Да Арцёма Анішчука, які на знак пратэсту праглынуў металічны прадмет, зноў не пускаюць адваката


Арцёму Анішчуку, фігуранту справы аб пашкоджанні аўтамабіля працаўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў, у магілёўскай калоніі не даюць сустрэцца з адвакатам. Пра гэта паведаміла belsat.eu жонка вязня.

Як адбываюць пакаранне фігуранты справы аб пашкоджанні машыны працаўніка ДВП. Арцём Анішчук. Фота прадастаўленае belsat.eu Вольгай Анішчук

«15 чэрвеня адваката зноў не прапусцілі, хаця ў яго быў дазвол ад следчага, – кажа Вольга Анішчук. – Супрацоўнікі калоніі патлумачылі гэты тым, што мой муж нібыта не пісаў заявы на сустрэчу з адвакатам. Але Арцём не мог не напісаць заяву, бо ён ведаў, што адвакат мусіў прыехаць. Я раблю з гэтага выснову, што яму наўмысна перашкаджаюць – проста не даюць асадку і паперу».

У сувязі з гэтым адвакат напісаў скаргу ў пракуратуру на тое, што яго не дапускаюць да Арцёма Анішчука, бо гэта ёсць парушэннем канстытуцыйных правоў вязня на абарону.

На мінулым тыдні Арцём Анішчук паведаміў адвакату, што з моманту ягонага прыбыцця ў калонію ў красавіку супраць яго пастаянна ўжываліся катаванні. Акрамя таго, на яго завялі новую крымінальную справу – паводле арт. 411 («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). На знак пратэсту супраць катаванняў Арцём Анішчук здзейсніў акт членашкодніцтва: праглынуў металічны прадмет.

15 чэрвеня Вольга таксама хацела даведацца пра мужава здароўе, але інфармацыю жанчыне так і не далі.

«Я чакала на вуліцы на спякоце паўтары гадзіны, у мяне паднялася тэмпература. Я нічога не магла дамагчыся. Мне сказалі, што трэба спачатку пісаць пісьмовую заяву, каб мне далі інфармацыю аб стане здароўя. Але навошта пісаць, калі я ўжо тут?

Пасля таго, як вырашыла напісаць скаргу, да мяне ўсё ж выйшаў намеснік начальніка калоніі і выклікаў лекарку. Я прасіла распавесці, што канкрэтна праглынуў мой муж і якая дапамога яму аказвалася, лекарка адмовілася, спаслаўшыся на тое, што гэта нібыта медычная таямніца», – кажа яна.

Hавiны
«Пастаянна ўжываліся катаванні». Як адбываюць пакаранне фігуранты справы пра пашкоджанне аўта працаўніка ДВП
2021.06.10 10:10

У лютым 2021 года 32-гадовага работніка метрапалітэну Арцёма Анішчука прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Зацятае хуліганства») і пакаралі 2 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Арцёма і яшчэ чатырох мужчынаў (Ягор Яўстратаў, Павел Сахарчук, Андрэй Нячыпар, Антон Быкоўскі) затрымалі ў верасні 2020 года ў той момант, калі яны псавалі аўтамабіль, якім карыстаўся міліцыянт (пракалолі апоны, залілі мантажнаю пенаю дзвярныя праёмы, залілі фарбаю кузаў). Затрыманых жорстка збівалі і труцілі газам, хоць ніхто з іх не аказваў супраціву.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

Як высветлілася на судзе, абвінавачаныя былі ўдзельнікамі тэлеграм-чату, дзе абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў краіне і метады супраціву незаконным дзеянням сілавікоў. На знак пратэсту супраць гвалту і катаванняў над мірнымі пратэстоўцамі менчукі пастанавілі пашкодзіць машыну міліцыянта. У абмеркаванні і ў самой акцыі бралі ўдзел агулам 9 асобаў, але на лаве падсудных апынуліся пяцёра, астатнія фігуруюць як «неўстаноўленыя асобы». Абвінавачаныя мяркуюць, што гэта былі сілавікі, якія ў іхнай кампаніі фактычна выконвалі ролю правакатараў і падбухторвалі да больш рашучых дзеянняў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў