Еўразвяз ухваліў увядзенне новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі


Фота: pixabay.com

Пастаянныя прадстаўнікі краінаў Еўрапейскага Звязу ўзгаднілі абмежавальныя захады ў дачыненні Беларусі ў сувязі з пасадкаю самалёта «Ryanair» і палітычным крызісам у краіне.

«Амбасадары ЕЗ толькі што ўхвалілі забароны на выдачу візаў і замарожванне актываў 78 чалавек і 7 арганізацыяў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі і прымусовае спыненне рэйсу «Ryanair» 23 траўня», – паведаміў у Twitter брусельскі журналіст RFE/RL Рыкард Юзьвяк.

Нагадаем, што ў выніку сустрэчы лідараў ЗША і Еўразвязу быў прыняты супольны дакумент, дзе сярод іншага закранаецца сітуацыя ў Беларусі.

Яны «поўныя рашучасці заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказу за эскалацыю нападаў на правы чалавека і асноўныя свабоды і за стварэнне пагрозы бяспецы палётаў праз беспрэцэдэнтныя і непрымальныя прымусовыя змены кірунку руху пасажырскага самалёта ЕЗ на ілжывых падставах і наступны арышт журналіста ў межах бесперапыннай атакі на апазіцыю і свабоду медыяў».

МГ belsat.eu

 

Стужка навінаў