У Кіеве могуць з’явіцца вуліцы Караткевіча, Каліноўскага і Скарыны


У Кіеве ў рамках дзяржаўнага праекту дэрусіфікацыі могуць з’явіцца вуліцы, названыя ў гонар беларускіх дзеячаў: Уладзіміра Караткевіча, Францыска Скарыны і Кастуся Каліноўскага.

Электроннае галасаванне з нагоды перайменавання абʼектаў ва ўкраінскай сталіцы ўжо пачалося. Яно адбываецца праз платформу «Київ Цифровий».

Крыніца: by_culture/Telegarm

Так, вуліцу Дабралюбава ў Кіеве могуць пераназваць у гонар выбітнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. З такой ініцыятывай выступіў украінскі літаратар Вячаслаў Лэвіцкі, ідэю падтрымалі эксперты Кіеўскай гарадской рады.

«Ушанаванне гэтага таленавітага пісьменніка важнае як для дыялогу Украіны з дэмакратычна настроенай беларускай грамадскасцю, так і для актуалізацыі недаацэненых фактаў у культуры Кіева. Караткевіч – выпускнік Кіеўскага ўніверсітэту, любіў сталіцу Украіны і пісаў пра яе больш выразна, чула, этычна за многіх іншых урбаністаў», – напісаў Вячаслаў Лэвіцкі, дадаўшы:

«Акрамя таго, гаворка ідзе пра вуліцу ў мясцовасці, дзе разгортваюцца трагічныя падзеі самай кіеўскай аповесці Караткевіча «Лісце каштанаў». Ідзецца пра чалавека, чыя філасофія (свабода, годнасць, жыццялюбства, уменне сябраваць і ўпартасць у апраўданай нянавісці як найвышэйшыя цноты) яўна вызначыла каштоўнасці ўсіх беларусаў, якія цяпер абараняюць Украіну».

Акрамя гэтага, сярод прапановаў ёсць варыянты перайменавання вуліцаў Берасцейскай і Астраханскай у гонар беларускага першадрукара Францыска Скарыны або нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.

Аднак паўдзельнічаць у галасаванні праз платформу «Київ Цифровий» могуць толькі тыя, хто мае карыстальніцкую праграму, украінскі нумар і электронны подпіс.

Інтэрв’ю
Кацярына Ваданосава: «Калі мне сказалі, што гэта рак, не было часу раскісаць»
2022.06.16 15:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў