Забілі мужа і патрабуюць грошай ад удавы. Жонцы Тарайкоўскага налічылі падатак з дапамогі ад беларусаў


Забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Крыніца: скрыншот з відэа

Падатковая інспекцыя Маскоўскага раёну Менску выставіла рахунак удаве забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага за грошы, якія ёй пералічылі неабыякавыя беларусы. Пра гэта паведамляе «Салідарнасць».

Падатковая палічыла дабрачынную і бязвыплатную дапамогу грамадзянаў сям’і забітага 10 жніўня 2020 года пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага асабістым прыбыткам ягонай жонкі і выставіла ёй для выплаты Br 11 001,63 (каля $ 4400) падаходнага падатку. Гэтую суму грамадзянская жонка забітага Алена Герман мусіла заплаціць да 1 чэрвеня, пасля чаго штодня налічваецца пеня.

Удава лічыць несправядлівым плаціць падатак з дапамогі, якую аказалі неабыякавыя людзі. Яна падрыхтавала зварот у Менскі гарвыканкам і Менскі гарадскі Савет дэпутатаў з просьбаю вызваліць яе ад выплаты падаходнага падатку, бо гэта пагоршыць матэрыяльны стан ейнай сямʼі, у якой гадуецца чатырохгадовая дачка забітага.

Пры гэтым сям’я з прычыны адмовы ў крымінальнай справе супраць забойцы Тарайкоўскага не можа выставіць грамадзянскага пазову аб кампенсацыі шкоды ў сувязі са стратаю карміцеля.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Аляксандр Тарайкоўскі быў застрэлены 10 жніўня 2020 каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску невядомым байцом у вайсковай форме, калі падыходзіў да групы сілавікоў з паднятымі рукамі.

Хоць старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч прызнаў, што Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты сілавікамі, крымінальную справу заводзіць адмовіліся «праз адсутнасць складу злачынства і грамадска небяспечнага дзеяння». Сваякам Тарайкоўскага ў лютым адмовілі ў праве азнаёміцца з матэрыяламі праверкі ягонай гібелі. Бацька забітага Валер распавёў «Белсату», што з таго часу ніякіх навінаў не было: «Следчы камітэт маўчыць, усяляк спрабуе закрыць справу».

Спачатку прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў заяўляла, што Тарайкоўскі загінуў ад выбуху прылады, якую сам спрабаваў кінуць у сілавікоў, аднак пасля публікацыі шэрагу відэазапісаў з месца падзеяў, дзе выразна відаць стрэл байца ў чалавека з паднятымі рукамі, афіцыйная версія змянілася. Згодна з цяперашняй версіяй уладаў, Тарайкоўскі «сваімі дзеяннямі правакаваў праваахоўнікаў: яны не ведалі сапраўдных матываў і мэтаў ягоных дзеянняў», а працаўнікі праваахоўных органаў у гэткіх умовах маюць права выкарыстоўваць несмяротную зброю для перадухілення больш цяжкіх наступстваў (хоць вядома, што гумовая куля можа забіць пры стрэле з блізкай адлегласці).

На месцы забойства ў жніўні ўтварыўся стыхійны мемарыял, які шматкроць разбуралі камунальнікі. За надпіс «Не забудзем» на асфальце каля месца забойства за краты адправілі чатырох чалавек, яшчэ адну жанчыну – на «хатнюю хімію». Людзей затрымліваюць нават за ўскладанне кветак каля «Пушкінскай».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў