Францыя, Нямеччына, Італія і Румынія выступаюць за наданне Украіне статусу кандыдата ў ЕЗ


Лідары Францыі, Нямеччыны, Італіі і Румыніі 16 чэрвеня сустрэліся ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пасля супольнага паседжання прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што ўсё прысутныя на сустрэчы еўрапейскія лідары жадаюць бачыць Украіну ў статусе кандыдату ў Еўразвяз, паведамляе французскі тэлеканал «BFM TV».

Сустрэча Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам, прэм’ер-міністрам Італіі Мар’ё Драгі і прэзідэнтам Румыніі Клаўсам Ёганісам. Кіеў, Украіна. 16 чэрвеня 2022 года.
Фота: Володимир Зеленський/Facebook

«Мы ўсе чацвёра падтрымліваем неадкладны статус кандыдата ў сябры ЕЗ», – сказаў Макрон.

Палітык заявіў, што гэты статус будзе суправаджацца дарожнаю мапай, а таксама будзе ўлічваць сітуацыю на Балканах і ў суседніх краінах, у прыватнасці ў Малдове. Таксама Макрон спадзяецца, што гэтае рашэнне будзе аднагалосна прынятае ў Еўрапейскай радзе.

Французскі прэзідэнт пацвердзіў, што краіна падтрымае Украіну вайскова, гуманітарна і фінансава.

«Да вяртання міру ў свабодную і незалежную Украіну, пакуль спатрэбіцца, мы працягнем мабілізаваць свае намаганні. Гуманітарнае, эканамічнае і вайсковае падтрыманне, каб дазволіць украінскім салдатам змяніць сітуацыю на месцах ва ўмовах нападаў расейскай арміі», – напісана у Twitter Макрона.

«На Еўрарадзе я буду выступаць за адзіную пазіцыю ў гэтым пытанні, за пазітыўнае рашэнне адносна статусу», – пацвердзіў агульную пазіцыю чатырох краінаў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

«Сёння найважнейшы пасыл нашага візіту ў тым, што Італія хоча, каб Украіна была ў Еўрапейскім Звязе», – сказаў прэм’ер-міністр Італіі Марʼё Драгі. І дадаў, што на шляху ў ЕЗ ад Украіны спатрэбяцца сурʼёзныя рэформы і прыхільнасць еўрапейскім каштоўнасцям – свабодзе і незалежнасці. Ступіўшы на гэты шлях, нельга ні тармазіць, ні адыходзіць.

Пасля сустрэчы Зяленскі распавёў, пра што гаварыў з лідарамі Францыі, Нямеччыны, Італіі ды Румыніі. Паводле прэзідэнта, лідары дзяржаваў, «цалкам разумеючы адзін аднаго», гаварылі аб прадаўжэнні санкцыяў і ўзмацненні абароны Украіны.

Таксама сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся, – харчовая бяспека і эканамічнае падтрыманне Украіны.

«Гаварылі пра скаардынаванасць нашых падыходаў да эканамічнай падтрымкі Украіны і ў пасляваенным аднаўленні. Прааналізавалі нашыя агульныя магчымасці для супрацьдзеяння харчоваму крызісу, які справакавала Расея», – дадаў Зяленскі.

Візіт еўрапейскіх лідараў у Кіеў адбыўся напярэдадні паседжання Еўракамісіі ў Бруселі на наступным тыдні, дзе мусяць вызначыць статус Украіны для ўваходу ў ЕЗ, а таксама саміту NATO, які пройдзе 29–30 чэрвеня ў Мадрыдзе.

Фота
Зяленскі прыняў Макрона, Шольца, Драгі і Ёганіса
2022.06.16 17:29

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў