Ад раніцы ператрусы і вобшукі ў журналістаў «Белсату». ВІДЭА


Раніцаю 16 ліпеня сілавікі прыйшлі да журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Да вядоўцы праграмы «Кожны з нас» журналіста Глеба Лабадзенкі сілавікі прыйшлі з ператрусам. Таксама ператрус у журналістаў Яўгена Меркіса і Ігара Ільяша.

З вобшукам прыйшлі да гарадзенскага журналіста-фрылансера Аляксея Кайрыса.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу прыйшлі з ператрусам да журналісткі Хрысціны Чарняўскай, паведамляюць праўладныя Telegram-каналы.

Сілавікі прыйшлі таксама да журналіста ў Горадні Паўла Мажэйкі. Паўла Мажэйку сёлета ўжо затрымлівалі, ён праходзіць падазраваным у справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага Кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму»). У межах гэтай справы за кратамі трымаюць мастака Алеся Пушкіна. Павел Мажэйка – заснавальнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця».

Кіраўнік Цэнтру гарадскога жыцця і журналіст «Белсату» Павел Мажэйка пасля 3 содняў арышту. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Супрацоўнікі Берасцейскага крымінальнага вышуку прыходзілі ў Пінску да журналіста Віктара Ярашука. Вядома, што журналіст праходзіць сведкам у межах крымінальнай справы. Міліцыянты забралі кампʼютар і мабільны тэлефон. Віктар Ярашук на волі.

У бацькоў берасцейскага журналіста Алеся Ляўчука прайшоў вобшук, паводле ч. 1 арт 342, за падзеі 13 верасня – «карагодная справа», вобшук праводзіў ГУБАЗіК, нічога не забралі.

Вобшук прайшоў у берасцейскай журналісткі Міланы Харытонавай. Выламалі дзверы, забралі стары ноўтбук, мабільныя тэлефоны.

Мілана Харытонава.
Фота: Мілана Харытонава / Facebook

У журналісткі Ганны Галёты адбыўся ператрус, яе затрымалі паводле 293 артыкулу КК. Ганна Галёта вяла на «Белсаце» праграму-антыфэйк «Лукавыя навіны».

Вобшук у фатографа-фрылансера з Горадні Аляксандра Саенкі.

Ператрусы прайшлі таксама ў кватэрах пінскага журналіста Андрэя Якімуша і ягонай маці. Сам Андрэй не ў Беларусі.

11:15. Пра ператрус паведаміла журналістка «Белсату» Любоў Лунёва.

11:20. У кватэры па прапісцы журналісткі-фрылансеркі Марыі Арцыбашавай выламалі дзверы. Яе ў гэты час у кватэры не было.

Хрысціна Чарняўская.
Фота: Khristina Hryscia Charnyauskaya / Facebook

11:55. Хрысціна Чарняўская на волі, яна праходзіць сведкай у крымінальнай справе аб масавых беспарадках (арт. 293 КК). У яе забралі ноўтбук, мабільны тэлефон, дыктафон.

Журналіст «Белсату» Ігар Ільяш.
Фота: ДД / belsat.eu

12:00. Ігар Ільяш у Следчым камітэце. Раніцаю ў яго ўдома прайшоў ператрус. Ігар аўтар кнігі «Беларускі Данбас», якая была прызнаная экстрэмісцкай.

12:10. Фатограф-фрылансер Аляксандр Саенка на волі. У яго дома адбыўся ператрус, забралі 2 тэлефоны, 2 фотаапараты, флэшку. Ён праходзіць сведкай у крымінальнай справе паводле арт. 342 ч. 1.

13:00. Затрыманы журналіст Сяргей Скулавец. Ранкам да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус, і Сяргея забралі, імаверна, супрацоўнікі міліцыі. Апошнія 5 гадзінаў сувязі з ім няма.

14:10. Ігару Ільяшу інкрымінуюць адразу 2 артыкулы КК: 293 і 342. 293-і артыкул КК прадугледжвае адказнасць за масавыя беспарадкі, 342-і прадугледжвае адказнасць за арганізацыю ці рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Статус Ігара (сведка ці абвінавачаны) пакуль не вядомы.

14:15. Павел Мажэйка на свабодзе, пасля ператрусу яго адвезлі на допыт у Ленінскі РАУС Горадні. Ён праходзіць сведкам паводле арт. 342 ч. 1, задавалі пытанні аб падзеях у Горадні 9–13 жніўня мінулага года.

14:30. Журналіст-фрылансер з Горадні Аляксей Кайрыс пасля допыту на свабодзе. Ён праходзіць сведкам у крымінальнай справе паводле артыкулу 342.

15:10. Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова напісала ў «Фэйсбуку» пра ператрус. «Сябры, у мяне сёння быў ператрус і допыт у ГУБАЗіКу. Забралі тэхніку і мабільны тэлефон (выдаляйце ліставанні, калі што). Жыве Беларусь!!!»

15:20. Пасля допыту ў СК – на волі журналіст Яўген Меркіс. У яго сканфіскавалі 2 ноўтбукі і тэлефоны.

15:50. Журналіста Ігара Ільяша накіроўваюць у ізалятар. Сваякі кажуць, што яго фізічны і эмацыйны стан добрыя.

15:55. Журналіст Сяргей Скулавец на волі пасля допыту ў берасцейскім аддзяленні ГУБАЗіКу.

Абноўлена
Сілавікі прыйшлі да журналістаў радыё «Свабода»
2021.07.16 10:17

Тыдзень таму, 8 ліпеня, сілавыя органы распачалі маштабныя напады на незалежныя выданні Беларусі. Камітэт дзяржаўнай бяспекі паведаміў пра аперацыю супраць «удзельнікаў радыкальных чатаў».

Раней ператрусы адбыліся ў наступных выданях: «Наша Ніва»; «Брестская газета»; «Intex-press» (Баранавічы); Orsha.eu; «Медиа-Полесье» (Пінск – Лунінец – Столін) у «справе акту тэрарызму».

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў цяпер за кратамі 29 працаўнікоў медыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў