У «ДНР» таксама плануюць адкрыць крымінальную справу супраць Пратасевіча

Раман Пратасевіч падчас брыфінгу. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2021 года. Скрыншот з відэа: belpresscenter / Youtube

Генеральная пракуратура самаабвешчанай «ДНР» праверыць дачыненне беларускага журналіста Рамана Пратасевіча да злачынстваў супраць жыхароў Данбасу. Пра гэта 16 чэрвеня заявіў кіраўнік тэрыторыі Дзяніс Пушылін.

«Нашай пракуратурай праводзіцца праверка пэўных звестак. Ён [Пратасевіч – Рэд. belsat.eu] быў у «Азове» ў раёне Шырокіна на марыупальскім кірунку. Якія былі злачынствы, ці ёсць гэтаму доказы. Пасля чаго будзе прынятае рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы», – адзначыў Пушылін, паведамляе ДАН.

Афіцыйны Менск пачаў кантакты са «следчымі ЛНР»

Кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Леанід Пасечнік заявіў 9 чэрвеня, што «следчыя» групоўкі ўжо пачалі кантактаваць з Менскам у справе Рамана Пратасевіча. Падрабязнасцяў гэтых кантактаў пакуль не раскрываюць. У «ЛНР» раней заяўлялі, што журналіст «забяспечваў транзіт грамадзянаў, якія хацелі ваяваць на Данбасе». Якім чынам ён гэта нібыта рабіў, не ўдакладняюць.

А што кажуць у Менску?

Але кіраўнік Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара, адказваючы на пытанне аб следчых з «ЛНР», заявіў 14 чэрвеня, што «ніякіх запытаў з-за мяжы аб правядзенні следчых дзеянняў з Раманам Пратасевічам не паступала».

Між тым Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы ў Сочы з Уладзімірам Пуціным запрасіў прадстаўнікоў «ЛНР» «паставіць пытанні» Раману Пратасевічу. Гэта, а таксама пажаданне Лукашэнкі запусціць авіярэйсы ў акупаваны Расеяй украінскі Крым, выклікала абурэнне ва Украіне: Міністэрства замежных справаў прыгразіла Беларусі санкцыямі, а асабіста Лукашэнку – тым, што «будзе балюча», калі да Пратасевіча дапусцяць прадстаўнікоў «ЛНР», якую ва Украіне лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

Адзначым, што Пратасевіч у 2014 годзе сапраўды быў на Данбасе: ён і ягоныя сваякі сцвярджалі, што Раман працаваў там як журналіст. Пасля таго ён шмат гадоў працаваў у Беларусі. Беларуская прапаганда і следам за ёй «ЛНР» толькі ў 2021 годзе «выявілі», што Пратасевіч нібыта ўступіў у шэрагі ўкраінскага падраздзялення «Азоў» (заснавальнік «Азова» казаў, што Пратасевіч не ваяваў, а працаваў журналістам).

Што такое годнасць у палоне, і ці важнейшая яна за захаванне жыцця? Тлумачаць былыя палонныя «ЛНР»

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны