«ЛНР» падзякавала афіцыйнаму Менску за допыт Рамана Пратасевіча


Сяргей Гарэнка, кіраўнік так званай «генеральнай пракуратуры» самаабвешчанай «ЛНР» у відэазвароце выказаў падзяку афіцыйнаму Менску за магчымасць дапытаць арыштаванага журналіста Рамана Пратасевіча. Адметна, што кіраўнік Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара, адказваючы на пытанне аб следчых з «ЛНР», заявіў 14 чэрвеня, што «ніякіх запытаў з-за мяжы аб правядзенні следчых дзеянняў з Раманам Пратасевічам не паступала».

На сайце так званай «генеральнай пракуратуры ЛНР» апублікавалі зварот кіраўніка Сяргея Гарэнкі з падзякай уладам Беларусі за магчымасць дапытаць арыштаванага беларускага блогера і журналіста Рамана Пратасевіча.

«Ад імя генеральнай пракуратуры Луганскай Народнай Рэспублікі і ад сябе асабіста выказваю шчырую падзяку кіраўніку Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, а таксама праваахоўным органам дзяржавы, у прыватнасці, Камітэту Дзяржаўнай Бяспекі, за прадстаўленую следчым Генеральнай пракуратуры Луганскай Народнай Рэспублікі магчымасць правесці неабходныя следчыя дзеянні з былым галоўным рэдактарам беларускага апазіцыйнага телеграм-канала «Nexta» Раманам Пратасевічам», – гаворыцца ў відэазвароце.

З відэа вынікае, што прадстаўнікі «генпракуратуры» дапыталі Рамана Пратасевіча і той нібыта нават прызнаўся ў «злачынствах». Гарэнка ахарактарызаваў сітуацыю як «першы досвед сумеснай працы» і спадзяецца на «шматгадовую плённую супрацу».

Менск кажа, што з-за мяжы зваротаў не было

Але кіраўнік Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара, адказваючы на пытанне аб следчых з «ЛНР», заявіў 14 чэрвеня, што «ніякіх запытаў з-за мяжы аб правядзенні следчых дзеянняў з Раманам Пратасевічам не паступала».

Раман Пратасевіч на брыфінгу Міністэрства замежных справаў. Скрыншот відэа: belpresscenter / Youtube

Між тым Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы ў Сочы з Уладзімірам Пуціным запрасіў прадстаўнікоў «ЛНР» «паставіць пытанні» Раману Пратасевічу. Гэта, а таксама пажаданне Лукашэнкі запусціць авіярэйсы ў акупаваны Расеяй украінскі Крым, выклікала абурэнне ва Украіне: Міністэрства замежных справаў прыгразіла Беларусі санкцыямі, а асабіста Лукашэнку – тым, што «будзе балюча», калі да Пратасевіча дапусцяць прадстаўнікоў «ЛНР», якую ва Украіне лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

Раман Пратасевіч у 2014 годзе сапраўды быў на Данбасе: ён і ягоныя сваякі сцвярджалі, што Раман працаваў там як журналіст. Пасля таго ён шмат гадоў працаваў у Беларусі. Беларуская прапаганда і следам за ёй «ЛНР» толькі ў 2021 годзе «выявілі», што Пратасевіч нібыта ўступіў у шэрагі ўкраінскага падраздзялення «Азоў» (заснавальнік «Азова» казаў, што Пратасевіч не ваяваў, а працаваў журналістам).

Hавiны
У «ДНР» таксама плануюць адкрыць крымінальную справу супраць Пратасевіча
2021.06.16 16:50

СК belsat.eu

Стужка навінаў