Коўзанка і шубасховішча ў палацы. У Расеі выдалі расследаванні пра кіраўніка «Газпрому»


Выданне «Проект» і каманда расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага выдалі антыкарупцыйныя расследаванні пра кіраўніка расейскага «Газпрому» Аляксея Мілера – заяўляюць, што знайшлі ў яго маёмасць на 750 млн долараў.

Расследаванне каманды Аляксея Навальнага пра кіраўніка «Газпрому» Аляксея Мілера 16 чэрвеня апублікавалі на Youtube у форме фільму на паўтары гадзіны і ў тэкставым пераказе. Кіраўніца аддзелу расследаванняў «Фонду барацьбы з карупцыяй» Навальнага Марыя Пеўчых заявіла, што гэта «найбуйнейшае расследаванне з часоў Палаца Пуціна».

Сваё расследаванне ў той жа час апублікавала выданне «Праект» – у форме тэксту і паўгадзіннага відэа. Частку расследавання рабілі супольна «Проект» і ФБК.

Што знайшлі ў Мілера:

  • Як заяўляюць расследавальнікі, менавіта праз Мілера Уладзімір Пуцін браў хабар, калі працаваў у мэрыі Санкт-Пецярбургу. Пасля гэтага Пуцін «па дружбе» прыстроіў Мілера спачатку ва ўрад, пасля ў «Газпром». Мілера і набліжаных да яго называюць адказнымі за маштабныя карупцыйныя схемы ўзбагачэння за кошт «Газпрому», а саму карпарацыю называюць «бяздонным гаманцом Пуціна».
  • Праз «Газпром» пад кіраўніцтвам Мілера, заяўляюць у расследаваннях, важныя актывы газавай манаполіі – «Сибур», «Стройтрансгаз» і «Согаз» – перайшлі ва ўласнасць набліжаных да Пуціна людзей.
  • У Мілера, як сцвярджаецца, знайшлі маёмасці на 43 млрд расейскіх рублёў – тры чвэрці мільярда долараў.
  • Сярод маёмасці, якую расследавальнікі прыпісваюць Мілеру, шыкоўны палац на 8500 м² на ўчастку ў 62 тысячы м² у пасёлку Грынфільд на захадзе Масквы. У палацы – боўлінг, кінатэатр, зала для гольфу, падземная коўзанка і лядоўня для шубаў.
  • Таксама Мілеру прыпісваюць кватэру ў Санкт-Пецярбурзе на 1500 м² за паўтара мільярда расейскіх рублёў (каля 26,5 млн долараў) і кватэру ў Маскве на 700 м² за 1,2 млрд расейскіх рублёў (21 млн долараў). Акрамя таго, Мілеру прыпісваюць іншыя вілы на поўдні Расеі, рэзідэнцыю на Алтаі і лецішчы пад Піцерам.

  • Каханкай Мілера называюць Марыю Ентальцаву, якая з піцерскай мэрыі трапіла на пасаду кіраўніцы пратаколу старшыні расейскага ўраду – у яе з Мілерам знайшлі двух дзяцей. Іхны аўтапарк каштуе звыш 200 млн расейскіх рублёў (3,5 млн долараў), сцвярджаюць у расследаванні, а кватэру ацэньваюць у 786 млн расейскіх рублёў (13,5 млн долараў).
  • Частку актываў Мілера трымае, як сцвярджаюць расследавальнікі, былы топ-менеджар «Роснефти» Сяргей Трэгуб. З ім звязваюць нерухомасць на яшчэ мільярд долараў і частку маёмасці кампаніі ЮКОС.

Мілер, «Газпром» і іншыя згаданыя ў расследаваннях пакуль не адрэагавалі на публікацыі.

Hавiны
Расейскаму апазіцыянеру Навальнаму выставілі яшчэ адно абвінавачванне – пагражае да 15 гадоў няволі
2022.05.31 19:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў