Кацярына Ваданосава: «Калі мне сказалі, што гэта рак, не было часу раскісаць»


Музыка, культурная дзяячка і вядоўца белсатаўскай праграмы «Хай Так» Кацярына Ваданосава змагаецца з наступствамі выдалення ракавай пухліны. Жахлівы дыягназ ёй паставілі ў Польшчы – трэцяй краіне, у якой Кацярыне выпала жыць пасля ўцёкаў з радзімы. Мы пагутарылі з ёю пра перадгісторыю, сам дыягназ і планы на будучыню.

Кацярына Ваданосава – паэтка, музыка і выканаўца сваіх песень, выкладчыца беларускай літаратуры і гісторыі Беларусі. Таксама Кацярына шые беларускія народныя строі.
Фота: асабісты архіў Кацярыны

Падазрэнні на тое, што са здароўем адбываецца нешта кепскае, з’явіліся ў Кацярыны Ваданосавай яшчэ ў Беларусі, але тады, у 2020 годзе, ёй было не да лекараў.

«Як я магла хадзіць да дактароў, калі ўся краіна залівалася крывёй і слязьмі? Таму ад першых трывожных званочкаў да майго наведвання лекара мінула некалькі месяцаў. Першыя спробы арганізму паведаміць мне, што штосьці не тое, былі ў верасні 2020-га, а да лекара я трапіла толькі ў сакавіку 2021-га», – узгадвае яна.

«Здала агромністую панэль аналізаў, нават не ведаю навошта»

Яна прызнаецца, што намаганні трапіць да мамолага праз беларускую сістэму аховы здароўя былі марныя: каб спецыяліст праверыў грудзі, якія турбавалі Кацярыну, яе перад тым адправілі да гінеколага і іншых лекараў, а таксама загадалі здаць вялікую колькасць аналізаў. Час ішоў, а самой праблемай адмысловы лекар так і не заняўся.

«Я здала агромністую панэль аналізаў, нават не ведаю навошта. Зацягвалася ўсё не на дні, а на тыдні. З грудзей як цякло, так і цячэ. Нарэшце мамолаг паглядзеў, накіраваў на УГД, а там лекарка не адказвала ні на адно пытанне, у поўным маўчанні рабіла працэдуру, а на ўсе роспыты казала:

«Я не ваш лекар, я раблю сваю справу, а вы з вынікамі ідзіце да свайго». Калі я запытала, ці буду я жыць, яна адказала: “Ясны пень”. І з гэтым “ясным пнём” я з’ехала з Беларусі», – расказвае Кацярына.

Спачатку яна з сям’ёй пераехала ў Літву, а потым – ва Украіну, дзе пражыла некалькі месяцаў да вайны. Звярнуцца да лекара там жадання не ўзнікала з даволі простай прычыны – было абсалютна незразумела, як сістэма працуе там і колькі гэта можа каштаваць:

«Шчыра кажучы, пакуль табе нічога не баліць, то і не пойдзеш па дапамогу. Мы ж загартаваныя беларускай сістэмай аховы здароўя і ведаем, што калі не адчуваеш вострай жыццёвай неабходнасці, лепей туды ўвогуле не лезці, бо такога нагавораць, што лепей і не слухаць. Ва Украіне ў мяне была страхоўка, але ж трэба было разбірацца, як ёю карыстацца, куды звяртацца і што рабіць. Зусім было не да таго. Калі сын захварэў, лекар узяў такія шалёныя грошы за візіт… І я падумала, што ў мяне ўсё нармальна і неяк пражыву».

У кіеўскім арт-пабе «Торвальд» адкрыліся курсы «Мова нанова». У занятках беларускай мовы ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. На здымку – спявачка і вядоўца «Белсату» Кацярына Ваданосава. Кіеў, Украіна. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Таму ўжо ў Польшчы, куды Кацярына з сям’ёй перабралася пасля пачатку вайны ва Украіне, і толькі калі «певень ужо дзеўбануў», яна пайшла да дактароў.

«Увесь час было не да таго, а потым я намацала ў грудзях вялікі гузак. То бок калі нешта ўзнікае ў целе, яно мае быць маленькае і расці, а тут была адразу шышка, якая балела. Тады ўжо я вельмі хуценька… не, хлушу, не вельмі хуценька, можа, праз пару тыдняў, звярнулася да медыкаў у Цэнтры ўцекачоў», – прызнаецца нашая суразмоўца.

Калі сказалі: «У вас рак»

Кацярына прадбачыла, што дыягназ ейнай пухліны будзе няпросты:

«Мне ўжо было зразумела. Калі з табой усе размаўляюць, быццам ты як мінімум герцагіня ці прынцэса ды яшчэ і носяцца як з пісанай торбай, то ты разумееш: альбо гэта краіна анёлаў і з усімі так абыходзяцца (а гэтае стаўленне і такі клопат зусім незразумелыя для беларускай хворай жанчыны), альбо з табой нешта зусім не так. Таму ўнутрана я была гатовая».

Доктарку, што займаецца праблемай Кацярыны, нашая суразмоўца апісвае як адначасова тактоўную, аптымістычную і энергічную:

«Яна сказала нешта па-навуковаму і пра злаякаснае новаўтварэнне. Я запытала, ці тое рак, яна сказала “так, гэта рак”, але часу раскіснуць мне не дала. Яна адразу заявіла, што метастазаў няма, збяруць кансіліум і нешта яшчэ. Потым пайшла некуды з дакументамі, дала мне хвілінку пабыць з самой сабой, «патупіць». А потым яна прыйшла з іншай доктаркай, і тая мяне павяла запаўняць дакументы, анкеты, дала адмысловую літаратуру. Ніколі не думала, што ў мяне будзе такі дапаможнік польскай мовы – кніга пра рак», – смяецца Кацярына.

Крыніца: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

Калі яна выйшла з анкалагічнага цэнтру, то зрабіла сэлфі, патэлефанавала дадому і ўсё, пачала з гэтым жыць далей.

«Не было такога, каб быў час на гэта ўсё», – прызнаецца яна.

Што будзе далей

Пасля таго як дыягназ стаў вядомы, Кацярына напісала пост у Facebook пра тое, колькі ўсяго яна яшчэ не паспела зрабіць.

Гэта можна лічыць яе планам «Б», кажа яна:

«Рак робіць цябе больш падрыхтаваным да ўласнай смерці, чым тое якім ты быў раней. І адразу робіцца зразумелым самае істотнае для цябе.

Я напісала пра тыя рэчы, якія істотныя для мяне, і калі я іх не зраблю, іх не зробіць ніхто, таму што яны ў маёй галаве. Ніхто не ведае, што будзе далей. Гэта такая непрадказальная хвароба. Можа быць усё ОК ці наадварот. Таму рыхтавацца трэба да ўсяго. Але гэта не значыць, што я сяджу тут і “memento mori”. Цяпер трэба перацярпець, перажыць лета, а там будзе лягчэй».

Кацярына адзначыла, што збольшага цяпер яе прагнозы аптымістычныя, але нават лекары не плануюць далей, чым на тыдзень-паўтара.

«Адпусцілі дадому. У панядзелак – на перавязку, агляд і заняткі па рэабілітацыі і распрацоўцы рукі», – напісала Кацярына 11 чэрвеня на сваёй старонцы. Крыніца: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

«Мяне любяць пытацца, які далей план? А калі будзе хімія? А калі – радыетэрапія? Але гэта немагчыма прадказаць. Я сяджу ўся ў швах, у мяне трубка з цела тырчыць, і не ведаю нават, калі з мяне вымуць гэтую трубку, і калі з мяне перастане цячы брыдкая жыжа. Гарманальнае лячэнне пачнуць, калі я рэабілітуюся, рука запрацуе лепей, калі функцыі выдаленага лімфавузла возьмуць на сябе іншыя вузлы. Нельга сказаць, калі гэта адбудзецца. І мяне гэта задавальняе», – адзначае Кацярына.

Яна прызнаецца, што не аматарка капацца ў медычных сайтах ці літаратуры, нават не сочыць за людзьмі, якія перажылі нешта падобнае:

«Я не хачу заглыбляцца ўва ўсё гэта. У мяне іншых справаў да халеры, больш прыемных. Я не хачу зацыклівацца на сваёй хваробе».

Кацярына апавяла, што пакрысе пачынае вышываць, трохі піша, бавіць час з дзецьмі, займаецца гімнастыкай, распрацоўвае руку, шмат гуляе і з усмешкай расказвае пра рэакцыю людзей на дрэнажную трубку са свайго цела і слоік з вадкасцю, якая выцякае.

«Выходжу на вуліцу і палохаю людзей сваёй бутэлькай і трубкай. Хаця я намагаюся яе хаваць, але трубка ўсё адно тырчыць з-пад адзення. Мне ў лякарні такія мілыя медыкі падарылі падушачку і торбачку для гэтай бутэлькі. Калі заходзіш у краму, усе такія “фу, што гэта такое”», – смяецца Кацярына.

Акцыя ў абарону правоў беларускіх дзяцей, сем’і якіх зрабіліся ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, прайшла ў Кіеве каля амбасады Беларусі. 7 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Шмат часу займае лячэнне. І нават не столькі самі працэдуры, колькі перасоўванне. Але трэмар амаль прайшоў, што Кацярыну вельмі цешыць. Хоць яна і не прызнаецца ў сваіх планах, але ў адказ на пытанне, ці пойдзе на Купалле, яна адразу пачала думаць, як можна выпрастаць дрэнажную трубку з-пад беларускага народнага строю, каб далучыцца да святкавання.

Марыя Мурашка belsat.eu

 

Стужка навінаў