапраўднаму скаланае ў негатыўным плане сітуацыя, калі бачу кадры з Віцебску (дзе зараз праходзіць фестываль »Славянскі Базар« – прым.рэд.), дзе людзі весяляцца і танцуюць падчас таго, як у краіне фактычна адбываеце жах, калі столькі людзей трапляе ў турмы ў гэтыя дні, калі столькі людзей чуюць крымінальныя прысуды, а яны проста пляшуць, апладуюць і радуюцца святу. Гэта пір падчас чумы. Гэта не адпавядае ні хрысціянскім прынцыпам, ні прынцыпам маралі, ні прынцыпам павагі да саміх сябе».

Кіраўнік НАУ Павел Латушка жорстка выказаўся падчас нашага стрыму пра санкцыі Захаду і запазнелую, па ягонай думцы, рэакцыю на гвалт і рэпрэсіі ўладаў у Беларусі:

«ЕЗ зрабіў вялікую памылку, калі не ўводзіў у мінулым годзе, яшчэ ў верасні, у кастрычніку, моцныя санкцыі, тады менавіта можна было б не дапусціць гэтай сітуацыі, якая адбываецца цяпер».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў