«Нашая вайна не скончыцца тут». Што казаў беларус-добраахвотнік з Адэсы, які загінуў у аварыі ў Румыніі

Дзмітрый хацеў дапамагаць Украіне, а потым вызваляць Беларусь. Пасля канфлікту ягонага атраду з палком Каліноўскага ён ехаў пабачыць сям’ю ў Чарнагорыі.

Беларускі добраахвотнік атраду імя «Ліцвіна» Дзіма. Адэса, Украіна. 16 траўня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У Румыніі ў аўтамабільнай аварыі 14 чэрвеня загінулі два беларусы, якія былі добраахвотнікамі Украіны. Прадстаўнік палка Каліноўскага Сяргей Бяспалаў паведаміў, што загінулых звалі Дзмітрый і Яўген, апублікаваў іхныя фота. Бяспалаў напісаў, што быў знаёмы з Дзмітрыем – той «заўсёды адгукаўся на любы запыт дапамогі». Некалькі крыніцаў пацвердзілі «Белсату»: у Румыніі загінуў Дзмітрый, які жыў у Адэсе, уваходзіў у атрад імя Іллі «Ліцвіна» і ў траўні даваў інтэрв’ю «Белсату».

Абноўлена. Фонд «BySol» абвясціў тэрміновы збор сродкаў на падтрымку сем’яў загінулых. Фонд называе прозвішчы байцоў: Дзмітрый Воўк і Яўген Шкрабо.

Быў айцішнікам і актывістам

Дзмітрый расказваў карэспандэнту «Белсату» Дзянісу Дудзінскаму ў траўні, што трапіў пад палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў 2020 годзе і з’ехаў ва Украіну за некалькі месяцаў да пачатку поўнамаштабнай вайны.

Журналіст «Белсату» Дзяніс Дудзінскі размаўляе з беларускім добраахвотнікам атраду імя «Ліцвіна» Дзімам. Адэса, Украіна. 16 траўня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ён выбраў Украіну як «максімальна блізкую паводле духу краіну» і «краіну, дзе нас разумеюць, бо самі гэта ўжо прайшлі». Ва Украіне да поўнамаштабнай вайны ён, як і ў Беларусі, удзельнічаў у акцыях пратэсту беларусаў, а таксама дапамагаў іншым эмігрантам. Зарабляў на жыццё дыстанцыйнай працай у IT-сферы.

Як і многія ўкраінцы і беларусы, ён не верыў, што Расея пачне поўнамаштабную вайну супраць Украіны: гэта ж будзе вайна «паміж калісьці братнімі народамі», казаў ён. Калі пачалася вайна, ён быў у Адэсе ўдома з жонкай і дзецьмі. Гэта, згадваў ён, было самым страшным момантам вайны.

«Калі ўзрываюцца а 5-й раніцы бомбы, бачыш гэтае абвяшчэнне вайны, мозг адмаўляецца гэта ўспрымаць», – згадваў Дзмітрый.

Спачатку Дзмітрый вывез сям’ю ў Малдову, правёў з імі некалькі дзён. Калі пачуў зварот Уладзіміра Зяленскага да беларусаў, ён «расплакаўся ад сораму». Вярнуўся ва Украіну на пачатку сакавіка.

«Гэта было няпростае рашэнне, бо мая сям’я застаецца без мяне, – расказваў ён. – Я разумею, што скончыцца гэта можа чым заўгодна. Але адчуванне сораму і адказнасці за будучыню маіх дзяцей – яно прывяло мяне сюды».

Браты ці пасіўныя ворагі? Як кіраўніцтва Украіны не можа вызначыцца, ці Лукашэнка = беларускі народ

Дапамагаў Украіне, каб вызваляць Беларусь

Адэскія беларусы зарганізаваліся ў добраахвотніцкі атрад з трох дзясяткаў чалавек, назвалі яго ў гонар Іллі «Ліцвіна». Дзмітрый згадвае, што ў першыя дні расейскага нападу, які адбываўся і з тэрыторыі Беларусі, стаўленне да беларусаў ва Украіне было «даволі негатыўнае» – і беларусы гэта спрабавалі выправіць, «быць максімальна карыснымі» і «заходзіць ва ўсе дзверы, у якія можна зайсці, каб дапамагчы».

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Некаторыя ў атрадзе імя «Ліцвіна» плялі маскавальныя сеткі, некаторыя вазілі ваду ў Мікалаеў, расказваў Дзмітрый. Сам ён дзяжурыў з паліцыяй і ЗСУ ў Адэсе, выяўляў дыверсантаў: размаўляў з падазронымі людзьмі, правяраў дакументы. Ён казаў, што быў гатовы бараніць Адэсу нават цаною жыцця.

На пытанне, што ён будзе рабіць, калі скончыцца вайна, Дзмітрый адказаў:

«Баюся, нашая вайна не скончыцца тут, таму буду спрабаваць адстаяць свабоду нашай Беларусі. Я хачу, каб мае дзеці жылі ў маёй роднай краіне. Усё будзе нацэленае на гэта».

Ён быў перакананы, што мірны пратэст у Беларусі наўрад ці магчымы, але адзначыў, што цяпер беларусы гэта ўжо разумеюць: «Дыктатуры пляваць на людзей». Беларусь стане вольнай і мірнай, казаў ён, калі «ўсе беларусы зразумеюць, хто ім хлусіў, хто правы ў гэтай сітуацыі, хто злодзей». У час вайны, дадаў ён, гэта стала прасцей, але многія не жадаюць паверыць у праўду.

Між мірнай Украінай і мірнай Беларуссю ён упэўнена выбраў бы Беларусь – верыў, што атрымаецца збудаваць цудоўную краіну. Але ў час вайны выбраў Украіну – казаў, выбар стаяў між вайной і «канцлагерам», якім ён лічыў Беларусь. Дзмітрый абяцаў: «вернемся разбураць гэты канцлагер».

«Украіна – краіна, якая нас прытуліла». Як беларускія добраахвотнікі ловяць расейскіх лазутчыкаў у Адэсе

Заяўляў, што атрад «Ліцвіна» фактычна знішчыў полк Каліноўскага

У канцы траўня полк Каліноўскага заявіў, што «ніякага атраду Ліцвіна няма», бо хтосьці «злоўжывае даверам дыяспары і проста складуе валанцёрскую дапамогу», «марадзёрствуе». Полк таксама заявіў, што «паглынуў» атрад імя «Ліцвіна». Але прадстаўнікі атраду заяўлялі, што байцы палка Каліноўскага ўчынілі ім допыт, пабілі камандзіра атраду, здабылі доступ да Telegram-каналу атраду імя «Ліцвіна» і там «абвясцілі» роспуск.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Дзмітрый у размове з «Белсатам» 7 чэрвеня называў гэтую сітуацыю крыўднай і не ведаў, як яе ўспрымаць. На прэтэнзіі каліноўцаў аб тым, што атрад імя «Ліцвіна» меў склад з патрэбнымі на вайне рэчамі, Дзмітрый адказваў: ляжалі яшчэ не разабраныя рэчы, што планавалі выкарыстаць, калі беларусам нарэшце дазволяць уступіць у тэрытарыяльную абарону. Украінская паліцыя, адзначаў ён, не пабачыла «марадзёрства» ў дзеяннях атраду імя «Ліцвіна». Матывам дзеяння каліноўцаў маглі быць асабістыя прэтэнзіі да аднаго з удзельнікаў, меркаваў Дзмітрый.

Пасля гэтага атрад імя «Ліцвіна» сапраўды распаўся, «быў знішчаны». Дзмітрый казаў, пасля гэтага ў многіх беларусаў Адэсы знікла жаданне хоць нешта рабіць. Хтосьці разглядаў варыянты далей займацца валанцёрствам, але агульнага плану не мелі.

Сям’і Дзмітрый не бачыў на момант размовы больш як два месяцы, але стэлефаноўваўся з імі і цешыўся, калі чуў ад дзяцей «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне». Сям’я ўрэшце пераехала з Малдовы ў Чарнагорыю. Праз Румынію Дзмітрый ехаў, каб пабачыць сям’ю.

Шаўроны беларускага добраахвотніка атраду імя «Ліцвіна» на форме Дзімы. Адэса, Украіна. 16 траўня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Дзяніс Дудзінскі, Зміцер Міраш, Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату